Валянціну Быкаву пахавалі ў вёсцы Ваўчо

Разьвітаньне зь сястрой Васіля Быкава адбылося ў яе роднай хаце ў вёсцы Ваўчо, дзе яна правяла сваю апошнюю ноч. Паводле тастамэнту, пахавалі каля мужа, які памёр шмат гадоў таму.

Учора нябожчыцу даставілі зь Віцебскага абласнога шпіталя, — там Валянціна Быкава памерла ў выніку атрыманых у траўні траўмаў ад нападу невядомага.

Пахаваньнем займаліся мясцовыя ўлады — райвыканкам і райсавет. Яны арганізавалі дастаўку цела, пахаваньне на могілках, а таксама жалобны стол. Сацыяльныя службы належным чынам прывялі ў парадак і падворак, і могілкі.

Разьвітацца зь цёткай прыехалі сыны Васіля Быкава — Васіль і Сяргей, а таксама сын яе малодшага брата зь вёскі Бычкі Мікалая Харака, які зьяўляецца загадчыкам музэю-сядзібы Васіля Быкава. Таксама былі літаратар Глеб Лабадзенка і ўдава Рыгора Барадуліна — Валянціна Барадуліна.

Дарэчы, высьветлілася, што паводле дакумэнтаў, Валянціна Быкава ня мела сёлета 90-гадовы юбілею. Калісьці яна «амаладзілася» на адзін год і запісала датай нараджэньня 24 чэрвеня 1927 году.

Насамрэч, сястра Быкава нарадзілася 7 ліпеня 1926 году, яна не дажыла чатыры дні да 90-годзьдзя.

З боку прадстаўнікоў уладаў на пахаваньні гучалі словы пра тое, што нападу на Валянціну Быкаву магло ня быць, і што яна магла сама паваліцца і паламаць руку і рэбры.

Хата Валянціны Быкавай у Ваўчы

Разьвітваецца Сяргей Быкаў, сын Васіля Быкава, крайні справа — яшчэ адзін сын, Васіль Быкаў

Разьвітваецца Антаніна Быкава, удава малодшага брата, Мікалая

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)