Віншуем з Раством: «Веры ў сябе, справядлівасці і перамогі дабра»

25 снежня каталіцкія, грэка-каталіцкія і пратэстанцкія вернікі святкуюць Божае Нараджэнне.

Дарагія чытачы «Салідарнасці», віншуем Вас са светлым святам Раства. Зычым моцнага здароўя, веры ў сябе, перамогу дабра і справядлівасці. А таксама трымацца адзiн аднаго.

Па ўжо штогадовай традыцыі выбітны творчы тандэм – паэт Уладзімір Някляеў і музыка Зміцер Вайцюшкевіч – прэзентавалі свой музычны падарунак на Каляды, песню «Каляднае святло»: «Каханая мая, я за цябе малюся, i чую голас твой: малюся за цябе».

Святлана Ціханоўская таксама віншуе ўсіх беларусаў, якія адзначаюць Нараджэнне Хрыстова 25 снежня: «Шчыра віншую вас са святам, дарагія беларусы! Сёння той вечар, калі сем’і збіраюцца за адным сталом, каб адсвяткаваць Раство. У такі вечар мы зноў, як у дзяцінстве, верым у цуды.

Мы верым, што Чырвоны касцёл зноў вернуць вернікам – назаўжды. Мы верым, што Зміцер Дашкевіч, Ігар і Дар’я Лосік, тысячы іншых добрых людзей вернуцца дадому, каб сустракаць святы толькі са сваёй сям’ёй – а не за кратамі. Мы верым, што беларусы нарэшце стануць гаспадарамі на сваёй зямлі – і што мы абаронім мір і незалежнасць і забудземся пра крызіс і небяспеку.

У святочныя дні нам усім хочацца верыць у цуды. Я лічу, што гэта вельмі добра – бо калі ў нас ёсць мары, мы можам ісці да іх і ўвасабляць іх разам.

З Нараджэннем Хрыстовым!»

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.7(23)