Скандалы
Сяргей Балай

Вольскі падзякаваў «Міністэрству культуры нашаму роднаму» за піяр

Адменены канцэрт Лявона Вольскага і гурта «Крамбамбуля»: 17 сакавіка ў мінскім пабе «Госці» яны планавалі прэзентаваць новы альбом. «Нарэшце мы ўганараваныя такой шалёнай рэкламай», – заявіў «Салідарнасці» Лявон Вольскі.

У пабе «Госці», дзе планаваўся канцэрт, паведамілі, што «саліст», то бок Лявон Вольскі, захварэў, і продаж квіткоў прыпынены. Але як стала вядома «Нашай Нiве», насамрэч прадстаўніка пабу выклікалі ў Мінгарвыканкам, і параілі замяніць «Крамбамбулю» на іншы гурт.

– Перш за ўсе хацелася б падзякваць Міністэрству культуры нашаму роднаму і упраўленню культуры Мінгарвыканкама за такі шалёны піяр. Такога піяру нашаму гурту яшчэ не было, звычайна дзяржава піярыла нейкія іншыя гурты, а тут нарэшце мы ўганараваныя такой шалёнай рэкламай, – адзначыў «Салідарнасці» лідэр гурта Лявон Вольскі. – Даўно не было столькі тэлефанаванняў, зваротаў, як пасля навіны аб адмене канцэрта. У наш час, калі не прадаюцца дыскі, я думаю, мы прадамо як мінімум 10 тысяч асобнікаў новага альбому. Гэта будзе рэкорд. Бо, мусіла быць прэзентацыя новага альбому. Мы прабачаемся перад публікай, за тое, што людзі вымушаныя здаваць квіткі, прабачаемся перад амбасадарамі еўрапейскіх краін, якія збіраліся прыйсці на гэты канцэрт, бо на ім мусілі гучаць традыцыйныя еўрапейскія песні на беларускай мове і мове арыгіналаў.

Нагадаем, у пачатку сакавіка з’явілася інфармацыя пра «чорны» спіс айчынных і замежных дзеячаў культуры, пра якіх забаронена ўзгадваць у дзяржаўных СМІ. Там значыцца і «Крамбамбуля». У складаных сітуацыях ужо апынуліся «Ляпіс Трубяцкой» (адменены канцэрт 13 сакавіка ў Гомелі), Зміцер Вайцюшкевіч (адменены выступ 18 сакавіка ў Брэсце), пакуль вырашаецца пытанне з мінскім канцэртам «Нейра Дзюбеля» 24 сакавіка.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)