Общество
Марына Загорская

«Васіля Быкава я перакладаў па начах»

Напярэдадні Дня шведскага сцяга кіраўнік прадстаўніцтва амбасады Швецыі ў Мінску Стэфан Эрыксан абмяркоўвае з карэспандэнтам «Салідарнасці» перспектывы краіны, якая жыве зусім пад іншым сцягам, а таксама распавядае, як стаў у нашай дзяржаве ўладальнікам антыкварнай крамы і чаму Tetra Pak лепшы за вікінгаў.

Швед Стэфан Эрыксан насамрэч можа лічыць сябе свядомым беларусам. Падчас імпрэз і сустрэч з чыноўнікамі, на вуліцах і ў кафэ ён размаўляе па-беларуску, хаця службовыя абавязкі гэтага і не патрабуюць.

— Я маю натуральную патрэбу, — тлумачыць свой выбар кіраўнік прадстаўніцтва амбасады Швецыі ў Мінску. — Да таго ж разумею, што ў Беларусі карыстаюцца дзвюма мовамі, і свядома аддаю перавагу той з іх, якая сёння знаходзіцца у слабейшай пазіцыі. Няхай у свеце будзе на аднаго носьбіта беларускай мовы больш,

— У Швецыі жыве дзевяць з «хвосцікам» мільёнаў чалавек, у Беларусі — крыху больш. Як мяркуеце: чаму шведы вядомыя на ўвесь свет, а пра існаванне на мапе Беларусі не здагадваюцца нават некаторыя еўрапейцы?

— Я думаю, ёсць аб'ектыўныя прычыны. Беларусь як незалежная краіна ў найноўшай гісторыі існуе не так доўга — шаснаццаты год. І хачу зазначыць: усё не так кепска. За ўсю Еўропу казаць не буду, але шведы пачалі цікавіцца Беларуссю дзесьці ў сярэдзіне 1990-х. Тады было шмат падзей у свеце, у Еўропе, у былой Югаславіі. Магчыма, таму Беларусь і не выходзіла на першыя старонкі газет.

— У 2002, калі беларускія хакеісты перамаглі шведскіх, выйшла…

— …гэта, безумоўна, дапамагло шведам даведацца пра Беларусь.

— Але што самі шведы рабілі, каб іх пазнавалі ў свеце?

— Былі вікінгі з іх ваяўнічымі паходамі. Гэткім чынам Еўропа даведалася, што ёсць такія паўночныя народы. Я разумею, што не ўсе былі радыя знаёмству з імі. На той час рознае здаралася. Потым была Шведская імперыя. У XVII стагоддзі яна займала амаль усю Паўночную Еўропу. Ізноў былі войны, якія прымусілі людзей пра нас даведацца. А потым мы ад гэтых імперскіх амбіцый пазбавіліся. Нас сталі пазнаваць па іншых крытэрыях. Напрыканцы XIX стагоддзя шведы зрабілі шмат вынаходніцтваў: кожная даярка ў свеце ведае пра малочны сепаратар, кожны сантэхнік — пра шведскі ключ, пакункі Tetra Pak пазнаюць нават малыя дзеці. Шведы зрабілі свой унёсак у развіццё прамысловага працэсу, стварыліся шмат моцных прадпрыемстваў, якія вядомыя ў свеце да сённяшняга дня: Tetra Pak, Ericsson, ІКЕА… Гэта лепш чымсьці што-небудзь іншае рэкламуе Швецыю.

— Дарэчы, ваша прозвішча мае дачыненне да сусветна вядомай маркі?

— Не, на жаль, ніякага.

— А што, на вашу думку, магло б стаць тым брэндам, па якім пазнавалі б Беларусь?

— Пытанне слушнае. Відаць, сённяшні брэнд Беларусі не самы прывабны ў плане сітуацыі з дэмакратыяй, правамі чалавека. Што мне падаецца ўнікальным у Беларусі — яе спадчына, знаходжанне паміж Усходам і Захадам, Поўначчу і Поўднем. Беларусі жылося няпроста ў гісторыі, але гэта пакінула цікавы след. Перакрыжаванне культур і рэлігій робіць Беларусь унікальнай краінай, якая можа быць цікавая ўсім бакам свету. Гэта і трэба выкарыстоўваць. Патрэбныя і канкрэтныя людзі, асобы, з якімі астатні свет асацыюе Беларусь. У вашай краіне павінен быць не толькі адзін твар.

Галоўнае цяпер — існаванне умоў, у якіх людзі змогуць сябе праявіць. Штучна стварыць твар краіны немагчыма. Гэта павінна адбыцца натуральным чынам.

Мне падаецца, ёсць крокі наперад. Краіна ўжо пачала пачуваць сябе як незалежная, адкрывацца. Нельга казаць, што жалезная заслона цалкам знікла. І ўсё ж такі беларусы часцей выбіраюцца ў Еўропу, у свет. Ёсць такая магчымасць у тутэйшых людзей — паглядзець на сябе іншымі вачыма. А жыццё ў ізаляцыі ні да чаго добрага не даводзіць.

