Комментарии
Валер Карбалевіч, Радыё Свабода

«Ва ўмовах новай геапалітычнай сытуацыі на перамены ў Беларусі пад уплывам Захаду ня варта разьлічваць»

Палітоляг Валер Карбалевіч патлумачыў, што азначае для Беларусі зьмена акцэнтаў у палітыцы Эўразьвязу.

Эўразьвяз прапанаваў новы варыянт Эўрапейскай палітыкі суседзтва (ЭПС).

Праграма «Ўсходняе партнэрства» — складовая частка гэтай больш шырокай палітыкі адносна краін-суседзяў ЭЗ. Галоўная тэза новага дакумэнта палягае ў тым, што ў адносінах з суседнімі дзяржавамі Эўразьвяз будзе рабіць акцэнт не на каштоўнасьцях, а на прагматычных інтарэсах. У тэксьце ёсьць дзяжурныя тэзы, што Эўрапейскі Зьвяз будзе працягваць палітыку прасоўваньня дэмакратыі і абароны правоў чалавека ў краінах-суседзях.

Але пад уплывам патокаў уцекачоў у Эўропу з Блізкага Ўсходу, пасьля тэракту ў Парыжы, акцэнты зьмяніліся. Асноўным палітычным прыярытэтам абноўленай ЭПС абвешчана стабілізацыя.

Знаёмая тэрміналёгія, праўда? Моцны акцэнт будзе рабіцца на ўзмацненьні працы з краінамі-партнэрамі ў сфэры бясьпекі, у асноўным у галіне прадухіленьня канфліктаў, барацьбы з тэрарызмам і палітычным радыкалізмам.

Адзначаецца, што падыход «большае за большае» (чым больш краіна праводзіць рэформаў, тым большую падтрымку ЭЗ яна атрымлівае) працуе не заўсёды.

Паколькі ня ўсе партнэры імкнуцца выконваць правілы і стандарты Эўразьвязу, ЭПС мае адлюстроўваць пажаданьні кожнай краіны наконт характару і маштабаў яе партнэрства з Эўрапейскім Зьвязам. Думаю, такі падыход больш задаволіць афіцыйны Менск.

Знамянальна, што менавіта цяпер, 17–18 лістапада, міністар замежных спраў Беларусі Ўладзімер Макей быў зь візытам у Бэрліне «па запрашэньні нямецкага боку».

Як заявіў кіраўнік замежнапалітычнага ведамства Нямеччыны Франк-Вальтэр Штайнмаер, «мы абмеркавалі пэрспэктывы збліжэньня Беларусі з ЭЗ. Нармалізацыя адносін — у нашых агульных інтарэсах».

Нямецкі міністар зьвярнуў увагу на тое, што ў Беларусі «адбываецца рух», які дазваляе гэта зрабіць. А амбасадар Нямеччыны ў Беларусі Петэр Дэтмар адзначыў, што, замарозіўшы санкцыі, Эўразьвяз гатовы разьвіваць адносіны зь Беларусьсю «з чыстага аркуша».

Вельмі паказальны візыт у Менск місіі Міжнароднага валютнага фонду (МВФ), якая абмяркоўвала ўмовы выдзяленьня Беларусі новага крэдыту.

З ранейшых заяваў афіцыйных прадстаўнікоў фонду вынікала, што Менск можа атрымаць грошы, калі прапануе праграму структурных рэформаў у эканоміцы, якая будзе падтрымана Лукашэнкам, і пачне практычную рэалізацыю гэтых пераўтварэньняў (то бок прадэманструе сур’ёзнасьць сваіх намераў, а не абмяжуецца толькі дэклярацыямі).

Некаторыя тэзы праграмы рэформаў агучаныя прадстаўнікамі беларускага ўраду. Рэформы выглядаюць ня вельмі глыбокімі, у іх ліку няма праграмы прыватызацыі. Як Лукашэнка збэсьціў самую ідэю рэформаў у інаўгурацыйнай прамове, шмат казалі і пісалі. (А падвышэньне камунальных тарыфаў цяжка назваць рэформай). Пра пачатак ажыцьцяўленьня запісаных у дакумэнце пераўтварэньняў пакуль гаворкі няма.

Але вось міністар эканомікі Беларусі Ўладзімер Зіноўскі пасьля перамоваў з прадстаўнікамі фонду заявіў:

«Мы практычна выходзім на праграму ўзаемадзеяньня з МВФ. Засталося пачакаць зусім няшмат».

Раней намесьнік старшыні праўленьня Нацыянальнага банку Беларусі Дзьмітры Калечыц адзначыў, што імавернасьць атрымаць новы крэдыт МВФ высокая.

Можна меркаваць, што МВФ з палітычных меркаваньняў зьменшыў плянку патрабаваньняў да Беларусі і гатовы даць грошы, не зважаючы на тое, што беларуская сацыяльная мадэль не паддаецца рэфармаваньню.

Што з усяго гэтага вынікае? І дасюль спадзевы на тое, што палітыка Захаду стане важным чыньнікам перамен у Беларусі, былі ня надта вялікімі. А цяпер, ва ўмовах новай геапалітычнай сытуацыі, на гэта тым больш ня варта разьлічваць. У гэтай сувязі можна чакаць, што праз чатыры месяцы рашэньне ЭЗ пра санкцыі акажацца для афіцыйнага Менску спрыяльным.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)