Политика

«Выведнік, бізнэсовец, ваяваў у Афганістане». Хто будзе прадстаўляць беларускую апазыцыю ва Ўкраіне

Генадзь Манько прызначаны кіраўніком Місіі дэмакратычнай Беларусі ў Кіеве. На канфэрэнцыі «Новая Беларусь 2023» ён даў першае інтэрвію Свабодзе на новай пасадзе.

Генадзь Манько

— Раскажыце пра сябе, хто вы, адкуль?

— Я грамадзянін Рэспублікі Беларусь, нарадзіўся ў Баранавічах. З 2020 году ўдзельнічаў ва ўсёй гэтай гісторыі. Калі трыё рухалася па Беларусі, быў у складзе каманды. Праехаў усе гарады зь імі. На пачатку 2021 году выехаў за мяжу.

Апошнім часам працаваў у Офісе Ціханоўскай. Увесь мінулы год і частку гэтага знаходзіўся ва Ўкраіне, займаўся сувязьзю з добраахвотнікамі, быў каардынатарам добраахвотніцкага руху ад Офісу Сьвятланы Ціханоўскай.

— А ў 2020 годзе як вы трапілі ў каманду таго трыё?

— Там была ініцыятыўная група, я заявіўся ў групу Валерыя Цапкалы, займаўся зборам подпісаў. Пасьля там зьмянілася сытуацыя, Валерый Вільямавіч выехаў, Вераніка далучылася да жаночага трыё, і я перайшоў у сумесную каманду.

— У вас цікавае мінулае, вы былі афганцам, выведнікам.

— Так, тэрміновую службу я служыў у вайсковай выведцы, мая вайсковая спэцыяльнасьць — выведнік. Служыў у Афганістане.

— Дык гэта толькі тэрміновая служба, далей вы не працягвалі?

— Не, толькі тэрміновая.

— Раскажыце пра вашу працу ў Офісе ў апошні час.

— Гэта была каардынацыя. Трэба было ўсталяваць дачыненьні з усімі добраахвотніцкімі структурамі, якія зьявіліся пасьля 24 лютага 2022 году, знайсьці пункты судакрананьня, зразумець, чым мы можам быць узаемна карысныя, якую трэба аказваць дапамогу.

Мы адразу ўключыліся ў гэтую працу, завозілі аўтамабілі і іншыя рэчы, патрэбныя ваярам. Усталяваліся дачыненьні з камандзірамі, асобнымі ваярамі. Была задача зразумець іх жаданьні, пачуцьці і дапамагчы ім рэалізавацца ў сілу нашых магчымасьцяў.

— З палком Каліноўскага вы таксама супрацоўнічаеце?

— Так, у нас добрыя дачыненьні зь мінулага году, з самага пачатку. Першы раз мы выехалі туды ў сакавіку летась. Сустракаўся таксама зь іншымі падразьдзяленьнямі, якія там ёсьць, з асобнымі байцамі для разуменьня агульнай сытуацыі.

Стараемся прыцягнуць да гэтага агульную ўвагу. Аказаць дапамогу і ў гэтым кірунку працаваць.

На сёньняшні момант сытуацыя зьмянілася, і супрацоўніцтва пашырылася. Летась кіраўніцтва Ўкраіны да беларускіх дэмакратычных сілаў ставілася калі не з ігнорам, то прахалодна, бо яны не зусім разумелі свае дачыненьні з рэжымам і не хацелі сабе пашкодзіць, бо ж у нас 1064 кілямэтры сумеснай мяжы. Так што летась сытуацыя была напружаная.

Але сёлета ўсё зьмянілася. Яны пачулі дакладныя пасылы, цяпер працавалі такімі сынтэнт-групамі, страт-камандамі. Ёсьць ня менш за тры групы, якія працуюць непасрэдна па Беларусі.

Таму мы спрабуем пашыраць супрацоўніцтва ня толькі на вайсковы кірунак, на нашых добраахвотнікаў, але і на грамадзянскую супольнасьць і наладжваць дачыненьні з Украінай і дэмакратычнай Беларусьсю. Пакуль.

— Дык перад вамі стаіць амбітная задача аб’яднаць усіх добраахвотнікаў, калі не ў адну структуру, то, прынамсі так, каб яны разам дзейнічалі на карысьць Беларусі?

— Так. Наша задача — знайсьці пункты судакрананьня. Мы павінны складаць як палітычны, так і вайсковы кірунак, каб у будучыні выпрацаваць агульную стратэгію. А таксама зразумець, якія ў нас ёсьць агульныя пункты судакрананьня з кіраўніцтвам Украіны, каб у будучыні дзейнічаць разам.

— І вельмі коратка. Чым вы займаліся да 2020 году?

— Я займаўся бізнэсам. У мяне ёсьць фірма. Я быў дырэктарам. Займаўся і перавозкай аўтамабіляў, і нерухомасьцю, здаваў яе ў арэнду.

— Вас у 2020 годзе затрымлівалі?

— Так, двойчы. Плюс затрымлівалі мае машыны. У мяне была «група таварышаў», якія займаліся бясьпекай трыё.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.9(26)