Общество
Таццяна Гусева

Восем парад Барысу Святлову

Прызначаючы новага міністра культуры, Аляксандр Лукашэнка даў яму даручэнні ўзнавіць вытворчасць слуцкіх паясоў і стварыць самым годным музей Вялікай Айчыннай вайны. Чым, у першую чаргу, варта заняцца Барысу Святлову, сваімі думкамі з карэспандэнтам «Салідарнасцi» падзяліліся ўплывовыя і вядомыя дзеячы беларускай культуры.

Пісьменнік Уладзімір Арлоў раіць Барысу Святлову ў самыя бліжэйшыя дні выкарыстаць магчымасці сваёй пасады, каб спыніць працэс аб’яднання Полацка і Полацкага раёна ў адну адміністрацыйную адзінку.

— За гэтым «праектам» стаяць людзі, не абцяжараныя ні гістарычнымі ведамі, ні разуменнем ролі культуры ў жыцці дзяржавы, ні, урэшце, разуменнем эканамічных перспектыў Полацка як нашага духоўнага і турыстычнага цэнтру. Калі міністру гэта ўдасца, я ўрачыста абяцаю прысвяціць яму сваю наступную кнігу.

Гаспадар хутара «Шаблі» Уладзімір Шаблінскі параіў бы новаму міністру культурызаняцца кадравай працай.

— Як і любое міністэрства, Мінкульт насычаны людзьмі пенсійнага і перадпенсійнага ўзросту, якія маюць ўяўленне пра музыку, далёкае ад выклікаў і патрабаванняў, што стаяць перад культурнай прасторай. Без кадравых перамен не будзе і змен у культуры.

Салістка групы «БеатриC» і артыстка Магілёўскай філармоніі Алена Вярбіцкая раіць міністру культуры арганізоўваць музычныя конкурсы, на якіх рэальна будуць ацэньвацца здольнасці артыстаў. А не тыя, што праводзяць дзеля галачкі, падкрэсліла суразмоўца. Акрамя таго, артыстка прапануе Барысу Святлову адпраўляць артыстаў філармоній на міжнародныя конкурсы.

— За шэсць гадоў нас толькі аднойчы паслалі на такі конкурс, хоць мы самі знаходзілі цікавыя праекты і прасілі кіраўніцтва, — гаворыць спявачка.

Загадчык літаратунай часткай Слонімскага драматычнага тэатра Сяргей Чыгрын лічыць, што ў першую чаргу міністр культуры павінен звярнуць увагу на аплату ганарараў драматургам і ўсім тым, хто працуе над спектаклямі ў беларускіх дзяржаўных тэатрах.

— На сённяшні дзень ляжаць у міністэрстве культуры неаплочаныя п’есы па два гады. Там сумы вельмі мізэрныя. А ў сувязі з інфляцыяй яны змяншаюцца з кожным днём, — падзяліўся з карэспандэнтам «Салідарнасці» літаратар. — У той самы час, калі беларускія драматургі не могуць атрымаць ганарар – мільён ці максімум тры мільёны рублёў, да нас прыязджаюць чужыя акцёры і за пяць хвілін на сцэне ім плоцяць ад 10 да 15 тысяч еўра. Насамрэч праблема з аплатай існуе на працягу апошніх 10-15 гадоў.

Па-другое, міністру культуры трэба зрабіць, каб масавыя мерапрыемствы, асабліва ў рэгіёнах, праводзіліся па-беларуску.

І трэцяя праблема — выданне зборнікаў п’ес. Хацелася б, каб яны выходзілі вялікімі накладамі і рассылаліся па тэатрах, па дамах культуры. Яшчэ адна просьба — аднавіць часопіс «Тэатральная Беларусь». Гэта спецыяльнае выданне для акцёраў, рэжысёраў. Хай ён не кожны месяц выходзіць, а хоць чатары разы на год.

Лявон Вольскі ўпэўнены, што ягоная парада Барысу Святлову нічога не зменіць.

— Павінна быць гэтая пасада, і нейкі чалавек мусіць яе займаць. З “чорнымі спісамі” ён нічога не зробіць. У нашай краіне ад міністра культуры культура не залежыць.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)