Лица
Вольга Пруднікава, «Народная воля»

Віктар Шалкевiч: Мне нават няёмка з-за таго, што мне 50...

9 лютага знакамітаму беларускаму барду Віктару Шалкевічу спаўняецца 50 год. А 15 лютага ў мінскім Палацы Прафсаюзаў з гэтай нагоды канцэрт юбіляра.

Напярэдадні юбілею Віктар распавёў "Народнай Волі" пра сакрэты захавання мужчынскага здароўя і пра тое, чаму ён не хоча працаваць дырэктарам Беларускага музычнага тэатра.

— "Я не раблю выгляд, што мне вечна семнаццаць", — сказалі вы ў адным з інтэрв'ю. Які ж выгляд вы робіце на парозе 50-годдзя?

— Прызнацца шчыра, апошнім часам аглядаюся на свой узрост. Толькі калі праблем ніякіх няма, можна рабіць выгляд, што табе вечна семнаццаць… У той жа час лічу поўнай лухтой спробы некаторых людзей выглядаць вечна маладымі. Я аддаю перавагу таму, каб старэць разам са сваімі слухачамі і гледачамі. Для мяне яны — самае нармальнае пакаленне. Мне не хочацца падладжвацца пад маладых і надзяваць усялякія парыкі.

— Не сакрэт, што да 50 гадоў шмат у каго з мужчын з'яўляюцца праблемы інтымнага характару. Як кажуць, хочацца, але не можацца. Вам гэта знаёма?

— Як для кожнага нармальнага чалавека, інтымнае жыццё для мяне важнае. Таму ведаю розныя цікавыя дрэвы і расліны, якія дапамагаюць… А вось якія — сакрэт (усміхаецца).

— Вы неаднаразова распавядалі, што ганарыцеся сваёй асабістай сустрэчай з Юшчанкам. Зараз у кантэксце падзей, якія адбываюцца ў нашых суседзяў, ваша меркаванне пра яго не змянілася?

— Падчас нашай сустрэчы на пачатку 90-х гадоў я быў ім захоплены. Але і зараз ён як быў для мяне нармальным мужыком, так і застаўся. Я вельмі люблю такі тып палітыкаў — шырокі і адкрыты. Лічу, што ён паступае зыходзячы з арыенціраў часу… У яго вельмі складаная пасада. Украіна — гэта ж не Беларусь, там ніколі не было парадку ў беларускім сэнсе гэтага слова. Украіна заўсёды была беднай і непрычасанай, але свабоднай. Для ўкраінцаў свабода даражэй за трактары…

— Ці праўда, што Юшчанка падчас вашай сустрэчы "запаў" на вашу жонку?

— Ды ў яго на гэта часу не было: мы пагаварылі літаральна хвілін 15. А да ўвагі з боку мужчын да маёй жонкі я стаўлюся нармальна. Яна ж не мая ўласнасць…

— Ці чакаеце вы ў свой юбілей віншаванняў ад так званых вялікіх людзей?

— Калі гаварыць пра тых, каго я лічу вялікімі, то не чакаю, што Гасподзь будзе мяне віншаваць… Шчыра кажучы, мне неяк нават няёмка з-за таго, што мне 50… Вось адна мая сяброўка ўзяла і паехала на свае 50-годдзе ў Ізраіль, дзе хадзіла па цэрквах. Я з'язджаць нікуды не збіраюся, як і не збіраюся гучна святкаваць юбілей — проста збяру блізкіх сяброў. Сёння шмат невясёлых падзей адбываецца ў мяне, да таго ж нямала спраў і паездак.

— Здаецца, у вас заўсёды няблага складваліся ўзаемаадносіны з уладамі. Цікава, ці пагадзіліся б вы на прапанову Міністэрства культуры ўзначаліць, напрыклад, Музычны тэатр?

— Па-першае, мяне б ніхто не запрасіў, а па-другое, я б ніколі не згадзіўся. Лепей бегаць па лесе без ланцуга, чым сядзець на ланцугу ў будцы. Я ні за што не прамяняю свой вольны хлеб на якую-небудзь пасаду. Бо ведаю, што гэта такое. Да культуры ў Беларусі своеасаблівае стаўленне: людзі культуры ў нас патрэбны, калі неабходна закрыць нейкую дзірку — напрыклад, зрабіць канцэрт альбо прадэманстраваць, што ў нас ёсць культура…

— Пакуль не бачна, каб нехта з маладых бардаў падстаўляў сваё плячо вядомым на ўсю Беларусь Шалкевічу, Бартосіку, Акуліну. Можа, калі не стане гэтых людзей, згіне і бардаўская песня на Беларусі?

— Справа не ў тым, што яна загінаецца, а ў тым, што яна атрымлівае крыху іншы працяг. Калі я слухаю тых, хто нібыта павінен прыйсці нам на змену, я, на жаль, не бачу адметных людзей, якія б маглі захапіць публіку…

— І, відаць, апошняе пытанне. Нядаўна прачытала інфармацыю аб тым, што вы разам са спецыялістамі з Акадэміі навук, прадстаўнікамі царквы і іншых арганізацый падтрымалі ініцыятыву адмены веснавога палявання на вадаплаўных птушак у Беларусі. Вам, як казаў герой адной вядомай камедыі, птушак шкада?

— А чаму б не падпісаць? Ляцелі-ляцелі гэтыя птушкі і раптам хтосьці іх падразае — хто ж так робіць, гэта ж непрыгожа… Я люблю жывёл — дома жывуць рыбкі, кошка. Да нядаўняга часу жыў хамячок — эмігрант з Польшчы — але, на жаль, памёр, з-за чаго мы ўсе страшэнна перажывалі.

Таму я супраць таго, каб забівалі жывёл…

ДАВЕДКА

Віктар Шалкевіч

Нарадзіўся 9 лютага 1959 года ў мястэчку Поразава Гродзенскай вобласці.

Скончыў Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут у 1980 г.

Працаваў у Гродзенскім абласным драматычным тэатры (1980—1987), выкладчыкам рэжысуры і майстэрства акцёра ў культпрасветвучылішчы (1987—1990). З 1990 г. у Гродзенскім абласным тэатры лялек.

Яшчэ ў школе пачаў пісаць і выконваць песні на беларускай мове.

Выпусціў шэсць альбомаў: "Правiнцыя", "Смутны беларускi блюз", "Балады i рамансы", "Добрай ранiцы", "За сто крокаў пекла Вострае Брамы", "Гарадзенец прызямлiўся ў Мінску". Лаўрэат рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў аўтарскай песні.

З канцэртамі выступае ў Беларусі, Расіі, Украіне, Польшчы, Літве, Францыі, Германіі, Чэхіі. Тэксты песень перакладзены на англійскую, нямецкую, польскую, чэшскую і ўкраінскую мовы.

З жонкай знаёмы больш за 30 год. Яна педагог. Дачцэ 21 год. Яна — будучы гісторык мастацтваў.

 

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)