Вайцюшкевіч забаронены ў Берасьці

Сьледам за канцэртам «Ляпіса Трубяцкога» у Гомелі раптоўна адменены выступ яшчэ аднаго фігуранта чорнага сьпіса. Не адбудзецца сольны канцэрт Змітра Вайцюшкевіча у берасьцейскім Тэатры лялек, нягледзячы на тое, што яго правядзеньне было цалкам узгоднена з мясцовымі ўладамі.

– Бачна, што чорны сьпіс рэальна дзейнічае, гэта не гнюсная фальшыўка, як сказаў міністр Праляскоўскі. Прыкра, што наша краіна застаецца правінцыйнай і вяртаецца ў сярэднявечча, – заявіў сьпявак.

Як кажа арганізатар выступа Вайцюшкевіча ў Берасьці Зьміцер Назараў, на імпрэзе 18 сакавіка мог быць аншляг. «Такога ажыятажу на квіткі беларускага выканаўцы ў нас не было даўно. Толькі ў першы дзень замовілі пад 200 квіткоў», – кажа Зьміцер.

Але раптам яго выклікаў да сябе дырэктар тэатру Міхаіл Шавель і папрасіў адмяніць канцэрт, без тлумачэньня прычынаў. «У тэатры толькі віталі ідэю правядзеньня імпрэзы, дурнямі іх выставілі гарадскія ідэолягі, – кажа арганізатар. – Хоць у самім аддзеле ідэалёгіі гарвыканкаму мне сказалі раней, што лічаць “чорныя” сьпісы лухтой і нават паставілі пячатку на афішу Вайцюшкевіча. Ім лягчэй не браць на сябе адказнасьць за адмену – лепей націснуць на дырэктара ДК ці тэатра».

– Сумна, што мы зноў вяртаемся да забаронаў. Бачна, што чорны сьпіс рэальна дзейнічае, гэта не гнюсная фальшыўка, як сказаў міністр Праляскоўскі. Прыкра, што наша краіна застаецца правінцыйнай і вяртаецца ў сярэднявечча. У сувязі з забаронай канцэрту вядзецца нават не пра фінансавыя страты, колькі пра маральныя. Усё ж хацелася, каб у ня надта беларускамоўным Берасьці прагучала беларускае слова. Канечне, рукі не складаю ў сувязі з перашкодамі. Будзем дзейнічаць па-іншаму, выкручвацца, як зможам, выдумляць ды ўгаворваць, шматгадовы досьвед у гэтым я ўжо маю, – так пракамэнтаваў сытуацыю сам Зьміцер Вайцюшкевіч.

Пакуль беларускім выканаўцам перашкаджаюць выступаць толькі ў рэгіёнах. У сталіцы ў гэтым пляне усё спакойна. Пасьля таго як зьявілася інфармацыя пра вяртаньне чорнага сьпісу, тут пасьпяхова прайшоў канцэрт таго ж Вайцюшкевіча на 8 сакавіка. Ніякіх негатыўных сігналаў не атрымалі і арганізатары будучых канцэртаў іншых фігурантаў таго сьпіса – гуртоў Neuro Dubel і «Ляпіс Трубяцкой».

Па неафіцыйнай інфармацыі, сьпіс з пералікам непажаданых выканаўцаў, актораў і пісьменнікаў быў разасланы на пачатку сакавіка з ініцыятывы Міністэрства інфармацыі і Адміністрацыі прэзідэнта ў дзяржаўныя СМІ і культурныя установы краіны.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)