Общество

Ірына Дрозд

Ваяр УСУ: «Буду радавацца вашай свабодзе не менш, чым нашай. Жыве Беларусь!»

«Салiдарнасць» распавядае, як настаўнік матэматыкі стаў камандзірам. Размова, з якой стане яшчэ больш зразумела, за што ваююць украінцы.

Анатоль Ткачэнка. Фота з архіва героя

— У 2014 годзе я не хацеў ісці на вайну, бо пад уплывам СМІ лічыў, што гэта сапраўды выбар людзей. Таму не хацеў ісці насуперак нечаму выбару. І насамрэч доўгі час быў праціўнікам АТА і ААС («Антытэрарыстычная аперацыя» — афіцыйная назва вайны ў Данбасе ў 2014-2018 гадах, пасля 2018 года — «аперацыя аб'яднаных сіл» — С.), — кажа камандзір артылерыйскага ўзвода УСУ Анатоль Ткачэнка.

Але 24 лютага 2022 года, калі пачалося ўварванне, ён зразумеў, што пытанне выбару народу больш не стаіць. Народ свой выбар зрабіў, і Анатоль вырашыў, што цяпер надышоў час змагацца за гэты выбар.

Аб тым, як настаўнік матэматыкі стаў камандзірам, што думае пра сваіх ворагаў і чаму марыць пасля вайны прыехаць турыстам у свабодную Беларусь, украінскі службовец расказаў «Салідарнасці».

«Было сорамна, калі сказалі, што я «не падыходжу» у войска»

— У першы дзень 24 лютага я зразумеў, што пайду ваяваць, што маю сілы і розум. Між тым вакол мяне не было людзей, якія б хацелі «русский мир».

Але спачатку перада мной стаяла задача забяспечыць бяспеку сям’і. Жонку я ўгаворваў пакінуць Украіну цэлы тыдзень.

Сам з пачатку вайны быў у тэрытарыяльнай абароне (ТРА) сваёй вёскі. І павінен вам сказаць, там быў сапраўды гераізм.

— Раскажыце, што рабіла ТРА?

— Аднойчы мы стаялі без зброі і брані на блокпасту. Усё, што ў нас было, гэта сякера, алюмініевая біта і скрыня кактэйляў Молатава. Паведамілі, што на нас ідзе група ДРГ, узброеная АК-74, маўляў, уцякайце.

Я пагаварыў з хлопцамі, нас было чацвёра, мы размеркаваліся, хто дзе будзе стаяць. Хлопцы пазалягалі па абыходах з кактэйлямі, а я сустракаў з ліхтаром.

Было страшна, але мы вырашылі, што будзем стаяць. Мы былі гатовыя загінуць, але знішчыць хаця б аднаго-двух.

Дзякуй Богу, яны змянілі накірунак і нарваліся на блокпост, які быў больш абсталяваны. Таму цяпер я і размаўляю з вамі.

Потым мяне ўсе ж выклікалі ў ваенкамат прайсці камісію. Я прайшоў, аказаўся прыдатны, мяне спыталі, ці гатовы я ваяваць, я адказаў, што гатовы.

— Але ж вы ніколі не трымалі зброю да таго часу, гэта праўда?

— Так, я не служыў у арміі, пра вайну ды баі ведаў толькі па камп’ютарных гульнях. З-за гэтага мяне і не хацелі браць. Сказалі, што ёсць тыя, хто мае больш вопыту. А вось у ТРА бралі ўсіх, было б толькі жаданне.

Але я хацеў трапіць у войска. Ці было мне сапраўды страшна? Тады не, бо я разумеў, што гэта не гульня, што гэта сапраўдная вайна. Такі быў настрой.

І я працягваў хадзіць у ваенкамат, а мне працягвалі казаць, што ёсць больш дасведчаныя, маўляў, чакайце свайго часу.

— Колькі давялося чакаць?

— Два месяцы. І нарэшце мяне прынялі ў ваенкамаце і адправілі ў размеркавальны цэнтр. А там я не прайшоў тэсты па псіхалогіі, і мяне зноў вярнулі дадому.

Па праўдзе кажучы, не так зразумеў адно пытанне. Таму гэта міф, што бралі ўсіх запар.

— А пытанні цяжкія задавалі?

