Общество
Глеб Лабадзенка, labadzenka.by, спецыяльна для «Салідарнасці»

«Я рады, што магу здымаць, як беларусы рухаюцца, як працуюць, як проста сядзяць на лаўцы…»

15 студзеня ў Дзяржаўным літаратурным музеі Янкі Купалы ў Мінску адбылося адкрыццё выставы амерыканскага фатографа Джона Кунстадтэра, а таксама прэзентацыя новай кнігі Рыгора Барадуліна «Навошта», якую склаў музыка Алесь Камоцкі. Лучыць амерыканскага фатографа і беларускага паэта тое, што вершасказы Барадуліна ў кнізе аздобленыя здымкамі Кунстадтэра. А здымкі гэтыя Кунстадтэр зрабіў у часе шматлікіх вандровак па Беларусі.

Міла чуць, як бабулі ў палескіх вёсках называюць амерыканца Джона Кунстадтэра “нашым хватографам”. З кожнай са сваіх мадэляў спадар Джон падоўгу гутарыць. Гутарыць па-беларуску, практычна без памылак, з прыемным амерыканскім акцэнтам.

Кунстадтэр – былы дыпламат, у 2000-2001 гадах працаваў намеснікам амбасадара ЗША ў Мінску. У 2005 выйшаў у адстаўку, але з тае пары праводзіць ў Беларусі па два-тры месяцы штогод. Ездзіць па нашых вёсках і мястэчках, фатаграфуе, фатаграфуе.

Што бачыць гэты добразычлівы амерыканец у дзесятках твараў нашых старых, у нашых храмах, у нашых дубах і буслянках? Што здымае сваім дзіўным фотаапаратам, які выраблены недзе ў сярэдзіне мінулага стагоддзя? Фальклор і аўтэнтыку? І я так думаў.

-- Тое, што я здымаю, датычыцца годнасці беларусаў, але адлюстроўвае таксама існасць амерыканцаў, -- тлумачыць Кунстадтэр. – Бо шмат людзей не схацелі на працягу ХІХ стагоддзя жыць пад імперскімі сіламі, і хацелі пачаць зноў – эмігравалі да Амерыкі. І пабудавалі маю Радзіму. І кожны амерыканец, хто падумае хаця б 5 хвілін, згадае, колькі мы павінны гэтым людзям – беларусам, палякам, літоўцам, украінцам, якія былі бедныя, прыехалі ў Амерыку і пабудавалі нашую Радзіму. Я не кажу толькі пра Касцюшку (але я б не быў амерыканцам, калі б Касцюшка не змагаўся)… Я размаўляю пра простага чалавека. Глядзіце на мае здымкі. Там таксама простыя людзі.

-- Пачуўшы, як вы цудоўна гаворыце па-беларуску, я нават не ведаю, як да Вас звяртацца – містэр Джон ці спадар Джон…

-- Як хочаце. Спадар Джон – мне падабаецца.

-- Падабаецца… А як сталася, што вы не проста, як фатограф, захапіліся нашымі краявідамі і людзьмі, але і вывучылі нашую мову?

-- Ведаеце, сэрца просіць… Беларуская мова – еўрапейская мова, нармалёвая мова. Гэта была мова Вялікага Княства. Скарына выпусціў Біблію на беларускай мове яшчэ перад Лютэрам.

Таму вашая мова мае свае карані, і сур’ёзныя. Мяркую, што беларуская мова вартая таго, каб яе вывучыць.

-- А што вам у гэтым дапамагло? Вы ж, пэўна, як дыпламат, шмат моваў ведаеце.

-- Выдатныя настаўніцы…

-- Агулам колькі часу вы ўжо правялі ў Беларусі?

-- Калі працаваў дыпламатам, чатырнаццаць месяцаў. А з 2006 года да сённяшняга дня – па 90 дзён штогод, як дазваляе віза. Што праўда, там лічыцца дзень прыезду і ад’езду, таму рэальна выходзіла 70.

-- Здаецца, нямала, улічваючы, што гэта – Вашае жаданне, а не працоўны абавязак.

-- Я фатаграфую кола года ў Беларусі. І трэба выкарыстаць часу колькі магчыма. Я хачу здымаць касцёльныя і царкоўныя фэсты, народныя фэсты, сезоны, штодзённую працу беларусаў.

Ведаеце, для беларусаў тое, што я здымаю, можа падацца звычайным. Але я знаходжу ў звычайным надзвычайныя рэчы. Код росту кожнай нацыі іншы. Я рады, што магу здымаць, як беларусы рухаюцца, як працуюць, як проста сядзяць на лаўцы – гэта частка найглыбейшай вашай культуры. Глыбокая вашая культура.

-- Вы хочаце сказаць, што расейцы альбо ўкраінцы рухаюцца або сядзяць на лаўцы інакш?

-- Абавязкова! Пытанне, мне здаецца, дзіўнае.

-- Я правакую Вас на тлумачэнне гэтага.

-- Кожная нацыя – непаўторная…

-- І чым Вас прыцягнулі менавіта беларусы?

-- Ведаеце, павуцінка вельмі моцная. Але адразу як дакранаемся да павуцінкі – разбураем яе. І пагэтаму тое, што знаходжу прывабнага ў Беларусі -- калі здымаю гэтыя рэчы – я іх пакідаю на сваім месцы. Не разбураю іх годнасці.

