Общество
Генадзь Барбарыч, «Радыё Рацыя»

«Уладзіславу знялі кайданкі. Ён трымаецца»

Маці і сястра Уладзіслава Кавалёва, які разам з Дзмітрыем Канавалавым прызнаны вінаватым у тэрарызме і асуджаны да смяротнага пакарання, сустрэліся з ім у следчым ізалятары КДБ.

У мінулым месяцы такая сустрэча не адбылася. Адміністрацыя СІЗА патлумачыла адмову змяненнем правілаў.

Па словах Любові Кавалёвай, спатканне 11 сакавіка працягвалася нечакана доўга – 3 гадзіны.

— Яму знялі кайданкі, ён з намі размаўляў без кайданкаў. Даволі прыхільнае было да нас стаўленне з боку работнікаў СІЗА, у тым ліку нам усё тлумачылася, усё расказвалася.

Ён трымаецца. Канечне, знаходзячыся ў такіх умовах — без свежага паветра… праўда, з намі ён крыху пабыў — і твар яго пасвятлеў. Ён быў рад нас бачыць, мы былі рады яго бачыць.

Любоў Кавалёва паведаміла, што яе сын напісаў заяву на чарговыя сустрэчы з адвакатам. Таксама яго павінен агледзець доктар, бо Уладзіслаў Кавалёў хварэе на астму.

* * *

Падчас суду Кавалёў заявіў аб сваёй невінаватасці і недатычнасці да тэрактаў у Мінску і Віцебску. Свае прызнанні падчас следства ён патлумачыў ціскам.

Суд, тым не менш, палічыў, што ён ведаў аб іх падрыхтоўцы і не паведаміў аб гэтым у праваахоўныя органы. Ён быў прызнаны вінаватым у саўдзеле ў тэрарызме і разам з Дзмітрыем Канавалавым прыгавораны да вышэйшай меры пакарання.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)