Лица

«Волшебный кролик» загучыць па-беларуску

Інтэрнэт-партал «Тузін Гітоў» і грамадзкая кампанія «Будзьма беларусамі» прадстаўляюць апошняга, 12-га ўдзельніка праекту «Тузін. Перазагрузка».

Адзін з галоўных прэтэндэнтаў на ўдзел ад Беларусі ў “Дзіцячай Эўравізіі” Юры Дземідовіч перасьпявае сваю песьню “Волшебный кролик” па-беларуску. Маладому сьпеваку вельмі спадабалася ідэя зрабіць беларускамоўны варыянт свайго твору, які ўсяго за некалькі дзён стаў сапраўдным інтэрнэт-гітом.

Юра Дземідовіч засьпяваў ужо ў тры гады. Ён добра памятае сваю першую песьню, якую выканаў на публіцы – гэта быў раманс “Белеет парус одинокий”. У дзевяць год ён трапіў у “Капэлю хлопчыкаў” – хор пры Рэспубліканскім музычным коледжы. Капэля гэтая мае ўжо 50-гадовую гісторыю. Адсюль выйшлі салісты беларускай Опэры, камэрнага аркестру, харавой капэлі, хору “Унія” ды групы “Камэрата”.

Кіраўнік хору Ўладзімер Глушакоў лічыць, што і ў Юры Дземідовіча – вялікая будучыня. Хлопец цяперака – вядучы саліст хору. Некалі ён нават сьпяваў на сьвяточным канцэрце з нагоды візыту маскоўскага патрыярха Алексія ІІ. Самыя ўдалыя яго нумары - “Санта Лучыя”, “O sole mio”, а зь беларускіх – “Радзіма, мая дарагая”. Юра называе сярод сваіх улюбёных выканаўцаў Павароці, Каруза ды Ларэці.

Песьня “Волшебный кролик” зусім нетыповая, як для рэпэртуару Капэлі, дзе сьпявае Дземідовіч. Словы і музыку выканаўца напісаў да яе сам пад уплывам твору “Аліса ў краіне цудаў”. Адразу пасьля выкананьня твору на поўфінале адбору на “Дзіцячую Эўравізію” 1 чэрвеня, ён займеў ашаламляльны посьпех. Цяпер колькасьць праглядаў відэа на гэту песьню на youtube.com набліжаецца да 290 000. У сацыяльных сетках арганізаваліся фэн-клюбы Юры, зьявіліся рознастайныя інтэрпрэтацыі сьпеву, прапануюцца майкі з выявамі “трусіка” і шырыцца дыскусія наконт патаемных сэнсаў гэтай песьні. Сам Юра з сваім кіраўніком Уладзімерам Глушаковым ставяцца да гэтага спакойна: “Галоўнае, што ў нашай песьні шмат слухачоў!”, - заяўляюць яны.

Юра з задавальненьнем пагадзіўся зрабіць з “кроліка” – “трусіка” і пахваліўся, што беларускую мову вучыць старанна. Мае па гэтым прадмеце ў школе васьмёрку, а па беларускай літаратуры – дык наогул дзевятку. Хлопчык разам з сваім настаўнікам прынялі прапанову “Тузіна Гітоў” узяць пераклад літаратара Сяргея Балахонава. Праца над “Чароўным трусікам” пачнецца ўжо на наступным тыдні.

Даведка: У праекце «Тузін. Перазагрузка» інтэрнэт-парталу «Тузін Гітоў» і грамадзкай кампаніі «Будзьма беларусамі» бяруць удзел 12 самых цікавых айчынных небеларускамоўных выканаўцаў розных стыляў, якіх лучыць арыгінальнасьць матэрыялу, прафэсыйнасьць у музычным падыходзе і жаданьне эксперымэнтаваць. Кожны зь іх перазапіша адзін з сваіх гітоў у беларускамоўным варыянце, выкананым прафэсыйным перакладчыкам. Усе песьні будуць прэзэнтаваныя на старонках //music.fromby.net і //www.budzma.org/

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)