Хрысціна Шацікава ў бальніцы з унутранымі пашкоджаннямі

Магілёўская актывістка Хрысціна Шацікава была затрыманая 19 снежня каля 23.30 ў арцы, па якой можна прайсці ад плошчы Незалежнасці да вуліцы Ленінградскай — ужо пасля разгону акцыі. Шацікава кажа, што яна з сябрамі спрабавала бараніць людзей ад амонаўскай зачысткі.

Яна распавяла карэспандэнту «НН», што ў міліцэйскім аўтобусе пачала збіраць прозвішчы затрыманых і паведамляць іх праваабаронцам па тэлефоне, які адмовілася аддаць. За гэта яе збілі амонаўцы ў двары Кастрычніцкага РУУС. Пасля ў самім РУУСе, расказала Хрысціна, падчас перапісвання звестак і вобшуку затрыманых, яна абурылася. За гэта яе вывалаклі ў калідор і збілі нагамі і душылі. Рабіў гэта, паводле яе словаў, супрацоўнік РУУС Віталь Анатолевіч П-к. Ён жа забраў у яе пашпарт. Пры гэтым прысутнічала супрацоўніца РУУС Святлана Аляксандраўна Г-ко.

Ніякіх судовых дзеянняў супраць Шацікавай не праводзілася.

Пасля перапісвання звестак партыю вязняў, у якой была Шацікава, адвезлі ў двор спецпрыёмніка на Акрэсціна і трымалі там У аўтазаку. Актывістка адчула сябе вельмі дрэнна і папрасіла помачы ў дактароў. «Доктар на Акрэсціна абследаваў мяне, спалохаўся і накіраваў у бальніцу», — сказала Хрысціна. У шпіталь яе суправаджаў міліцыянт. Ён жа прысутнічаў падчас абследаванняў. «Яго не пусцілі толькі туды, дзе было крэсла», — удакладніла Шацікава.

Хрысціна Шацікава знаходзіцца ў 1-м гінекалагічным аддзяленні Гарадской гінекалагічнай бальніцы, што на вуліцы Сенніцкай. Ёй дыягнаставалі апаплексію яечнікаў (раптоўны разрыў яечніка, які суправаджаецца кровазліццём у тканіну яечніка і/ці ўнутрыбрушным крывацёкам – “С”). Яна ляжыць у палаце № 507.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)