WikiLeaks рассакрэціў планы Захаду адносна Беларусі

ЗША і ЭЗ не зьбіраюцца ахвяраваць Беларусьсю дзеля паляпшэньня дачыненьняў з Расеяй.

Гэта вынікае са справаздачы амбасады ЗША ў Стакгольме аб нарадзе памочніка дзяржсакратара ЗША ў Эўрапейскіх і Эўраазіяцкіх пытаньнях Філіпа Гордана з прадстаўнікамі Эўразьвязу. Тэкст дакумэнту абнародаваў выкрывальніцкі партал WikiLeaks.

Згаданая сустрэча адбылася ў ліпені 2009, празь некалькі дзён пасьля саміту прэзыдэнтаў ЗША Барака Абамы і Расеі Дзьмітрыя Мядзьведзева ў Пецярбурзе. У ходзе нарады ў Стакгольме Філіп Гордан паінфармаваў сваіх эўрапейскіх калегаў аб тым, якім чынам распачатая расейска-амэрыканская "перазагрузка" паўплывае на ключавыя пытаньні міжнароднай палітыкі.

У прыватнасьці дыплямат патлумачыў, што Вашынгтон імкнецца да паляпшэньня дачыненьняў з Масквой, прытрымліваючыся пры гэтым асноўных прынцыпаў: "ніякіх сфэраў уплыву, дэмакратычныя краіны маюць права абіраць сабе саюзьнікаў і непрызнаньне Абхазіі ды Паўночнай Асэтыі".

"Расея, у сваю чаргу, выпрабоўвае гатовасьць ЗША да кампрамісаў па гэтых пытаньнях, на якія мы, аднак, ня пойдзем", – цытуюцца словы амэрыканскага дыплямата.

У прыклад адмовы ЗША ад саступак Крамлю па прынцыповых пытаньнях Гордан прывёў пазыцыю Вашынгтону ў грузінскім пытаньні.

Прысутны на сустрэчы дырэктар адзьдзелу палітычных дачыненьняў МЗС Літвы Эйтвыдас Баярунас адрэагаваў на гэта заклікам сфармуляваць агульную стратэгію ЗША і ЭЗ адносна Грузіі і Беларусі.

У адказ Гордан сказаў "мы можам інтэрпрэтаваць вызваленьне Зэльцэра толькі як дэманстрацыю інтарэсу Беларусі ў лепшых стасунках". Ён дадаў, што зьбіраецца сам неўзабаве наведаць Беларусь. Нагадаем, памочнік дзяржсакратара ЗША Філіп Гордан сапраўды наведаў Беларусь у жніўні 2009 году – празь месяц пасьля цытаванай нарады.

У сваю чаргу, палітычны каардынатар Сакратарыяту Рады Эўразьвязу Хэльга Шмідт акрэсьліла бачаньне Брусэлю адносна разьвіцьця дачыненьняў зь Беларусьсю.

У прыватнасьці, Шмідт паведаміла, што беларускі міністар замежных спраў распавёў ёй на нефармальнай сустрэчы краінаў АБСЭ ў Корфу (у чэрвені 2009 году – за месяц да нарады ў Стакгольме), што "беларусы пад велізарным ціскам прызнаюць Абхазію і Паўднёвую Асэтыю".

"Беларусь – банкрут", – працягвае Шмідт, – "і, адпаведна, падвержаная эксплюатацыі з боку Расеі. Эўразьвяз разглядае магчымую падтрымку (Беларусі) з боку Эўрапейскага банку рэканструкцыі і разьвіцьця і МВФ – у памеры ад двух да трох мільярдаў даляраў".

"Я не люблю Луку", – падсумавала Шмідт, – "але вызваленьне Зэльцэра было яўна нацэлена на тое, каб даслаць пэўны сыгнал".

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)