— Праўда, што па адукацыі вы — эканаміст?

— Калісьці я быў эканамістам.

— Тады гэты досвед дапаможа вам справіцца з цяжкай задачай, якую я хачу прапанаваць: параўнаць рэальнае жыццё беларусаў і шведаў...

— О, гэта, сапраўды, вельмі цяжка. Лічбы пра ўсё не гавораць. Трэба ўлічваць падаткі, узровень коштаў, сацыяльных дапамог. Зразумела, чаму Швецыя дасягнула больш эканамічных поспехаў — паўстагоддзя таму эканоміка ў краіне пачала вельмі хутка развівацца. Абсалютны намінальны ўзровень жыцця там вышэйшы. Гэта мае значэнне, безумоўна. Але галоўнае для звычайнага чалавека ў любой краіне, каб відаць была перспектыва: чаго ён можа дасягнуць з таго, што не мае цяпер.

— Ці гатовыя шведы паспрыяць набліжэнню светлай будучыні для беларусаў шляхам укладання інвестыцый ў беларускую эканоміку?

— Грошы інвестараў самі шукаюць і знаходзяць тое месца, дзе для іх больш спрыяльныя ўмовы. Калі яны ёсць, грошы самі па сабе “цякуць” у краіну. За апошнія дзесяць гадоў, да прыкладу, шведы зрабілі шмат укладанняў у краіны Балтыі: прамысловасць, сфера паслуг, банкаўская сфера. У Польшчу таксама. Цяпер мы бачым вельмі вялікі рост укладанняў ва Украіну. Я думаю, грошы прыйдуць і ў Беларусь, калі ўмовы будуць па ўсіх параметрах прыймальныя.

Вельмі важна, каб беларускія прадпрымальнікі арганізаваліся і сталі сапраўдным партнёрам у дыялогу з уладамі. У нас якраз ёсць сумесныя беларуска-шведскія праекты па стварэнні бізнес-асацыяцый на рэгіянальным узроўні.

— Але што дакладна стварае перашкоды для шведскага бізнесу ў Беларусі?

— Я дакладна не вывучаў заканадаўства, але маю ўражанне, што яно някепскае. Адсутнасць празрыстасці ў выкарыстанні заканадаўства — гэта, падаецца мне, слабейшае звяно. Упэўненасці няма — гэта самае дрэннае для бізнесу. І ўсё ж усе буйныя шведскія прамысловыя кампаніі маюць у Беларусі сваіх агентаў ці ўласныя прадстаўніцтвы: Volvo, Scania, Ericsson, ІКЕА, Oriflame...

— Пра лозунг “Купляйце беларускае!” чулі?

— Я і купляю. Практычна ўсе прадукты. Мне вельмі падабаецца лён як матэрыял. З задавальненнем набываю ільняныя рэчы і для сябе і ў падарунак. Кашулю маю. І не адну. І ручнікі.

— Што вынікае з вашага ўласнага досведу наладжвання культурных зносін паміж Беларуссю і Швецыяй: якую з нашых культур лепей прымаюць — афіцыйную ці альтэрнатыўную?

— Не магу сказаць, што пакуль пра беларускую культуру ўвогуле шмат ведаюць. Але альтэрнатыўны варыянт мае больш шанцаў уліцца ў агульнаеўрапейскую культуру. Гэта не самамэта, канешне. Культура павінна існаваць ва ўласнай краіне і там дасягаць поспехаў.

— Вам не перашкаджае ў дыпламатычнай дзейнасці, што гутарка з чыноўнікамі ідзе на розных мовах: вы размаўляеце па-беларску, яны — па-руску...

— Я і рускай мовай, дарэчы, валодаю не горш. Але Біблію пераклалі на беларускую мову раней, чымсьці на рускую. Як прадстаўнік не вельмі вялікай краіны я лічу, што важна, каб існавалі і развіваліся не толькі міжнародныя, але й нацыянальныя мовы. Можна было б карыстацца рускай мовай. Але як тады чытаць беларускамоўную прэсу, кнігі, слухаць музыку? Гэта ўсё засталося б за межамі. Мабыць, мне гэта дапамагае зразумець беларусаў. У жыцці на вуліцах, у кафэ, калі звяртаюся па-беларуску, павінен зазначыць, што не ўсе адразу успрымаюць мову — здзіўляюцца. Але негатыўнай рэакцыі я ніколі не бачыў. Я з рознымі людзьмі маю стасункі. Дапускаю, што хтосьці з іх толькі са мной гаворыць па-беларуску.

— Якія захады рабілі шведы, каб захаваць сваю мову?

