Скандалы
Сяргей Гезгала, «Наша Ніва», music.fromby.net

Выступ Rockerjoker у Польшчы выклікаў скандал

Канцэрт дуэта Rockerjoker з Беларусі ў Любліне на акцыі «Ноч культуры» выклікаў неадназначную рэакцыю. Частка гледачоў горача прывітала гасцей канцэрта, а частка асвістала з крыкамі «Падонкі».

Беларускі студэнцкі асяродак у Любліне заявіў пра сваё абурэнне з нагоды запрашэння аўтараў песні «Саня останется с нами».

Дуэт з Беларусі выступаў на вялікай сцэне на Літоўскім пляцы ў самым цэнтры Любліна. Арганізатары вырашылі, што Rockerjoker закрые канцэрт у межах маштабнай акцыі «Ноч культуры», прысвечанай удзелу Любліна у конкурсе на званне культурнай сталіцы Еўропы — 2016.

— Гэта быў шыкоўны канцэрт на шыкоўным мерапрыемстве, — апавядае ўдзельнік Rockerjoker Макс Сіры. — Не ведаем, чаму нас выставілі граць апошнімі, але было сапраўды крута, на плошчы сабралася некалькі тысячаў чалавек. Нас горача падтрымлівалі, крычалі назву нашай краіны, выклікалі на біс.

Але частцы гледачоў запрашэнне Rockerjoker у Люблін прыйшлося не даспадобы. Выхад на сцэну музыкаў з Беларусі шэраг беларускіх студэнтаў, якія вучацца ў гэтым горадзе, сустрэў крыкамі «Падонкі» і апушчанымі долу вялікімі пальцамі рук.

На інфармацыйнай старонцы Moje Miasto Lublin з’явіўся ліст аднаго з удзельнікаў стыхійнай акцыі на Літоўскім пляцы: «Гэты гурт вядомы ў Беларусі песняй пад назвай «Саня останется с нами», якая стала гімнам выбарчай кампаніі дыктатара Аляксандра Лукашэнкі. Як вялікі цынізм у дачыненні да палітвязняў ды іх сем’яў можа быць ацэненае выкананне гэтай камандай народных песняў на расійскай мове [у Любліне]. Беларусы, што сумуюць па радзіме і сваёй мове, вымушаныя былі слухаць народныя песні на расійскай мове. Гэта было, мякка кажучы, непрыемна».

Гэты ліст падпісаў студэнт Люблінскага каталіцкага ўніверсітэта Віктар Шукеловіч.

Дадзены ліст не выклікае ў мяне аніякіх эмоцый, — адказае яму Макс Сіры. — Юнацкі максімалізм. Цемрашальства. Аднабаковасць. Палітызаванасць. Скажоныя факты. А што да канцэрта, то дзякуй польскай публіцы і арганізатарам. Мы шчыра здзівіліся такому прыёму і радыя таму, як нас віталі. Спадзяемся, што ў нас на радзіме такія мерапрыемствы стануць рэальнасцю.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)