Віну ў падпале дзяржаўных устаноў прызнаў толькі адзін

У судзе Заводзкага раёну Менску пачаўся крымінальны працэс супраць пяці актывістаў анархісцкага руху, якіх абвінавачваюць у спробах падпалаў дзяржаўных устаноў, а таксама расейскай амбасады.

Судзьдзя Жана Хвайніцкая разглядае справу Мікалая Дзядка, Ігара Аліневіча, Максіма Веткіна зь Менску, Яўгена Сілівончыка з Салігорску, Аляксандра Францкевіча з Наваполацку.

Усе абвінавачваюцца па артыкуле 218 Крымінальнага кодэксу (наўмыснае пашкоджаньне маёмасьці) , Веткін яшчэ па 339-м (хуліганства) , а Францкевіч — па 339-м, 349-м (несанкцыянаваны доступ да кампутарнай инфармацыі) і 254-м (камэрцыйны шпіянаж).

У прыватнасьці, яны абвінавачваюцца ў правядзеньні несанкцыянаванай антываеннай акцыі каля будынка Міністэрства абароны Беларусі ў 2009 годзе, закідваньні бутэлькамі з запальнай сумесьсю тэрыторыі амбасады Расеі ў Менску і турмы на вуліцы Акрэсьціна ў 2010 годзе. Ім таксама інкрымінуецца шэраг нападаў на іншыя будынкі — закідваньне фаераў у казіно "Шангры Ла" і будынак Фэдэрацыі прафсаюзаў Беларусі.

Францкевічу, акрамя гэтага, прад'яўленае абвінавачаньне ва ўзломе сайту Наваполацкага гарвыканкаму.

Усім чатыром пагражае пакараньне ў выглядзе пазбаўленьня волі да 12 гадоў.

Ніхто вінаватым сябе не прызнаў, апрача Веткіна, які прызнаўся, што кінуў адну бутэльку ў расейскую амбасаду, але ня трапіў.

Ігара Аліневіча затрымалі ў Маскве 28 лістапада 2010 году і зьмясьцілі ў сьледчы ізалятар КДБ Беларусі.

Мікалай Дзядок і Аляксандар Францкевіч знаходзяцца пад вартай з 3 верасьня 2010 году.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)