— Не, не цяжкія, але па псіхалогіі. Ці гатовыя мы маральна да вайны, наколькі гатовыя абараняць Радзіму, ці няма ў каго думак пра самагубства. І я паставіў адну галачку ў тэсце не туды.

Пасля тэлефанаваў у ваенкамат і пытаўся, ці няма зноў адпраўкі ў той цэнтр.

— Вы перажывалі, не падумалі, што лёс такі — я хацеў, але не ўзялі?

— У той дзень я плакаў, жонка — сведка. Мне было сорамна, што я «не падыходжу». Давялося чакаць яшчэ два тыдні. І мяне ўсё ж  паклікалі — я паехаў і на гэты раз добра ведаў, як адказваць на пытанні. Папрасіў, каб мяне запісалі ў ПЗРК. Гэта было ў маі 2022 года.

— Як родныя ставіліся да таго, што вы вырашылі ісці на вайну?

— Цяжка казаць пра іх пачуцці. Напэўна, хвалявацца за блізкага чалавека, які пайшоў на вайну, страшней, чым знаходзіцца тут.

— Яны вам не казалі, калі вас не ўзялі, ну і добра?

— Было такое.

— Аднак вас гэта не спыніла.

— Не, бо хай гэта гучыць занадта, але ніхто акрамя нас.

Ніхто акрамя мяне не абароніць тых, каго я люблю.

«Прабягалі ад 15 да 30 кіламетраў у поўным абмундзіраванні вагай 20-30 кілаграмаў»

— Памятаеце свае першыя дні ў войску, наколькі рэальнасць адрознівалася ад таго, што вы меркавалі пра вайну?

— Калі шчыра, я як раз прыкладна так усё і ўяўляў. У навучальным цэнтры было і цікава, і складана адначасова. Было шмат фізічнай працы, да якой не ўсе аказаліся гатовыя.

Плюс — пастаянныя страляніна, таму што на палігоне вучыліся ўсе — ад пяхоты да артылерыі. Звычайнаму «мірнаму» чалавеку вытрымаць такія абставіны не так проста.

— А якой фізічнай работы? Бо некаторыя думаюць, што вайна, гэта калі далі зброю і пайшоў адразу ў бой.

— Шмат хадзілі строем, бегалі, вучылі тапаграфію, то-бок арыенціроўку на мясцовасці. Прывучаліся да працы ў бронекамізэльках і касках.

Трэніраваліся з шасці раніцы да дзесяці вечара. Я падлічваў, што ў дзень мы прабягалі ад 15 да 30 кіламетраў у поўным абмундзіраванні. А гэта 20-30 кілаграмаў у залежнасці ад таго, чыя браня.

— Як у гэтым наогул магчыма перасоўвацца?

— Як аказалася, можна (усміхаецца — С.). Я хутка прывык. Фізічна як быццам заўсёды быў развіты — дзяцінства ў вёсцы дае свае плюсы.

Аднойчы ў навучальным цэнтры мне паведамілі, што я ўжо не аператар ПЗРК, а мінамётчык. Кажучы шчыра, у той час нават не меў уяўлення, што такое мінамёты.

Аказалася, для мяне гэта лёгка, таму што гэта пяхотная артылерыя, а артылерыя — гэта геаметрыя, мой профіль па адукацыі. Таму мяне адразу паставілі камандзірам мінамёта.

Але быў нюанс, калі нас вучылі, сказалі, што шанец быць тым, на каго вучышся, прыкладна 50%. І мне пашанцавала.

— Памятаеце, калі пабачылі першую смерць на вайне?

— Я памятаю першага загінулага пабраціма, памятаю іх усіх.

— Як з гэтым жыць?

— Усё залежыць ад чалавека. Вы памятаеце інтэрвʼю Алены Зяленскай, у якім яна распавядала пра мужа, маўляў, ён не стаў такім падчас вайны, ён проста раскрыўся ў гэты час.

Так і тут. Калі ты да вайны быў псіхалагічна ўстойлівым, то і тут перажывеш гэта. Калі раней успрымаў падобныя траўмы цяжка, то і на вайне табе будзе вельмі цяжка маральна.

— Ці часта на вайне плачуць мужчыны, вы назіралі, як смерці таварышаў ламаюць людзей?

— Мы плачам па пабрацімах, хтосьці адкрыта, хтосьці па начах, калі іншыя спяць. Кагосьці такое ламае, а камусьці дае яшчэ больш сіл і злосці.

