Вечарына «Беларускага кнігазбору» адбылася ў фае Палацу мастацтва (фота)

Ураньні 17 сакавіка стала вядома, што вечарына з нагоды выхаду 50 тамоў выдавецкай сэрыі «Беларускі кнігазбор» адмененая адміністрацыяй Палацу Мастацтва, дзе яна плянавалася. Аднак, як паведамляе Радыё Свабода, людзі ўсё роўна прыйшлі і правялі імпрэзу ў фае і на прыступках будынку.

«Еўрарадыё» паведамляе, што, паколькі паінфармаваць людзей пра адмену імпрэзы было ўжо тэхнічна цяжка, галоўны рэдактар “Кнігазбору” Кастусь Цьвірка ў 18 гадзінаў прыйшоў у Палац Мастацтва, каб паспрабаваць дамовіцца з кіраўніцтвам. Прыйшлі таксама больш за 100 чалавек гледачоў.

Праз пэўны час Кастуся Цьвірку разам з дырэктарам выдавецтва Генадзем Вінярскім запрасілі ў кабінет да дырэктара Палаца Мастацтва Аляксандра Зінкевіча. У размове ён патлумачыў, што адмыслоўцы знайшлі ў актавай залі бэльку, якая трэснула – і ім давялося адмяніць тры імпрэзы, каб прыбіраць недахоп – іначай праводзіць мерапрыемствы небясьпечна.

Кастусь Цьвірка, выйшаўшы ад дырэктара, вырашыў правесці імправізаваную вечарыну проста ў холе Палаца Мастацтва, каб не расчароўваць гледачоў, якія настроіліся на мерапрыемства. У якасці сцэны паслужыла лесьвіца на другі паверх. Не ўсе з запланаваных выступоўцаў узялі слова – усё-ткі гледачы назіралі за імпрэзай стоячы, многія з іх былі паважлівага ўзросту – таму спадар Цьвірка вырашыў не зацягваць.

Як паведамляе «Радыё Свабода», паэт Анатоль Вярцінскі прачытаў верш, прысьвечаны расстраляным беларускім пісьменьнікам, а знаны саліст беларускай опэры і кіраўнік «Беларускай капэлі» Віктар Скарабагатаў прасьпяваў жартоўную песьню Манюшкі.

– Гэта робіцца ўжо нават сьмешным: от як толькі дзе нешта беларускае, што не да спадобы ўладам, адразу катастрофа, адразу рамонт... Але мы не павінны на гэта зважаць, мы павінны ісьці сваім шляхам, – заявіў паэт Уладзімер Някляеў. – Гэтыя 50 тамоў пераважваюць усю тую макулятуру, якую панапісвалі з 94 году ўсе разам узятыя пісакі сёньняшняй улады. Я не разумею чаму, але факт ёсьць факт, што да гэтай пары ўлада вядзе вайну з нацыянальнай інтэлігенцыяй. Яна ня можа пазьнішчаць яе, як рабілася гэта ў Курапатах, таму яна кінулася забараняць, адмяняць. Але нельга адмяніць Купалу і Коласа, Рыгора Барадуліна і Васіля Быкава, Генадзя Бураўкіна і Ніла Гілевіча, нельга адмяніць нікога з тых, хто выйшаў ужо ў „Беларускім кнігазборы“, і хто выйдзе пасьля».

Спадар Някляеў падарыў ініцыятару і нязьменнаму кіраўніку сэрыі Кастусю Цьвірку мабільны тэлефон, каб той мог у выпадку новых экстрэмальных сытуацый апэратыўна пра гэта паведаміць грамадзкасьці. Спадар Цьвірка паабяцаў прысутным, што нягледзячы ні на якія сытуацыі, выданьне лепшых твораў беларускай літаратуры за ўвесь час яе існаваньня будзе працягвацца.

Кастусь Цьвірка з новым тэлефонам

– Мы ў палітыку ня лезем, – сцьвярджае Кастусь Цьвірка. – Наша палітыка, самая важная палітыка – выданьне „Беларускага кнігазбору“, нашай спадчыны, клясыкаў нашай літаратуры. Мы хочам паказаць, што ў нас вялікая літаратура і што мы – вялікі народ».

Акадэмік Радзім Гарэцкі зьвярнуў увагу на тое, што ва ўсе часы беларускія літаратары цярпелі перасьлед: «Як бачым і цяпер тое ж самае. Як гэта назваць? Гэта, безумоўна, дзяржаўны тэрарызм, вось тое, што не даюць спакойна пагаварыць нават пра літаратуру».

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)