Общество
Аліна Таранік

«Хутка адзначу 10 гадоў, як у дзяржаўным выдавецтве апошні раз выйшла мая кніжка»

Вядомы беларускі пісьменнік Уладзімір Арлоў, які нядаўна выдаў адразу дзве кнігі – «Вялікае Княства Літоўскае. Ілюстраваная гісторыя» і «Пакуль ляціць страла», распавёў «Салідарнасці» аб працы над імі.

З літаратарам мы сустрэліся ў адной з утульных мінскіх кавярняў, каб пагутарыць пра новыя і старыя кнігі, закранулі і іншыя тэмы.

Дзве новыя кнігі

Днямі выйшла ў свет кніга Уладзіміра Арлова і Змітра Герасімовіча «Вялікае Княства Літоўскае. Ілюстраваная гісторыя» – своеасаблівы працяг папулярнага выдання «Краіна Беларусь». Уладзімір Арлоў расказвае, што кніга адрэсаваная людзям самых розных поглядаў і перакананняў, і спадзяецца на прэзентацыю ў прэстыжных аўдыторыях. Дарэчы, першае выданне «Краіны Беларусі» прэзентавалася ў Нацыянальным гістарычным музеі.

– З гэтай кнігай звязаныя розныя гісторыі. У кабінет дырэктаркі кнігарні, дзе яна толькі пачала прадавацца, зайшло неяк два чалавекі не зусім кнігалюбскага выгляду, і, паказаўшы пасведчанне супрацоўнікаў прэзідэнцкай адміністрацыі, пацікавіліся, ці ёсць кніга Арлова «Краіна Беларусь». Дырэктарка схапілася за сэрца, бо падумала што кнігу будуць «рэпрэсіраваць»… Але потым 50 экзэмпляраў гэтай кнігі Лукашэнка ўручаў школьнікам і студэнтам – пераможцам міжнародных алімпіядаў, – узгадвае «пісьменнік з адукацыяй гісторыка», як сам сябе называе Уладзімір Арлоў.

Факт уручэння кніг «Краіна Беларусь» кіраўніком дзяржавы нават ратаваў лёсы.

– Гэтая гісторыя аднойчы дапамагла адной загадчыцы бібліятэкі пазбегнуць звальнення. Яе выклікалі да кіраўніцтва і спыталіся, чаму тая запрашае літаратараў з «няправільнага» саюза пісьменнікаў. Я параіў напісаць у тлумачальнай, што кнігу Арлова Лукашэнка ўручаў таленавітай моладзі. У выніку ўсё скончылася добра , – узгадвае Уладзімір Арлоў.

Фота Радыё Свабода

Яшчэ адна кніга пад назвай «Пакуль ляціць страла» была прэзентаваная ў пачатку лета. На думку аўтара, яна можа прэтэндаваць на званне самай незвычайнай з ужо выдадзеных ім кніг.

«Пакуль ляціць страла» адметная тым, што мае не менш за 100 сааўтараў. Уладзімір Арлоў адказвае ў ёй на самыя розныя пытанні – з гумарам, грунтуючыся на гістарычных цікавостках або ўласных назіраннях.

– Хочацца калі-небудзь атрымаць пытанне, на якое было б надзвычай цяжка адказаць, – заахвочвае чытачоў пісьменнік.

З размовы з Уладзімірам Арловым:

– Адна з найбольш распаўсюджаных просьбаў да мяне – расказаць улюбёны анекдот. У кнізе «Пакуль ляціць страла» я кажу абсалютна шчыра, што мне найбольш падабаюцца анекдоты ў першапачатковым значэнні гэтага слова, як дасціпны аповед пра выпадак, які сапраўды меў месца. Наступны выпадак наўрад ці можна назваць смешным, але за ім паўстае стаўленне беларусаў да падзеяў 1812 года.

Калі ў маім родным Прыдзвінні Напалеон набліжаўся да Віцебска, ён, саскочыўшы з каня, запытаўся ў беларускай бабулі, каму яна зычыць перамогі ў вайне – французам ці расейцам. Мудрая беларуска адказала: « Хачу, каб вы загналі расейцаў так далёка, каб ні вярнуліся ні адны, ні другія».

Дарэчы, гісторыя Полацка мае свайго Напалеона. Быў такі ціхі вар’ят у канцы ХІХ стагоддзя, які лічыў сябе Напалеонам Банапартам. Усе да яго так і звярталіся, а навучэнцы полацкага кадэцкага корпуса штодня па чарзе кармілі яго. Абавязкова хтосьці прыносіў французскую булку з катлетай.

