Общество
Глеб Лабадзенка, «Звязда»

Выйшаў апошнi нумар легендарнай «Нашай Нiвы»

Завершана поўнае факсiмiльнае перавыданне славутай газеты «Наша Нiва»: выйшаў пяты том з нумарамi газеты за 1912-1915 i 1920 год.

"Наша Нiва" – газета-легенда. Тады, у пачатку ХХ стагоддзя гэта быў не проста сродак масавай iнфармацыi, агiтацыi i прапаганды. Гэта быў асяродак беларушчыны, калыска новай беларускай культуры, калыска нашай дзяржаўнасцi. У гэтым пагаджаюцца ўсе гiсторыкi – без "Нашай Нiвы" не было б анi БНР, анi БССР. Магло не быць i самастойнай Беларусi.

"Наша Нiва" – гэта фабрыка зорак. Купала, Колас, Багдановiч, Бядуля, Гарун, Гартны, Луцкевiчы, Гарэцкi, Уласаў, Ластоўскi... Гэтая кагорта нацыянальных класiкаў працавала i друкавалася ў адной-адзiнай газеце! Там складалася сучасная беларуская мова, нацыянальная свядомасць, беларуская думка.

І вось нарэшце ў Мiнску выйшла апошняя, пятая частка факсiмiльнага выдання "Нашай Нiвы". Справа цягнулася больш за дваццаць гадоў!.. Пра яе вынiкi мы гаворым з галоўным рэдактарам выдавецтва "Тэхналогiя" Змiтром Саньком.

Выдавец Змiцер Санько: "У Беларусi няма камплекта "Нашай Нiвы"

– Iдэя факсiмiльнага выдання "Нашай Нiвы" узнiкла пры канцы 1980-х гадоў, недзе ў 1988 годзе, – кажа Змiцер Санько. – Рэалiзацыя праекта мусiла адбыцца за 7-8 гадоў, а зацягнулася больш чым на дваццаць. З розных прычын: тэхнiчных, фiнансавых, арганiзацыйных... Але я вельмi шчаслiвы, што гэта нарэшце адбылося!..

– Усяго, я так разумею, перавыданне склала пяць частак?

– Так. Першы выпуск змяшчае нумары газеты ад 1906 да 1908 года. Другi – гадавiк 1909 года. Трэцi – 1910. Чацверты – 1911. I ў заключнай частцы – нумары ад 1912 па 1915 гады, а таксама нумары газеты за 1920 год. Чаму быў такi перапынак? Вядома, што ў жнiўнi 1915 года газета спынiла выхад з-за падзеяў Першай сусветнай вайны. У 1920 годзе яна аднавiлася, а пасля яе забаранiла польская вайсковая цэнзура.

– Каб выдаць "Нашу Нiву" цалкам, цi давялося правесцi нейкую пошукавую працу? Альбо гэтая газета ахайна i поўна захоўваецца, скажам, у Нацыянальнай бiблiятэцы?

– Наша краiна не мае камплекту "Нашай Нiвы" – пераважная большасць нумароў ёсць, але не ўсё. Не тое што нейкая канкрэтная бiблiятэка цi кнiгазбор, а ў цэлым уся краiна не мае камплекту! Таму давялося звяртацца не толькi да прыватных калекцыянераў, але i ў бiблiятэкi за межамi Беларусi – у Вiльню i Пецярбург. Што датычыць фiзiчнага стану газеты... Думаю, кожны можа ўявiць, што робiцца з газетнай паперай за 100 гадоў... Я быў шакiраваны таксама, калi даведаўся, што некаторыя гора-навукоўцы ездзiлi ў Вiльню i ВЫРАЗАЛI там са старой "Нашай Нiвы" артыкулы i iлюстрацыi!.. Часам было цяжка расчытаць, часам даводзiлася лiтаральна "рэканструяваць" тэксты... Нездарма працэс выдання расцягнуўся на гэтулькi гадоў... I таму iдэя перавыдання ўзнiкла найперш як iдэя ратавання "Нашай Нiвы", бо гэта – наш нацыянальны скарб!..

Архiвiст Вiталь Скалабан: "Хадзiлi байкi, што Купала цi не асабiста маркi на канверты клеiў, рассылаючы "Нашу Нiву"...

Славуты архiвiст, загадчык аддзела публiкацыi Нацыянальнага архiва Беларусi Вiталь Скалабан грунтоўна даследуе легендарную "Нашу Нiву". Да яго мы звярнулiся, каб распытаць пра цiкавосткi тае газеты...

– Спадар Вiталь, калi вы даведалiся пра iснаванне "Нашай Нiвы"?

– Цяжка сказаць. Але ўпершыню поўны камплект "Нашай Нiвы" ў пераплёце з залатым цiсненнем я чытаў у бiблiятэцы iмя Салтыкова-Шчадрына ў Ленiнградзе, былой Iмператарскай. Гэта быў недзе 1966-1967 год. Тут тады ў Мiнску яе можна было паглядзець у бiблiятэцы, але так... не вельмi гэта ўхвалялася.

– У савецкай Беларусi "Наша Нiва" была забароненай тэмай?

– Iшла палемiка пра "беларускiх сепаратыстаў, якiя парушаюць адзiнства вялiкага рускага народа", былi спробы рэабiлiтаваць "Нашу Нiву" ў межах камунiстычнай iдэалогii... Быў артыкул Ларчанкi, потым спробы ў 1950-я гады, потым Цiмох Гарбуноў надрукаваў артыкул у Маскве ў 1964 годзе...

– Спадар Вiталь, даробак "Нашай Нiвы" цяпер ведаюць многiя. А як усё пачыналася ў 1906 годзе?

