Комментарии
Сямён Печанко, «Наша Ніва»

«Я быў сведкам дзікунскага збіцця»

Журналіста «Gazeta Wyborcza» вызвалілі пасля хадайніцтва польскага Міністэрства замежных справаў. Анджэй Пачобут расказаў карэспандэнту «Нашай Нівы», як яго затрымлівалі і судзілі.

19 снежня ён рабіў рэпартаж з акцыі пратэсту на вуліцах Мінска. Журналіста спрабавалі затрымаць, але ён паказваў пасведчанне і яго адпускалі.

Прыблізна ў 22 гадзіны на плошчы Незалежнасці ён падышоў да маладога чалавека, які ляжаў акрываўлены ў атачэнні міліцыянтаў. Ён пачаў па-польску паведамляць у рэдакцыю «GW» і ў гэты момант яму закруцілі рукі і адвялі ў аўтобус. Там, па яго словах, было шмат выпадковых затрыманых. Іх доўгі час вазілі па райаддзелах, але нідзе ні было вольных месцаў. Ноччу іх адвезлі на Акрэсціна, але і там было поўна затрыманых.

На ноч яго і яго суседзяў па аўтобусе зачынілі ў аўтазаку. У ім было вельмі халодна. Паводле назіранняў Андрэя, у падобных умовах начавала досыць шмат затрыманых.

Раніцай іх адвезлі на Сямашкі ў Дом правасуддзя. Судзіць мусілі ў судзе Кастрычніцкага раёну. Да пачатку працэсаў людзей трымалі ў падвале ў маленькіх катухах-адстойніках плошчай у 6 кв.м. Андрэя мусілі судзіць першым, яго прывялі да суддзі (Лабкоў). Але той загадаў міліцыянту адвесці журналіста назад, сказаўшы, што ягоную справу разгледзіць апошняй.

Затрыманых судзілі па канвееры – зачытвалі рапарт, выслухвалі паказанні міліцыянтаў і выносілі прысуд. Амаль усім – суткі.

Суддзя адмовіў Андрэю ў задавальненні двух хадайніцтваў – запрасіць адваката і дапытаць сведак затрымання, а таксама міліцыянтаў, якія яго схапілі. Судздзя зачытаў рапарт і абвесціў перапынак. Чакаць вердыкту журналісту давялося чатыры гадзіны. Гэты час ён бавіў у кампаніі канваіраў на калідоры.

Потым з’явіўся суддзя Лабкоў. «Ён быў увесь чырвоны, твар пайшоў плямамі. Потым прыйшоў начальнік Кастрычніцкага РУУС і заявіў: улічваючы род вашых заняткаў, улады вырашылі правесці дадатковую праверку па вашай спрвае. Вы свабодныя».

Андрэя выпіхалі на вуліцу, не даўшы прывесці сябе ў належны выгляд – так і выйшаў з матузамі ад абутку і рамянём у руках. «Мне сказалі, што мяне выклічуць па справе па месцы жыхарства», – патлумачыў Андрэй. На вуліцы ён пабачыў сваіх калегаў па арышце.

«Сумна. Мяне вызвалілі, а дзяўчына 21-гадовая, Галя. Якая там апынулася зусім выпадкова. Атрымала 10 сутак. Яна нават на выбары не хадзіла. Спрабавала ў судзе нешта патлумачыць».

«Мне не зразумела, навошта было ўжываць брутальную сілу супраць людзей якія разыходзіліся. Гэта праява таго, што ў кагосьці хто прымаў такое рашэнне, здалі нервы». Журналіст кажа, што быў сведкам дзікунскага збіцця Яўгена Афнагеля – «білі ляжачага нагамі, скрывавілі ўсяго».

Андрэй не выключае, што ў Гродне яго могуць засудзіць. Але не губляе надзеі, што ўсё можа павярнуцца іначай. Журналіст кажа, што вызвалілі яго дзякуючы прынцыповасці ягонай рээдакцыі, якая «задзейнічала ўсе магчымыя сродкі для вызвалення».