Наогул, душэўны боль мацнейшы за фізічны. Фізічны можна ператрываць, ён праходзіць, а душэўны вяртаецца да нас па начах.

Павінен прызнаць, што, на жаль, годнай псіхалагічнай падтрымкі вайсковым не аказваюць. І гэта ламае, мабыць, больш, чым смерці пабрацімаў.

Хлопцы стамляюцца, а падтрымаць няма каму. Часта і семʼі не ведаюць, як правільна падтрымаць.

— Беларускія ваяры расказвалі пра неадзінкавыя выпадкі, калі жонкі адказваюцца разумець, чаму іх мужы рызыкуюць сваім жыццём у іншай краіне, і наогул разводзяцца.

— О, разумею, гэта цяжка. Нават нашы жанчыны так робяць, а вашы тым больш.

Не кожны ўсведамляе, што гэта вайна не паміж дзвюма краінамі, а паміж воляй і таталітарызмам. Таталітарызмам, які і вашу краіну трымае ў кайданах. А ў вас жа такая цудоўная краіна!

«Наша галоўная зброя — наша гісторыя, усе закатаваныя і згвалтаваныя продкі і сучаснікі»

— Зараз вы камандзір падраздзялення. Колькі ў вас падначаленых? Дарэчы камандзір — гэта ж не толькі той, хто аддае загады?

— Так, у мяне 19 байцоў: айцішнік, гісторык, механік, кіроўца — прафесійных ваенных амаль няма. Хтосьці жанаты, у кагосьці ёсць дзеці, у кагосьці якія праблемы ў бацькоў.

Дарэчы гэта хлопцы ва ўзросце ад 22 да 54 гадоў. І да кожнага трэба знайсці падыход. Я спрабую.

— Вам дапамагае вопыт настаўніка?

— Вядома, праца настаўнікам дапамагае мне пераканаць хлопцаў. Бо ёсць вялікая розніца паміж рэгулярнай арміяй, і мабілізаванай. Мы ўсе прыйшлі сюды з нейкім вопытам, са сваімі поглядамі, з сямейнымі гісторыямі. Зразумела, што не ўсім падабаецца, што імі кіруюць тыя, каго ім прызначылі.

І калі падраздзяленне пагаджаецца з тым, што я лідар, для мяне гэта вельмі крута.

Але няма нейкага аднаго бясспрэчнага аргумента, пры дапамозе якога з усімі можна дамовіцца. Няма такога ключа або рэцэпту. Да кожнага трэба шукаць свой падыход.

— То-бок вы яшчэ і псіхолаг?

— Я настаўнік, мабыць, гэтага дастаткова (усміхаецца – С.). Камандзір можа і не быць псіхолагам, але тады няма чаго разлічваць на падтрымку падраздзялення.

— Хачу асобна спытаць пра ворага, з якім вы змагаецеся, які ён?

— Я камандзір узвода артылерыі, таму тварам да твару з ворагам не сустракаюся. Але паводзіць ён сябе вельмі дзіўна. Напрыклад, мы знішчаем іх пазіцыі, а яны зноў проста заходзяць туды, нічога не змяняючы... і даюць магчымасць знішчаць іх зноў.

І ўсё ж павінен прызнаць, што яны вучацца на вайне. Гэта ўжо не той вораг, што мінулай вясной. Яны перасталі рухацца калонамі, тэхніка ездзіць паасобку.

І асабовы склад перастаў купкавацца. Цяпер складана накрыць адразу 20+ вайскоўцаў, максімум 3-4 чалавека ў адным месцы.

Яны пачынаюць працаваць паралельна ўсёй зброяй, напрыклад, выязджае танк, пяхота пачынае стралковы агонь па пазіцыях, каб не даць магчымасці прымяніць супрацьтанкавыя сродкі, а артылерыя ў гэты час працуе каля нашых пазіцый, не даючы нам абараніць сваю пяхоту.

— Але ж, нягледзячы на тое, што яны чамусьці падвучыліся, што яны нават узарвалі Кахоўскую ГЭС, УСУ не адступілі, а, наадварот, пайшлі ў контрнаступ.

— Мы не адступім, бо мы таксама вучымся і паляпшаем свае тэхнічныя магчымасці. Але нават не гэта галоўнае.

