Лица

Вызначана шасьцёрка прэтэндэнтаў на прэмію Гедройца

11 лютага стаў вядомы кароткі сьпіс прэтэндэнтаў на сёлетняга ляўрэата літаратурнай прэміі імя Ежы Гедройца.

У шорт-ліст уключаныя:

1. Сяргей Балахонаў «Зямля пад крыламі Фенікса».

2. Альгерд Бахарэвіч «Гамбургскі рахунак».

3. Адам Глобус «Сказы».

4. Уладзімір Някляеў «Аўтамат з газіроўкай з сіропам і без».

5. Людміла Рублеўская «Авантуры Пранціша Вырвіча, шкаляра і шпега».

6. Юрый Станкевіч «Шал».

У шорт-ліст не трапілі кнігі, якія высока ацэньваліся крытыкамі: «Рай даўно перанаселены» барысаўскай пісьменніцы Алены Брава, а таксама зборнік Андрэя Федарэнкі «Ланцуг», піша «Наша Нiва».

Члены журы: Валянцін Акудовіч, Уладзімір Арлоў, Павал Касцюкевіч, Ганна Кісліцына, Барыс Пятровіч, Андрэй Хадановіч, Малгажата Бухалік, Пётр Казакевіч, Адам Паморскі, Лешак Шарэпка.

Пра сваё рашэньне журы паведаміла журналістам на адмысловай імпрэзе ў амбасадзе Рэспублікі Польшча. Менавіта польскі амбасадар Лешак Шарэпка — ганаровы старшыня журы, паведамляе «Радыё Свабода». Зь ягонай ініцыятывы прэмія і паўстала два гады таму. Сузаснавальнікамі сталі Беларускі ПЭН-Цэнтр, Саюз беларускіх пісьменьнікаў і ЗАТ «Сомбелбанк».

Абвяшчэньне і ўшанаваньне пераможцы(-аў) адбудзецца 1 сакавіка. Сярод узнагародаў — магчымасьць выдаць кнігу ў Польшчы, літаратурныя стыпэндыі і запрашэньні ў эўрапейскія дамы творчасьці.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)