Экономика
Зміцер Панямонаў, Еўрарадыё

Вечны агонь у Брэсцкай крэпасці абыходзіцца штомесяц у 5 тысяч долараў

Вечны агонь у Брэсцкай крэпасці абыходзіцца штомесяц у 5 тысяч долараў. Раней яго ўтрыманне забяспечваў “Газпрам”. Аднак сёлета падобная дамова пакуль не падпісана. Пра гэта Еўрарадыё паведаміў дырэктар гістарычна-культурнага комплексу “Брэсцкая крэпасць-герой” Валерый Губарэнка.

Валерый Губарэнка: “Летась ён плаціў, але ўжо скончыў усе плацяжы ў гэтым годзе. А на наступны год у нас дамовы з ім няма. Пакуль гэта пытанне ніяк не вырашалі, таму за газ плаціць Рэспубліка Беларусь з бюджэту. За гэты газ, за гэты агонь. У месяц ідзе 5 тысяч долараў за газ”.

А вось Вечны агонь на Плошчы перамогі ў Мінску абыходзіцца Цэнтральнаму раёну сталіцы, прыкладна, у 4 мільёны 740 тысяч рублёў. Як адзначыла намесніца начальніка службы ўліку і метэаралагічнага забеспячэння Мінгазу Раіса Мірановіч, штодзень у Вечным агні згарае 287 кубаметраў газа. А прадае яго Мінгаз Адміністрацыі Цэнтральнага раёна па тым жа кошце, што і ўсім іншым прадпрыемствам — па 210 долараў за тысячу кубічных метраў.

Раіса Мірановіч: “За месяц там ужываецца 8612 кубаметраў газа. Адзін кубічны метр каштуе прыблізна 550 рублёў”.

Як спецыяльна зазначыла Раіса Мірановіч, гэтыя разлікі зробленыя з улікам студзеньскіх коштаў на газ.

Даведацца, колькі ўсяго ў Мінску помнікаў, каля якіх гарыць Вечны агонь аказалася не проста. Па словах Раісы Мірановіч, у Мінску шмат Вечных агнёў, якія не гараць увесь час, а толькі ўключаюцца на святы. Таму агульную іх колькасць назваць складана.

Раіса Мірановіч: “У нас шмат Вечных агнёў, але яны не гараць з раніцы да вечара. У нас ёсць Вечныя агні, якія, да прыкладу, на свята Перамогі ўключаюцца. Спачатку іх падключаюць, а калі свята заканчваецца — адключаюць. У нас ёсць і такія Вечныя агні”.

Намесніка старшыні Беларускага грамадскага аб’яднання ветэранаў Міхаіла Жукоўскага такое пытанне таксама прывяло ў разгубленасць. Хоць, здаецца, дзе, як не там, павінны дакладна ведаць гэтыя месцы.

Міхаіл Жукоўскі: “Галоўным у нас лічыцца Вечны агонь гэты (на Плошчы перамогі — заўв. аўт.). Потым у нас яшчэ ёсць абеліск “Мінск — горад-герой”. У Масюкоўшчыне, ведаю дакладна, што ў нас быў Вечны агонь, гарэў каля брацкага пахавання. Як ён цяпер — не магу сказаць. Колькі ж іх усяго, мне сказаць цяжка”.

Як высветлілася, Вечныя агні каштуюць нямала. Аднак саму магчымасць таго, што, напрыклад, агонь на плошчы Перамогі сталіцы можа згаснуць з-за фінансавага крызісу, памочнік першага намесніка старшыні Мінгарвыканкама Аляксандр Ракаўшчык абверг катэгарычна. Кажа, гэта святое месца знаходзіцца пад пільным кантролем выканкама.

Аляксандр Ракаўшчык: “Мы ўсё кантралюем, кожную плітку там кантралюем. Як гэта ў цэнтры горада, у сталіцы забыцца пра Вечны агонь?! Да вы што! У нас тут за любую гурбіну снегу так доўбяць, а тут Вечны агонь, вы што!”

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)