Я ўсё ж лічу, што наша галоўная зброя — наша гісторыя, усе закатаваныя і згвалтаваныя продкі і сучаснікі. Яны нам даюць тыя сілы, з якімі мы і голымі рукамі гатовыя біць ворага.

Канешне, гэта маё лірычнае бачанне. Вядома, што без дапамогі было б цяжка. І чым яе больш, тым лепш. Зброя мае вялікае значэнне і яе колькасць таксама. Таму што сілы не роўныя.

Мы працуем той жа зброяй, што і вораг. Менавіта брыгады наступу маюць лепшую, якая дапамагла спыніць наступ, дала магчымасць перайсці ў контрнаступ. А ў нас усё тое ж савецкае, тыя ж АК-74 і мінамёты 120 калібру.

— Як адчуваецца контрнаступ вонкі, з таго месца, дзе вы знаходзіцеся?

— Да нас стала заязджаць шмат тэхнікі, шмат новых брыгад. Пакуль яны тут размяшчаюцца і не вядуць ніякіх дзеянняў. Яны ў чаканні загада.

— А чаму радуюцца на вайне?

— Радуемся перамогам, хай і невялікім, вызваленню нейкага сяла альбо тэрыторыі. Я асабіста радуюся, калі бачу падтрымку свету. З задавальненнем чытаю аб гэтым. Радуюся, калі бачу на відэа, як сустракаюць нас на вызваленых тэрыторыях.

Ну і радуемся ўдалай працы, калі ведаем, што сваім розумам і сваімі рукамі наблізілі перамогу.

— А як вы бачыце вынікі сваёй працы?

— Я як камандзір узвода маю доступ да дронаў выведкі. Я бачу вынікі, запісваю іх, потым паказваю хлопцам, каб яны разумелі, што нездарма тут.

— Калі, на ваш погляд, скончыцца вайна, што вы думаеце аб гэтым, знаходзячыся ў самым пекле?

— На полі бою цяжка ўбачыць канец вайны. Перамога адбудзецца, але не так хутка, як нам усім хацелася б. Мы адбіваем сваю зямлю, але не такімі хуткімі тэмпамі. У мінулым годзе адбілі Харкаўскую вобласць, Херсон. У гэтым годзе працягваем, але яшчэ далёка не ўсё.

Таксама ёсць надзея на ўнутраныя падзеі ў РФ, я маю на ўвазе развал. І тое, што мы бачылі адбывалася там нядаўна, умацоўвае гэтую надзею.

— Некаторыя эксперты і вайсковыя кіраўнікі лічаць, што да канца гэтага года можа быць вызвалены Крым. На вашу думку, такое можа адбыцца?

— Я веру, што можа. У вайсковых кіраўнікоў ёсць больш інфармацыі пра агульную карціну. Але ж перамены адчуваюцца. Там, дзе я знаходжуся, лінія фронту 15 кіламетраў. Апошнія паўгода яна практычна не рухалася ні ўперад, ні назад. У такія моманты ты страчваеш надзею на тое, што яна наогул калісьці парушыцца.

А калі зараз я бачу, што рыхтуецца прарыў, нешта адпаведнае таму, што адбывалася на Харкаўшчыне, і ў вайсковых уздымецца баявы дух і настрой.

— Вы сабе ўяўлялі Перамогу? Што будзеце рабіць менавіта ў гэты дзень?

— Хтосьці з нашых генералаў на гэта пытанне адказаў, што ў дзень Перамогі будзе плакаць. І мы з хлопцамі, калі думаем пра гэты дзень, таксама прызнаемся, што будзем плакаць. І радавацца, канешне, будзем.

«З радасцю пасля Перамогі прыеду турыстам у Беларусь»

— Хачу спытаць пра нас. Як вы ставіліся да падзей 2020 года ў Беларусі?

— Я тады бязмежна ганарыўся вамі і нават думаў, што хацеў бы быць разам з вамі, прыехаць і дапамагаць. Быў гатовы ваяваць за свабоду Беларусі, хаця ў той час мы мелі і сваю вайну.

Вельмі шкада, што ў вашага народу не хапіла менавіта той жылкі, каб зрынуць свайго дыктатара.

— А чаму вас цікавіць лёс Беларусі? У вас ёсць тут родныя ці сябры?

