«Хто і чаму паверыў у мантру, што «рэпрэсіі не працуюць»? Улада мае іншае ўражаньне»

Чаму ўлада зноў і зноў будзе ўжываць мэтад рэпрэсій, піша Віталь Цыганкоў у сваім блогу на Радыё Свабода.

Толькі за некалькі апошніх дзён — ператрус у офісе Белсату, крыжалом у Курапатах, суткі Севярынцу — фактычна за прысутнасьць на месцы падзеяў, Статкевічу і Вінярскаму — за заклік памаліцца. Крыху раней — «справа БелТА», перашкоды і затрыманьне Дашкевіча 25 сакавіка, змаганьне з «экстрэмізмам» у сацсетках, справы супраць анархістаў, перасьлед блогераў, словы кіраўніка дзяржавы пра непатрэбнасьць Нацыянальнага ўнівэрсытэту, ды нават «гераічная абарона» скульптуры гарадавога. Усім гэтым улада спрабуе стварыць пэўны тон і атмасфэру выбарчай кампаніі.

Атмасфэру рэпрэсіяў — замест лібэралізацыі, канфрантацыі — замест грамадзкага дыялёгу. Атмасфэру адчаю, бездапаможнасьці, бессэнсоўнасьці зьменаў.

Гадамі ў многіх людзей узьнікае ілюзія, што пад пагрозай узмацненьня расейскага ціску Лукашэнка працягне руку дэмакратам, лібэральна і нацыянальна арыентаваным людзям, пачне больш прыязна ставіцца на нацыянальных каштоўнасьцяў і сымбаляў. Але практыка раз за разам даказвае, што для цяперашняй улады дэмакратычная і нацыянальная частка грамадзтва зьяўляюцца альбо ворагам, альбо, у лепшым выпадку, пагрозай, зь якой трэба змагацца. Калі і магчымы нейкі «дыялёг», дык толькі на ўмовах поўнага падпарадкаваньня, так бы мовіць, «ідэйнага раззбраеньня» апанэнта.

Улада адчувае, што рэальны рэйтынг кіраўніка дзяржавы сёньня вельмі невялікі — магчыма, адзін з самых нізкіх за ўсю гісторыю прэзыдэнцтва Лукашэнкі. Нават у выбарчы год улада ня можа «напампаваць» заробкі — яна нават ня ў стане забясьпечыць тыя самыя столькі разоў абяцаныя пяцьсот даляраў. Беларусь, напэўна, адзіная краіна ў Эўропе, дзе даходы насельніцтва зараз меншыя, чым былі 9 гадоў таму. Дзесяцігодзьдзе, страчанае ў мінус, шок без тэрапіі.

У такой сытуацыі кандыдат у прэзыдэнты Аляксандар Лукашэнка ня мае ніякай станоўчай, стваральнай ідэі. Таму застаецца толькі адно — падкрэсьліваць «стабільнасьць» і разам з тым рабіць усё, каб апанэнты ня здолелі самаарганізавацца, не змаглі адчуць сваю сілу і шматлікасьць.

З другога боку, такую лёгіку ўлады можна зразумець. Ці не адзіны досьвед адноснай «лібэралізацыі» выбарчай кампаніі ў 2010 годзе стварыў, бадай, найбольшы выклік і пагрозу для існуючай улады. З тае пары Лукашэнка, відаць, толькі ўмацаваўся ў сваім перакананьні, што калі рабіць саступкі, то апанэнты на гэтым ня спыняцца, — і дзякуй ня скажуць, і будуць патрабаваць новых. І скончыцца ўсё, як у Гарбачова.

Да таго ж, калі аўтарытарызм і рэпрэсіі «дзейнічаюць» (у сэнсе забясьпечваюць стабільнасьць улады), навошта спрабаваць нешта іншае, складанае і небясьпечнае?

Дарэчы, хто і чаму паверыў у мантру, што «рэпрэсіі не працуюць»? Улада мае іншае ўражаньне. Практыка — крытэрый ісьціны. Толькі жорсткія рэпрэсіі спынілі «маўклівыя пратэсты» ў 2011-м, калі пэўны час яны расьлі як сьнежны ком. Рэпрэсіі (і трошкі перніка ў выглядзе зьмены дармаедзкага ўказу) спынілі дармаедзкія пратэсты і адахвоцілі ад іх «звычайных» людзей, якія раней не выходзілі на палітычныя акцыі і ня ведалі, чым гэта можа скончыцца.

На гэтым тле галоўная стратэгія ўлады цяпер — ня даць праявіцца, выйсьці ў публічную прастору масавай незадаволенасьці жыцьцём. Галоўная задача — каб гэтыя 50-60 адсоткаў (а магчыма, і больш), якія, скажам мякка, ня любяць цяперашняй улады, не паверылі ў сваю сілу, каб яны адчувалі сваю бездапаможнасьць, безнадзейнасьць пратэсту, перадвызначанасьць выніку выбараў.

Вакханалия, как и было обещано белорусам

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(43)