Але размаўляць пра якасці вашай глыбокай культуры здаецца мне няправільна, таму што калі размаўляем пра сціпласць ці пра руплівасць – разбураем гэтыя вельмі-вельмі якасныя рэчы. І далікатныя – як павуцінка. Павуцінка вельмі моцная, але далікатная.

-- Спадар Джон, я калі глядзеў на здымкі – у кнізе “Навошта” і на Вашым сайце – то ў мяне ўзнікла даволі дзіўнае адчуванне: што вы зафіксавалі на іх Беларусь як мінімум ХІХ стагоддзя. Гэтыя бабулі і дзядулі на Вашых здымках – гэта людзі яўна не з сённяшняга дня. У вас не ўзнікла адчуванне, што вы абмінулі Беларусь цяперашнюю?

-- Я здымаю, тое што адначасова існуе сёння і існуе па-за часам. Рытмы, якім сённяшнія беларусы следуюць, існавалі, існуюць і будуць існаваць. ХІХ стагоддзе ўжо прамінула, гэта быў вельмі цікавы час. Аднак я зацікаўлены сённяшнім часам. І сённяшняй беларускасцю, разумееце?

Пагэтаму тое, што я здымаю, існуе напэўна, легітымна, з вялікай вартасцю з пункту гледжання культуры. Гэта жывая культура, жывая. Я здымаю жывыя рэчы, а не фальклор ці экзотыку, ці штосьці ў музеі.

-- Мяне гэта проста наштурхнула на думку, што за прамінулае стагоддзе ў беларускай вёсцы нічога не змянілася…

-- Змяняецца! Людзі не жывуць гэтак жа сама – жывуць з тэлебачаннем, кампутарамі… У маіх здымках вы можаце бачыць, што, напрыклад, на Яблычны Спас дзеці ходзяць у сучасных строях, а не ў традыцыйных. Але сама традыцыя жыве. І мой фокус – гэта жывая беларуская культура, дынамічная.

-- З’явіўся тэлевізар і інтэрнэт, а Яблычны Спас застаўся…

-- Бо ёсць кронас і ёсць кайрас, ёсць цячэнне часу, і ёсць існасць, варункі, імгненне часу. Я стараюся здымаць, наколькі магчыма, тое, што па-за часам. Штосьці глыбейшае, чым проста фальклорныя ансамблі.

-- …Мне цікава, як глядзіце на свае працы Вы самі.

-- Няважна. Важна – як людзі, беларусы ці амерыканцы ці заходнееўрапейцы глядзяць на Беларусь у маіх здымках. Мае здымкі – пункт гледжання аднаго чалавека.

Я не люблю размаўляць пра свае здымкі. Нешта вам падабаецца, нешта -- не. Можа, вы думаеце, што я здымаю штосьці з мінулых часоў.

-- Таму што мяне гэта ўразіла. Бо калі я прыязджаю ў вёску, я не бачу дарэшты тое, што бачыце Вы. І гэта для мяне цікава!

-- Ведаеце, павага вельмі важная. Адлюстроўваць годнасць людзей – гэта мая мэта. Я не фотакарэспандэнт. Імкнуся быць мастаком. Імкнуся. Не магу казаць, што я мастак. Але бачу годнасць. І знаходжу глыбокую годнасць нармалёвых людзей, -- соль зямлі – у вашых вёсках.

Знаходжу годнасць таксама ў гарадах, але спыніць чалавека, які спяшаецца ў горадзе па справах, цяжэй. Не хачу разбураць ягоны рытм, не хачу перашкаджаць. Таму здымаю на вёсках.

Але тое, што я здымаю, не мае нічога агульнага з вёскай, -- толькі з годнасцю. Годнасць знаходзіцца паўсюль – калі шукаеце.

-- Гм… Тое, што вы гаворыце пра годнасць, не кладзецца ў канцэпцыю, якую ўбівалі беларусам увесь савецкі час: беларус – дурны мужык з каўтуном у валасах, які сядзіць на парозе сваёй гнілой хаты і енчыць аб цяжкім жыцці. А вы гаворыце пра іншых беларусаў…

-- Мяне цікавіць існасць беларускай культуры, існасць знаходзіцца ў годнасці, а не ў клішэ…

-- Як так сталася, што вашыя здымкі аздобілі новую кнігу Народнага паэта Беларусі Рыгора Барадуліна “Навошта”?

-- Мяркую, што лепш пра гэта спытацца ў спадара Рыгора. Я меў бясцэнную магчымасць пазнаёміцца са спадаром Рыгорам і спадаром Алесем Камоцкім 9 гадоў таму. І паважаю іх, бо яны майстры – майстры мовы, майстры творчасці. І майстры беларускасці, яны маюць глыбокую павагу да сваёй Радзімы. Гэтыя здымкі я рабіў, бо атрымліваю натхненне ад простага беларускага чалавека, простай бабулечкі вашай, простага дзіцёнка. І я ўзрушаны гэтай годнасцю і ўдзячны.

P.S. Сайт Джона Кунстадтэра, дзе выкладзеныя зробленыя ў Беларусі фотаздымкі -- radzimaphoto.com

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)