Лица
Анастасія Зелянкова

Вольскі за сябе не галасуе

Музычны партал “Тузін Гітоў” прэзентаваў трэцюю складанку “Прэм’ер Тузін-2007”. На дыску сабраныя дванаццаць кампазіцый, якія сталі лепшымі паводле галасавання наведвальнікаў парталу. Слухачоў таксама чакае важкі бонус з 30 найбольш яскравых песень хіт-параду “Тузіна Гітоў” 2007 года.

— Дадзеная складанка — гэта наша супольная справаздача па выніках мінулага музчынага года, — адзначыў выдавец музычнага ітэрнет-парталу “Тузін Гітоў” Вецер Механічны. — Песні, якія сталі пераможцамі, сапраўды з’яўляюцца самымі заўважнымі ў беларускай інэрнет-прасторы. Гэта своеасаблівы зрэз.

У склад лепшых песень 2007 года ўвайшлі новыя хіты N.R.M., Krama, ZET, IQ48. Некаторай нечакансцю стаў выхад у лік фіналістаў блюзавай каманды NESTARы Band, арт-фолькавай OSIMIRA і “рэінкарнаваных экс-Цмокаў” — гурта Band А. Вартымі лепшай “дванаццаткі” стала таямнічая каманда Пятра Елфімава PitBull, сярэдневечны “Рокаш”, а таксама бярозаўскі :B:N:, магілёўскі Tav.Mauzer і гомельскі “Бан-Жвірба”

Лідэр гурта N.R.M., чыя песня “Менск-Мінск” была прызнана на “Тузіне” песняй года, Лявон Вольскі прызнаўся падчас прэс-канферэнцыі:

— Шчыра кажучы, я не ведаю, чаму мяне запрасілі. Іншыя людзі так сур’ёзна і плённа працавалі, рабілі такую складаную працу. Мы ж проста ўціснулі свае песенькі... Але ж прыемна, што N.R.M. заняла першае месца, — канстатаваў музыкант.

Карэспандэнт “Салідарнасці” пацікавілася ў Вольскага, колькі ж разоў ён сам прагаласаваў за ўласную песню?

— Я ніколі за сябе не галасую, — запэўніў музыкант. — За іншых галасаваў.

Вольскі прызнаўся, што сярод “калег па хіт-парадзе” яму спадабалася песня IQ48 “Схаванае сэрца” на словы Міхала Анемпадыстава, а таксама “Калыханка” Tav.Mauzerа.

А вось лідэр “Палаца”, а таксама вядучы радыёпраграмы “Тузін Гітоў” на радыё “Рацыя” Алег Хаменка выказаў сваё здзіўленне папулярнасцю на музычным партале песні Анажалікі Агурбаш “Вянок”.

— Для мяне было дзіўным, што песня Агурбаш так доўга займала высокія месцы ў хіт-парадзе, — прызнаўся музыкант.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)