Вацлаў Гавэл адзначае 75-годдзе!

Драматург, дысыдэнт, сымбаль «аксамітнай рэвалюцыі», апошні прэзыдэнт Чэхасславаччыны і першы прэзыдэнт посткамуністычнай Чэхіі, які увёў сваю краіну ў Эўрапейскі Зьвяз – Вацлаў Гавэл даўно прызнаны маральным аўтарытэтам Эўропы.

Для дэмакратычнай Беларусі Гавэл – шматгадовы сябра, які падтрымлівае апазыцыйны рух, грамадзскія і моладзевыя арганізацыі, на міжнародных форумах, у інэрвью гаворыць пра права беларусаў жыць у вольнай дэмакратычнай краіне, якая была б часткай аб'яднанай Эўропы.

Сурвіла: «Гавэл дапамагае беларусам вызваліцца ад рэжыму»

Старшыня Рады БНР Івонка Сурвіла прыгадвае свае спатканьні ў Празе з Вацлавам Гавэлам.

– Кожны раз, калі ў Празе мне даводзіцца спатыкацца з Вацлавам Гаўлам, я адчуваю шчырую зацікаўленасьць гэтага выбітнага чалавека сытуацыяй у Беларусі, лёсамі тых, хто змагаецца за волю. А я прыгадваю час, калі ён для нас тых, хто жыў на Захадзе, быў сымбалем мірнага супраціву таталітарызму. Сёньня, шмат у чым дзякуючы Гаўлу, Чэхія зрабілася часткай заходняга сьвету ў поўным сэнсе гэтага паняцьця. І цяпер ужо Гавэл дапамагае тым, хто ў Беларусі імкнецца вызваліцца ад варожага рэжыму. Ад імя Рады Беларускай Народнай Рэспублікі віншую спадара Гаўла з 75-годзьдзем і выказваю глыбокую падзяку за ўсё, што ён зрабіў і робіць для беларускага народа.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)