Общество

Наталля Тур, Наша Нiва

Выхавальніца зачыніла 3-гадовае дзіця ў прыбіральні, бо яно крычала «Лукашэнку ў аўтазак»

Інцыдэнт адбыўся 25 жніўня ў дзіцячым садку №27 у Маладзечне. Пра гэта «Нашай Ніве» расказала Рада Рогава, маці маленькага Лёшы.

Лёша — самае малодшае дзіця ў вялікай сям’і Рогавых. Рада выхавала пяцярых сваіх дзяцей і дваіх прыёмных, мае ордэн Маці. Але яна і ўявіць сабе не магла, што давядзецца адстойваць сваё дзіця перад выхавальніцамі садка — тыя зачынілі яго ў прыбіральні.

— 25 жніўня муж забіраў Лёшу з садка, патэлефанаваў мне і сказаў, што здарылася надзвычайная сітуацыя. Сын у слязах распавёў пра тое, што ў групе крычаў «Лукашэнку ў аўтазак». За гэта выхавальніца раззлавалася і зачыніла яго ў прыбіральні. Лёша кажа, што прасядзеў там амаль увесь сон, — расказвае Рада.

Жанчына кажа, што сын мог пачуць гэты выраз і па тэлевізары, і на плошчы ў Маладзечне 9 жніўня:

— Мы гулялі з дзецьмі ўвечары на плошчы, і я — шчыра вам прызнаюся — падумала, што здымаюць фільм. Пасярод плошчы стаялі людзі на каленях перад АМАПам. Я не адразу зразумела, што гэта можа адбывалася насамрэч. Магчыма, тады сын падхапіў гэты выраз.

Рада расказвае, што наўмысна не забараняла дзіцяці гэта вымаўляць, бо баялася, што сын будзе прамаўляць словы спецыяльна, калі на гэтым акцэнтаваць увагу:

— Лёшу толькі ў лістападзе споўніцца чатыры годзікі. Як можа дзіця зразумець, за што яго пакаралі? Цяпер дзіця плача, адмаўляецца ісці ў садок, баіцца, што зноў зачыняць у прыбіральні.

Пасля таго, што здарылася, Рада звярнулася да загадчыцы садка Алены Драгун.

— Ведаеце, што яна мне сказала? Давайце правядзём вочную стаўку вашага сына і выхавальніцы. Загадчыца стала казаць пра тое, што Лёша ў мяне фантазёр, што такога не было і што ў прыбіральні яго ніхто не зачыняў. Маўляў, ён сам застаўся там, а выхавальніца проста прычыніла дзверы на хвіліну, — кажа Рада. — Але яны не ўлічылі, што перад тым, як запрасіць мяне ў кабінет, гучна раіліся паміж сабой аб тым, што ўсё будуць адмаўляць.

 27 жніўня Алена Драгун сабрала бацькоўскі сход па просьбе бацькоў, абураных такімі паводзінамі педагогаў. У групе, куды ходзіць сын Рады, працуюць тры выхавальніцы. Хто з іх зачыніў сына ў прыбіральні, Рада дакладна не ведае, але спадзяецца, што сама выхавальніца патлумачыць свае паводзіны перад бацькамі.

Загадчыца садка каментаваць сітуацыю адмовілася.

— Мне трэба час разабрацца. Званіце не раней за панядзелак, — сказала Алена Драгун.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.4(19)