Ваўкавыскі інвалід па зроку змагаецца за свае правы

Інваліду па зроку і жыхарцы Ваўкавыска Алене Міхальскай пагражаюць звальненнем з працы, калі не прадставіць даведку, што яна інвалід.

Начальнік паведаміў, што яе звольняць, бо яе ўзялі на выпрабавальны тэрмін. Паводле ж беларускага заканадаўства, інвалідаў уладкоўваюць без умовы. Пасведчанне пра інваліднасць Алены згубілі яе ранейшыя начальнікі, таму ёй давядзецца ехаць у Гародню за даведкай, каб не страціць працу.

– Пагражаюць звальненнем. Кажуць, што яны мяне ўзялі на выпрабавальны тэрмін як здаровага чалавека. Дакументы ў мяне яны папрасілі толькі пасля тыдня працы. Я ўжо працавала ў іх. Пасля яны папрасілі прадставіць дакументы. Я ім паказала пасведчанне пра інваліднасць. Цяпер яны патрабуюць даведку з МРЭКа. Гэта будзе праблематычна, бо яе няма ў нашым горадзе. Паеду заўтра па гэтую даведку ў Гародню і пасля ім прадстаўлю, бо, паводле закона, яна мусіць быць.

Ціск на Алену Міхальскую пачаўся пасля таго, як яна звярнулася ў суд у спробе дамагчыся кампенсацыі сродкаў. Яна лічыць, што цягам 13-ці гадоў адміністрацыя дзіцячага садка №5 горада Ваўкавыска яе абкрадала. Штогод яна выходзіла ў аплочаны адпачынак, які складаў 21 дзень. Паводле заканадаўства, яна як інвалід мусіла адпачываць 30 дзён.

– Я не ведала сваіх правоў, даведалася зусім выпадкова, калі пазнаёмілася з чалавекам, які мне іх патлумачыў. Цяпер я вырашыла проста забраць тое, што мне павінна арганізацыя. Усе напісалі, што яны не ведалі, што я з’яўляюся інвалідам, але я ніколі гэтага не хавала, гэта бачна на маім твары.

Цяпер на новай працы на Алену аказваецца ціск з боку адміністрацыі, ад яе патрабуюць, каб яна спыніла судовыя спрэчкі з раённым аддзелам адукацыі спорту і турызму.

Алена просіць праваабаронцаў і юрыстаў Гарадзеншчыны аказаць юрыдычную дапамогу, каб яны дапамаглі ёй абараніць яе правы ў судзе.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)