«Вучыце дзяцей па-беларуску!» (фота)

1 чэрвеня бацькі дзетак, якія год адвучыліся ў адзінай у Магілёве беларускамоўнай клясе, адзначылі Міжнародны дзень абароны дзяцей агітаваньнем за беларускамоўнае школьніцтва.

Ля ўваходу ў мясцовы парк атракцыёнаў яны раздавалі наведнікам паветраныя шарыкі з прымацаванай да іх паштоўкай-запрашэньнем «Вучыце дзяцей па беларуску». У самой паштоўцы была інфармацыя пра перавагі навучаньня па беларуску, кароткі аповед пра беларускамоўную клясу ды кантакты бацькоў, чые дзеці вучацца ў ёй.

Беларускамоўную клясу ў першай магілёўскай школе скончылі трое дзетак. Увесь гэты год бацькі намагаліся павялічыць колькасьць вучняў у ёй. Сёньня вырашылі пайсьці з запрашэньнямі ў парк атракцыёнаў.

— Мы хочам, каб дзетак было ў клясе болей. Можа, бацькі пабачаць наш прыклад і захочуць стварыць яшчэ адну клясу. Мы вырашылі сюды прыйсьці, бо ёсьць адчуваньне, што акрамя нас ніхто болей ня будзе рэклямаваць беларускамоўнае школьніцтва. 19 траўня мы хадзілі ў гарадзкі аддзел адукацыі й прасілі пра гэта.

Нам паабяцалі, што на сайце гарвыканкаму зьявіцца абвестка, але яе дагэтуль няма. Таксама абяцалі іншымі спосабамі паведамляць пра клясу. Казалі, што будуць казаць пра яе на бацькоўскіх сходах, але мы ня можам праверыць, ці казалі пра гэта. Нам не дазволілі прысутнічаць на іх, а мы прасіліся. Мы ведаем дакладна, што зь першага верасьня ў клясе будзе вучыцца з нашымі дзеткамі яшчэ адна дзяўчынка, таму нас будзе чацьвёра. Мо ўдасца за час канікулаў знайсьці яшчэ вучняў, — паведаміла Надзея Салаўёва, маці вучаніцы беларускамоўнай клясы Ялінкі.

Выпускніца першай беларускамоўнай клясы Ялінка Салаўёва таксама дапамагала бацькам агітаваць за школьніцтва па беларуску

Адкрыцьця беларускамоўнай клясы дамагліся бацькі. Дамагліся яны і таго, каб клясу адкрылі ў адной са школаў цэнтру гораду. Першая магілёўская школа знаходзіцца непадалёк ад гарвыканкаму.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)