Общество

Велікодны зварот айца Аляксандра Надсана

Першыя крокі папы Францішка выклікалі шмат каментараў у сусветнай прэсе.

Не абышлося і без крытыкі, асабліва з боку некаторых царкоўных дастойнікаў. якім не вельмі быў даспадобы ягоны сціплы спосаб жыцця, а таксама ягоная любоў бедных, якая не сканчаецца толькі словамі, і ў якой некаторыя хацелі бачыць паказуху.

А між іншым папа не зрабіў і не робіць нічога, чаго не рабіў Той, чыім намесьнікам на зямлі ён з’яўляецца, і які сказаў:

«Лісы маюць норы, птушкі нябесныя — гнёзды свае, а Сын Чалавечы не мае, дзе б галаву прытуліць» (Лк 9:58). Ягоная асоба і навучанне не супадалі з уяўленнем чаканага Збаўцы сярод тых, якія ўважалі сябе духоўнымі праваднікамі і настаўнікамі свайго народу. Сапраўды, «Прыйшоў да сваіх, і свае Яго не пазналі»(Ян 1:11); і ня толькі не пазналі, але адкінулі і ўзьненавідзелі, і сталі прычынаю Ягонай крыжовай смерці. І ў гэтым вялікая трагедыя абранага народу.

Але магіла і смерць не маглі ўтрымаць Таго, хто сказаў пра сябе «Я — уваскрасенне і жыццё» (Ян 11:25).

Госпад і Бог наш Ісус Хрыстос устаў з мёртвых на трэці дзень, абнавіўшы сваім устаннем увесь сусвет і даючы нам дарогу да вечнага і непрамінальнага жыцця з Богам.

Вялікдзень — доказ усеабдымнай Божай любові да людскога роду, любові несумяшчальнай з ніякімі праявамі злосці ці нянавісці да каго-колечы.

Узгадаем малітву Хрыста за тых, што яго ўкрыжавалі: «Ойча, прабач ім, бо яны ня ведаюць, што чыняць»(Лк 23:34). Гэтыя словы даюць нам шмат да роздуму.

Пра гэта гаворыцца і ў песні, якую спяваем падчас Велікоднай службы:

«Уваскрасення дзень! Прасветлімся ўрачыстасцю і адзін аднаго абдымем; cкажам ‘Браты’ і тым, што ненавідзяць нас, прабачыўшы ўсё дзеля ўваскрасення; і ўсклікнем вось так: Хрыстос уваскрос з мёртвых, смерцю смерць зваяваў, і тым, што ў магілах, жыццё дараваў».

а. Аляксандар Надсан, апостальскі візітатар для беларусаў замежжа, Вялікдзень 2013

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)