— У нас такое пытанне не стаяла. У Швецыі заўжды карысталіся шведскай мовай. Прыязжала шмат эмігрантаў з розных краін. Але ўсе яны раней ці пазней вывучалі шведскую мову. Сёння маладыя шведы валодаюць і міжнароднай ангельскай. Гэта вельмі добра. Але ёсць людзі, якія лічаць, што адбываецца ўплыў на шведскую мову, што яе засмечваюць ангельскія словы. Я ж думаю: мова —гэта жывы працэс. Шведская мова шмат змянілася за стагоддзі. Быў час, калі ў Сярэднявеччы мы шмат бралі нямецкіх слоў, калі французскіх слоў шмат патрапіла. Цяпер надышла чарга ангельскіх — гэта ўсё, што звязана з інфармацыйнымі тэхналогіямі. Ёсць краіны, якія штучна выдумляюць свае аналагі: ісландцы, фіны так робяць. У Швецыі гэта не прынята.

— Чым абумоўлены ваш выбар для перакладу на шведскую мову “Сцяны” Васіля Быкава, “Незалежнасць — гэта...” Уладзіміра Арлова ды некаторых тэкстаў N.R.M?

— Я лічу, што ўсе гэтыя людзі вельмі значныя для Беларусі. Твор Уладзіміра Арлова мне параіла прачытаць мая выкладчыца беларускай мовы. Гэта значны твор. У пэўны час ён меў вялікі рэзананс. Некаторыя з самых вядомых песняў N.R.M: “Тры чарапахі”, “Менск і Мінск”, ну і “Гадзюшнік” давялося перакласці напярэдадні канцэрта, які беларускі рок-гурт ладзіў у Стакгольме. Гэта не паэтычны пераклад, а толькі тлумачэнне сэнсу.

З твораў Быкава на шведскую мову перакладзены толькі адзін раман — “Кар’ер”. Я хацеў пазнаёміць шведскага чытача з якімсьці з апошніх твораў. На жаль, часу на пераклад раману проста не хапае. Таму выбраў апавяданне. Гэта была праца не з лёгкіх — два тыдні сядзеў па вечарах і начах і перакладаў. Беларуска-шведскага слоўніка няма. Але я карыстаўся беларуска-расейскім і тлумачальным таксама. Пытаўся ў беларускіх сяброў.

Зразумець было няцяжка, складана данесці думкі аўтара на іншай мове.

— А чаму не даручылі перакладчыцкую справу Шведскаму інстытуту, да прыкладу?

— Практычна няма шведаў, якія б перакладалі з беларускай мовы, таму я і не стаў шукаць нікога іншага. Я проста зрабіў сам. Але вось у лютым мы праводзілі семінар на выспе Готланд. У ім якраз прымалі ўдзел шведскія спецыялісты, якія перакладаюць з рускай і польскай. Былі таксама маладыя беларусы, якія ведаюць шведскую мову. У перспектыве працэс, мабыць, пойдзе. Раманы я толькі на пенсіі, баюся, змагу перакладаць. А да таго часу трэба кагосьці іншага падрыхтаваць.

— У якой яшчэ нязвыклай для дыпламатаў ролі вам давялося выступіць у Беларусі?

— Стаў на час уладальнікам антыкварнай крамы, агучваючы невялічкую, але вельмі важную для сюжэту ролю ў шведскай стужцы “Калядная казка”, якая перакладзена на беларускую мову. Раней я ніколі ў такім працэсе не ўдзельнічаў. Мне спадабалася. Калі будзе магчымасць, час калі будзе — паспрабую яшчэ раз.

— Дарэчы, пакаленне вашых равеснікаў у Беларусі выхоўвалася таксама на шведскіх казках Астрыд Ліндгрэн. Толькі ў шведскіх дзяцей кумірам была задзёрыстая Пэпі Доўгая Панчоха, а ў савецкіх — Карлсан, які не лічыў заганным падманваць малога хлопчыка. Адчуваеце розніцу ў менталітэце?

— Карлсана ў Швецыі таксама любяць і чытаюць. Але ў 1960-я гады выйшла вельмі добрая кінастужка пра Пэпі. Класная такая. Таму Пэпі перамагла Карлсана па папулярнасці. У Савецкім Саюзе тая ж сітуацыя: Карлсан стаў вядомым, дзякуючы таленавітаму мультфільму. Насамрэч Пэпі і Карлсан вельмі падобныя: моцныя персанажы, бунтары. Яны парушаюць традыцыі, але ўнутры яны светлыя асобы.

— З Пэпі пачалася эмансіпацыя шведскіх жанчын?

— Для многіх шведскіх дзяўчынак гэта моцная асоба стала добрым прыкладам.

— І хто цяпер ладзіць баль у Швецыі — жанчыны ці мужчыны?

— Я думаю, разам

— А ў Беларусі?

— У Беларусі, канешне, больш заўважальныя мужчыны. Але я думаю, што яны б не справіліся без жанчын.

— Звышдыпламатычны адказ. А ці лёгка жывецца ў Беларусі дыпламату?

— Лёгка ці нялёгка? Я думаю, што складанасці ўзнікаюць паўсюль. Ёсць і ў Беларусі. Але я не лічу гэта кепскім. Выпрабаванні робяць працу цікавай. Я не магу сказаць, што мне працаваць цяжка. Часцей усё ж лёгка.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)