Лица

Арлоў і Герасімовіч выдалі працяг «Краіны Беларусі»

Выйшла ў сьвет новая кніга Ўладзімера Арлова і Зьмітра Герасімовіча «Вялікае Княства Літоўскае.Ілюстраваная гісторыя», якая зьяўляецца своеасаблівым працягам папулярнага выданьня «Краіна Беларусь».

Займальная і даступная для чытача любога ўзросту і ўзроўню адукацыі, кніга прысьвечаная найцікавейшай эпосе нашай мінуўшчыны – часам Вялікага Княства, дзе скансалідаваўся беларускі народ, беларускія землі адыгрывалі вызначальную ролю, а старабеларуская мова была дзяржаўнай.

Чытача чакае сустрэча з выдатнымі гістарычнымі асобамі: палітыкамі, военачальнікамі, асьветнікамі. Кніга знаёміць з жыцьцём і побытам, ваеннымі перамогамі і культурнымі дасягненьнямі продкаў. На аснове гістарычных фактаў даводзіцца, што найменьні “Літва” і “ліцьвіны” на працягу некалькіх стагодзьдзяў былі назовамі Беларусі і беларусаў.

Аўтары не абмяжоўваюцца храналягічнымі межамі існаваньня Вялікага Княства Літоўскага. Шэраг разьдзелаў апавядаюць пра становішча нашых земляў у Расейскай імпэрыі, вызвольную барацьбу і спробы адрадзіць дзяржаву, нацыянальнае адраджэньне і лёс Віленшчыны ў ХХ стагодзьдзі.

Выданьне разбурае многія гістарыяграфічныя стэрэатыпы, а некаторыя зьвесткі прагучаць амаль як сэнсацыя.

У кнізе блізу 2000 ілюстрацый, у тым ліку летапісныя мініяцюры, сярэднявечныя гравюры, унікальныя фотаздымкі і рэканструкцыі. Шмат якія ілюстрацыі беларускаму чытачу былі дагэтуль невядомыя.

Гісторыя нашай краіны разглядаецца як частка агульнаэўрапейскага руху цывілізацыі.

Адначасова перавыдадзеная кніга “Краіна Беларусь”, якая даўно стала бібліяграфічным рарытэтам.

Абодва важкія, багата ілюстраваныя тамы выйшлі ў вядомым славацкім выдавецтве “Kalligram”(Браціслава). Выдатную паліграфію забясьпечыла кнігам друкарня “Neografia”(г.Марцін, Славакія).

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 2(1)