– А пачалася свабода: хочаш газету выдаваць – выдавай! Знаходзь грошы – i выдавай!.. Да таго ж з'явiўся дазвол на беларускай мове друкаваць. I пачалося: спачатку "Наша Доля", потым "Наша Нiва"... Мiж iншым, на выданне "Нашай Нiвы" ахвяравала грошы княгiня Магдалена Радзiвiл... Як i на "Вянок" Багдановiча, i на першую кнiгу Канстанцыi Буйло...

– Калi пераглядаю тую "Нашу Нiву", мяне не пакiдае захапленне, наколькi якасна i прафесiйна яна была зробленая з пункту гледжання журналiстыкi. Яна выглядае сучасна i праз 100 гадоў!..

– Гэта была дэмакратычная журналiстыка! Да пачатку вайны... Пасля пачалася вайна, на Купалу завялi крымiнальную справу – што праўда, пасля яна развалiлася. Ваенная цэнзура прыбiрала з гатовае газеты радкi, абзацы i цэлыя артыкулы!.. I газета выходзiла з агромнiстымi белымi плямамi!..

– Спадар Вiталь, а як газета тады дастаўлялася да чытача? Гэта займала шмат часу?

– Пошта працавала выдатна!.. Не горш, чым сёння! Мяркую, што i спосаб быў прыкладна такi. З iншага боку, хадзiлi байкi, што, рассылаючы газету ў канвертах, Купала ледзьве не асабiста сядзеў i клеiў маркi...

– Цi плацiлi ў той "Нашай Нiве" ганарар аўтарам?

– Бадай што, не... Аднак ёсць найцiкавейшы дакумент – бухгалтарская кнiга "Нашай Нiвы" за 1915 год. I апошнi запiс перад тым, як газета прыпынiла сваё iснаванне, быў такi: "Рэдактар I. Луцэвiч (сапраўднае iмя Янкi Купалы – рэд.) выпiсаў паэту Я.Купалу ганарар столькi-та рублёў..." I гэты запiс павiнен увайсцi ў збор твораў Купалы!...

– Сто гадоў таму чытачы актыўна пiсалi ў газету?

– Прыкладна як i цяпер: беларусы пiсалi ў газету як у апошнюю iнстанцыю. Я знайшоў лiст, якi накiравалi ў "Нашу Нiву" сяляне з маёй малой радзiмы – Ляхавiцкага раёна. Яны скардзяцца на свайго пана, якi кепскi: цi то iх у лес не пускае, цi што там... Дарэчы, заўвага: адкуль людзi ўмелi пiсаць па-беларуску? Яны ж у школе не вучылiся... Школа, наадварот, пасля замiнала, бо людзей перавучвалi пiсаць па-руску... А ў газету пiсалi так, як ведалi, як размаўлялi, як падказвала памяць продкаў!..

– Як вы ацэньваеце стыль той "Нашай Нiвы" – такi сабе найграна-прымiтыўны? Пры тым, што выдаўцы былi глыбока iнтэлiгентныя людзi. А побач – навiны кшталту "iшоў мужык з карчмы – напiўся i ўтапiўся". Дзеля чаго гэта рабiлася?

– Газета была разлiчаная на самага рознага чытача. Такi "спрошчаны" стыль быў не паўсюль. Ён мог быць у навiнах, у паведамленнях. Але вазьмiце публiцыстыку – там iдуць вельмi сур'ёзныя рэчы... Сапраўды, была такая гульня: "у свiтку ўбраўся i пiшу для сялян". Вашую заўвагу даволi злосна сфармуляваў у лiсце ў рэдакцыю Фабiян Шантыр: што "Нашу Нiву" нiхто не ўспрымае, што адарвалiся ад народа, што гэта – "панская забаўка". Аднак, калi разабрацца, то лiст з'явiўся пасля таго, як газета не надрукавала нейкiя там Шантыравыя творы... Ластоўскi пахвалiў Багдановiча, а яго, Шантыра, не пахвалiў... I Шантыр пакрыўдзiўся. Усё як заўжды ў творчым асяроддзi. Асаблiва калi не друкуюць.

– Спадар Вiталь, вы рады, што скончана факсiмiльнае выданне "Нашай Нiвы"?

– Гэта падзея! Цяпер газета захаваная – i яе можа пачытаць кожны, яе можна вывучаць i даследаваць. А ўжо сёння iдзе праца па стварэннi электроннага архiва беларускай перыёдыкi. I ўзнiкаюць складаныя пытаннi: якiя будуць прыярытэты, што з газет перавесцi ў лiчбу, хто, як i за якiя грошы будзе гэта рабiць? Перыёдыка ў нас надзвычай багатая, але – дзе вы прачытаеце "Мiнскiя губернскiя ведамасцi", "Вiцебскiя...", "Магiлёўскiя...", дзе друкаваўся Раманаў?.. У нас вельмi кепска захаваныя гэтыя газеты. На добры толк, трэба ўсё гэта пераводзiць у лiчбу. Бо многае ўжо лiтаральна рассыпаецца ў руках...

– Як вы лiчыце – з'яўленне "Нашай Нiвы" ў пачатку ХХ стагоддзя было патрэбай тагачаснай iнтэлiгенцыi цi народу?

– Ведаеце, што такое каньяк? Гэта напой працоўнага класа, якi п'ецца вуснамi ягоных найлепшых прадстаўнiкоў! Тут тая самая сiтуацыя. Лепшыя прадстаўнiкi нашага народа рабiлi гэтую газету...

P.S. Пятая частка факсiмiльнага выдання ўжо з'явiлася ў кнiгарнях. Пытайцеся!

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)