— Нікога няма, проста сама ідэя — вольная краіна, вольны народ. І вы ж нашы браты — па крыві і культуры.

— То-бок вы ведаеце розніцу паміж Беларуссю і Белоруссией?

— Так, я ведаю. Яшчэ я бачу, што мы з вамі гаворым на розных мовах, але цудоўна адзін аднаго разумеем. Мне вельмі падабаецца ваша мова, я люблю беларускіх блогераў, мне падабаецца ваша жаданне да самаідэнтычнасці.

Вы не Белоруссия. У вас ёсць свая багатая гісторыя, як і ў нас. Галоўнае, памятаць гэта, а не казаць, што нашы краіны стварыў Ленін.

І я з радасцю пасля Перамогі прыеду турыстам у Беларусь. І буду радавацца вашай свабодзе не менш, чым нашай. Жыве Беларусь!

— Жыве Вечна! І Слава Ўкраіне! А што вам вядома пра нашых каліноўцаў?

— Магу толькі сказаць, што глыбока паважаю П*лк Каліноўскага. На жаль, дагэтуль не сустракаўся, але б з радасцю сустрэўся з воінамі Беларусі.

— А што б вы ім сказалі пры сустрэчы?

— Я бы падзякаваў ім і сказаў, што ганаруся стаяць з імі ў адным шэрагу. Потым мы бы селі і пагаварылі пра нашы семʼі. Гэта важная тэма для кожнага воіна. Гэта тое, за што ты трымаешся, за што змагаешся. І я ўпэўнены, што вашы ваяры ва Ўкраіне таксама бʼюцца за свае семʼі, хоць гэта і складана пакуль зразумець.

— Вы сказалі, што нават у 2020 годзе хацелі дапамагчы нам, а калі так здарыцца, што пасля перамогі Ўкраіны нам сапраўды спатрэбіцца дапамога і ўкраінцам дазволяць далучыцца добраахвотна да вызваленчага руху ў Беларусі, ці будуць такія ахвотныя?

— Будуць, я ўпэўнены ў гэтым. І жадаю вам дачакацца найлепшых часоў, калі нашы краіны стануць цэнтрам Еўропы, як гэта было калісьці. Беларусь заўсёды была сястрой Украіны.

«Пасля вайны ў мяне планаў больш, чым можна ўявіць»

— Раскажыце, калі ласка, крыху пра сябе.

— Мне 31 год, я скончыў Кіраваградскі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт і працаваў настаўнікам матэматыкі шэсць гадоў у вёсцы ў Кіраваградскай вобласці.

— А чаму вы вырашылі стаць настаўнікам, ды яшчэ ў вёсцы? Не папулярная ў наш час прафесія.

— У 17 гадоў я хацеў быць не настаўнікам, а эканамістам. Але тады не было інтэрнэту і інфармацыі. Мае настаўнікі сказалі, што гэта магчыма, калі паступлю на фізіка-матэматычны факультэт. З гадамі я зразумеў, што вучыць — гэта маё.

Наогул вельмі люблю вёску. Я такі чалавек, што радуюся простым рэчам. Хацеў і хачу падняць узровень жыцця на вёсцы, каб не было сорамна перад гарадскімі жыхарамі.

— Пасля вайны працягнеце падымаць узровень жыцця на вёсцы?

— Я ўсё жыццё быў нейкім актывістам, хацеў, каб людзі любілі ўкраінскае, але не метадам прымуса, а менавіта распаўсюджваннем культуры.

Пасля вайны ў мяне планаў больш, чым можна ўявіць. Тут на вайне я пераасэнсаваў, што такое сямʼя, хачу надаць больш увагі жонцы, дзецям. Хачу дапамагаць воінам, стварыць або актыўна ўдзельнічаць у Саюзе ветэранаў.

І само сабой распаўсюджваць украінскую культуру. Буду займацца ўсім, чым змагу.

— Якія прыгожыя мары! Хай усё спраўдзіцца! Дзякуй вялікі за час, які патрацілі на размову, бо вам напэўна трэба было адпачыць.

— Не хвалюйцеся за наш адпачынак (усміхаецца – С.). Пакуль няма перамогі — няма адпачынку. Я шчыра рады расказаць сваё меркаванне, таму што ўпэўнены, што нас павінны пачуць.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(34)