Вольга Класкоўская: «Гомельская калонія — страшэнная катоўня»

Былая палітзняволенная журналістка Вольга Класкоўская — пра тое, чаму маўчаць палітвязні і што самае страшнае было ў яе зняволенні.

— Ёсць некалькі прычын, чаму некаторыя палітвязні не хочуць апублічваць некаторыя рэчы ці выказвацца ў публічнай прасторы. Гэта і даволі цяжкі псіхалагічны стан, і, як прынамсі было ў маім выпадку, — ціск з боку сілавікоў, — распавядае Вольга Класкоўская ў інтэрв’ю «Св*бода Premium». — Яшчэ напярэдадні вызвалення супрацоўнікі калоніі мяне папярэджвалі, што калі я наважуся даць публічныя каментары ці інтэрв’ю, ці весці нейкі стрым ад брамы калоніі, гэта хутка спыніцца і я паеду ў ІЧУ.

Пасля вызвалення да мяне прыехалі супрацоўнікі ГУБАЗІК і казалі, што калі я наважуся нейкім чынам засвяціцца ў «экстрэмісцкіх» інтэрнэт-рэсурсах, то гэта будзе новая крымінальная справа. Таму ў першую чаргу маўчанне былых палітвязняў звязана з пытаннем бяспекі.   

Вольга Класкоўская

За час свайго зняволення ў Вольгі было 10 «этапаў». Яна кажа: тое, як пройдзе «этап», залежыць ад канваіра.

— Сама працэдура цяжкая, прыніжальная: лай сабак, узброеныя людзі, а ты знясілены з гэтымі торбамі. Вядома, гэта не проста. Але былі выпадкі, калі трапляліся больш-менш нармальныя канваіры, у якіх яшчэ не ўсе пачуцці былі дэфармаваныя, і яны праяўлялі чалавечнасць.

Бывае так, што этап — гэта адмысловыя гульні, каб паздзекавацца з чалавека. Могуць не везці ад кропкі да кропкі, а адмыслова з прыпынкамі.

У ШЫЗА, успамінае былая палітзняволенная, было вельмі холадна. Жанчына дагэтуль адчувае пачуццё, што не можа сагрэцца, нават калі цёплае надвор’е.

— Апроч гэтага, думаю, самым цяжкім момантам было тое, калі я змірылася з думкай, што мне, магчыма, давядзецца страціць жыццё ў часе знаходжання ў гэтых камерах. Гэта было балюча, усе жыццё пранеслася перад вачыма. Вельмі шмат болю і крыўды за сябе, краіну, сям’ю, але пасля таго, як я змірылася з гэтымі думкамі, мне чамусьці стала лягчэй.

Але сама пастаноўка гэтага пытання і асэнсавання яго былі, бадай, самым цяжкім. Гэтыя думкі да мяне прыйшлі пасля 6-7 месяцаў арышту, калі я знаходзілася ў ШЫЗА. Тады ў мяне абвастрыліся хваробы, я пакутавала на вельмі моцны крывацёк, але ж медычная дапамога амаль не аказвалася, таму гэта былі рэалістычныя думкі.

З усіх месцаў, дзе я была, Гомельская калонія — найгоршае месца. Гэта рэальная страшэнная катоўня, установа сталінскага тыпу. Знаходзіцца там і выжываць вельмі цяжка. Самыя страшныя ўспаміны ў мяне звязаны менавіта з гомельская калоніяй.

Больш лайтовае, калі так можна сказаць, месца, гэта СІЗА на Валадарскага і СІЗА ў Брэсце. На Валадарцы трошкі іншае стаўленне адміністрацыі да палітвязняў. У гэтых месцах, не гледзячы на тое, што ты за кратамі, ты пачуваешся больш вольным, чым у Гомельскай калоніі, — кажа жанчына.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(25)