«Вакол Лукашэнкі трэба зацягнуць пятлю»

Выканаўчы дырэктар уплывовай няўрадавай арганізацыі Freedom House, былы памочнік дзяржсакратара ЗША ў пытаньнях дэмакратыі, правоў чалавека і працы Дэйвід Крэймэр лічыць, што Эўразьвяз павінен ўвесьці эканамічныя санкцыі, а Міжнародны валютны фонд не даваць крэдытаў Лукашэнку.

У інтэрвію Інтэрнэт-каналу ARU Крэймэр заявіў:

«Сытуацыя вельмі сур'ёзная ў многіх адносінах, і я думаю, што Лукашэнка сутыкнуўся з самай сур'ёзнай для сябе пагрозай. Пагрозай эканамічнай, з-за недастатковай прыватызацыі, з-за павышэньня заробкаў і з-за ціску Расеі, які цяпер большы, чым ціск Захаду. Беларусь стаіць перад пагрозай эканамічнага краху. Больш за тое, Лукашэнка закручвае гайкі, як мы ўбачылі і 19 сьнежня, і пасьля. Усё гэта кажа аб тым, што сытуацыя ў Беларусі знаходзіцца ў самай крытычнай кропцы. На мой погляд, Захад цяпер павінен толькі ўзмацніць ціск, а не дапамагаць Лукашэнку.

Цяпер ён стаіць на тонкім лёдзе і нам трэба дапамагчы яму пад гэты лёд праваліцца, што ў прынцыпе можа прывесьці да краху ягонага рэжыму. А гэта будзе добра для Беларусі. Гэта будзе добра і для Эўропы, і гэта будзе добра для ўсіх, хто падтрымлівае дэмакратыю. Так што я спадзяюся, што ніхто не будзе дапамагаць Лукашэнку выбірацца з сытуацыі, якую ён сам сабе і стварыў. Наадварот, нам трэба, каб ён хутчэй зразумеў: гульня скончана».

ARU: Якія меры былі б эфэктыўныя ў гэтай сытуацыі?

Крэймэр: Эканамічныя санкцыі. Эканамічныя санкцыі, якія павінен увесьці Эўразьвяз. Больш за тое, трэба данесьці да Лукашэнкі, што ня будзе ніякіх крэдытаў або бонусаў з боку Міжнароднага валютнага фонду. Больш за тое, Расея кажа, што яна таксама ня дасьць крэдытаў па іншых прычынах. Але ў цэлым, калі Лукашэнка не атрымае крэдытаў МВФ і не атрымае расейскіх грошай, то ў яго будуць вялікія праблемы. Мы таксама можам дапамагчы ў гэтай сытуацыі, калі Эўразьвяз увядзе эканамічныя санкцыі, якія, я ўпэўнены, ужо дапамаглі палітвязьням у 2007 і ў 2008 гадах. Забароны на ўезд і замарозка актываў таксама добрыя, але яны недастатковыя. Так што трэба прад'явіць больш, каб зацягнуць пятлю вакол Лукашэнкі.

ARU: Крытыкі гэтага падыходу сьцьвярджаюць, што санкцыі могуць адштурхнуць Лукашэнку ў бок Расеі. Што вы можаце сказаць пра гэта?

Крэймэр: Зразумела, гэта заўсёды было аргумэнтам супраць. Іншым аргумэнтам было тое, што санкцыі ўдараць па простых людзях. Простыя людзі ўжо пакутуюць ад Лукашэнкі і ад парушэньняў у сфэры правоў чалавека, і ад безадказных эканамічных рашэньняў. Так што гэты аргумэнт не працуе. Наконт другога аргумэнту – што санкцыі штурхнуць Беларусь у бок Расеі – я б сказаў, што ў рэальным жыцьці гэтага не здаралася з часоў прыходу Лукашэнкі да ўлады. Наадварот, яму заўсёды ўдавалася сутыкаць Расею і Захад ілбамі. Калі Эўразьвяз і ЗША ўвялі санкцыі ў 2006 годзе, і ЗША затым увялі дадатковыя санкцыі, то яны не засноўваліся на тым, штурхала б гэта Беларусь да Расеі ці не. Яны засноўваліся на адным – як Лукашэнка ставіцца да ўласнага народу. Гэта аснова, на якой павінна будавацца наша палітыка і нам ня варта турбавацца аб тым, рушыць Беларусь да Расеі ці не. Нам трэба думаць пра тое, як палепшыць становішча ўнутры самой Беларусі.

ARU: Ці магчыма дасягнуць хаця б часовага кансэнсусу з Расеяй з нагоды будучыні Беларусі і з нагоды якой-небудзь праграмы трансфармацыі краіны?

Крэймэр: Гэта было б выдатна ў тэорыі, але гэта наўрад ці можна зьдзейсьніць на практыцы. Калі я працаваў ва ўрадзе, мы спрабавалі абмеркаваць сытуацыю ў Беларусі з Расеяй, і тыя абмеркаваньні ні да чаго не прывялі. Ня думаю, што цяпер мы зможам дамагчыся большага. Мы бачым сытуацыю цалкам па-рознаму. Нешта можа быць падобна, але агулам мэта Расеі заключаецца ва ўстанаўленьні кантролю над большай часткай беларускай эканомікі. Яна ня хоча ўзвальваць на сябе адказнасьць па кіраваньні краінай. Расею не турбуе парушэньне правоў чалавека з боку Лукашэнкі. Нас на Захадзе гэта вельмі нават турбуе. Так што я лічу, што погляды Расеі і Захаду на Беларусь адрозьніваюцца занадта моцна, і якога-небудзь канкрэтнага супрацоўніцтва ў гэтым пляне няма.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)