– Я не падзяляю думкі, што нашы літаратары не пішуць, а чытачы не чытаюць. Насамрэч, і пішуць, і чытаюць. Калі мы звернемся да прэмій – прэміі імя Ежы Гедройца, прэміі «Дэбют» імя Максіма Багдановіча, прэмій ПЭН-цэнтра – бачна, што кола пісьменнікаў дастаткова шырокае, канкурэнтная барацьба вельмі вострая, яна абвастрае і літаратурны працэс, а ў кагосьці, што абсалютна заканамерна, пакідае і незадавальненне. Усё гэта стымулюе творчую актыўнасць літаратара. Не выключаю, што і сам паўдзельнічаю сёлета ў змаганні за якую-небудзь прэмію.

– Наконт грамадзянскай пазіцыі я абсалютна згодны з вядомым вучоным, акадэмікам Уладзімірам Вярнадскім, які стварыў тэорыю пра наасферу. Ён лічыў, што ў гісторыі бываюць такія перыяды, калі вучоны не мае права заставацца ў баку ад палітыкі. Вярнадскі пісаў, што калі навуковец захоча схавацца ад таго, што адбываецца за вокнамі яго лабараторыі або кабінета, гэта будзе шкодзіць яму не толькі як грамадзяніну, але найперш як вучонаму. Думаю, для літаратара сказанае вышэй яшчэ больш актуальна.

– Паўстанне 1863 года – тая гістарычная падзея, дзякуючы якой пачала нараджацца сучасная беларуская нацыя. Апрача гэтага, паўстанне на беларускіх землях, дзе ім кіраваў Кастусь Каліноўскі – адзін з нешматлікіх у еўрапейскай гісторыі прыкладаў, калі, па сутнасці, купка ўзброеных людзей, лепшых прадстаўнікоў народа, баронячы сваю нацыянальную годнасць, еўрапейскі выбар і дэмакратычныя канстытуцыйныя прынцыпы, кінула выклік велізарнай імперыі і коштам сваіх жыццяў і свабоды засведчыла, што мы, беларусы, належым да еўрапейскай цывілізацыі.

– У нашай сферы адукацыі не першы год адбываецца злачынства, калі пад маркай свабоды выбару мовы навучання ідзе русіфікацыя ўсёй сістэмы. Русіфікацыя дасягнула катастрафічна вялікіх поспехаў. У большасці выпадкаў бацькі не маюць магчымасці даць сваім дзецям адукацыю на беларускай мове.

Урэшце, чаму, калі нават грунтавацца на дадзеных апошняга перапісу (якім я не давяраю ў сувязі з некарэктнай фармулёўкай шэрагу пытанняў), у нас не чвэрць, не траціна беларускамоўных школ?

– У добрай кампаніі з творамі іншых літаратараў, імёны якіх ведае ўся Беларусь, мае апавяданні і аповесці амаль цалкам выкрэслілі са школьнай праграмы. Хутка адзначу 10 гадоў, як у дзяржаўным выдавецтве «Мастацкая літаратура» апошні раз выйшла мая кніжка. Гэта быў "Ордэн Белай Мышы", які выклікаў скандал у сувязі з умяшаннем цэнзуры ў тэкст і афармленне.

– У людзях найперш я не цярплю здрады самому сабе, сваім ідэалам, перакананням. На жаль, ёсць некалькі маіх цяпер ужо проста знаёмых, якія калісьці былі аднадумцамі, але зрабілі выбар на карысць кар’еры… Часам яны баяцца проста пазваніць. Бывае, што чалавек, з якім раней размаўлялі ледзь не кожны дзень, у лепшым разе патэлефануе раз на год па якой-небудзь патрэбе, напрыклад, захоча набыць кніжку, якая не прадаецца ў дзяржаўных кнігарнях, або на ўсялякі выпадак папросіць сакратарку, каб пазваніла…

Уладзімір Арлоў у Бычках

– Хачу нагадаць формулу гістарычнага аптымізму: усё будзе добра, толькі мы да гэтага не дажывем. Я ўсё ж ў глыбіні душы спадзяюся дажыць да таго часу, калі мы ўвойдзем у Еўразвяз, калі наша еўрапейская гісторыя спрацуе як своеасаблівы пропуск у еўрапейскую будучыню, і ў гэтым сэнсе я бясспрэчны аптыміст. Каб не быў такім, не пісаў бы кніг, не сустракаўся б з чытачамі, не адказваў на іх пытанні.

Аглядваючыся на сваё жыццё, пісьменнік заўважае, што нічога не хацеў бы ў ім змяніць і нават баяўся б тое рабіць – « а раптам мог бы стаць не пісьменнікам, а, напрыклад, камандзірам спецназу».

Тым часам, наперадзе Уладзімір Арлоў бачыць працу над новымі кнігамі:

– Мару паспець зрабіць тое, што апроч мяне ніхто іншы зрабіць не зможа. Паколькі я пісьменнік, маю на ўвазе літаратуру.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)