Политика
Анастасія Зелянкова

Улады працягваюць паляванне на актывістаў

Па ўсёй краіне працягваюцца зачысткі грамадскіх актывістаў і сябраў партый. Ператрусы ідуць ў кватэрах у кандыдата ў прэзідэнты Алеся Міхалевіча, які цяпер у СІЗА, Аляксандра Атрошчанкава, прэс-сакратара Саннікава, журналісткі Наталлі Радзінай, праваабаронцы Алега Воўчыка, лідэра руху салідарнасці «Разам» Вячаслава Сіўчыка, Аляксандра Арастовіча, даверанай асобы Міколы Статкевіча, а таксама ва Уладзіміра Халіпа, бацькі Ірыны Халіп, актывісткі «Маладога Фронту» Насты Палажанкі і незалежнага назіральніка Алеся Капуцкага з Маладзечна. У Салігорску на кватэры сябра партыі БНФ Паўла Батуева таксама прайшоў ператрус.

Як расказаў «Салідарнасці» Вячаслаў Сіўчык, раніцай 25 снежня яму патэлефанавалі з КДБ і паведамілі, што маюць пастанову на ператрус яго кватэры.

— Мне сказалі, што пастанова падпісана гарадской пракуратурай, — паведаміў Вячаслаў Сіўчык. — Зараз міліцыянты ўвайшлі ў маю кватэру і ўжо пачалі там корпацца.

Ператрус праходзіць і ў кватэры праваабаронцы Алега Воўчыка. Яго вінавацяць ва ўдзеле ў масавых беспарадках 19 снежня, нягледзячы на тое, што ў гэты дзень на плошчы Волчык прысутнічаў у якасці назіральніка і праваабаронцы. Адначасова яго запрасілі для размовы ў КДБ, аднак павесткі не далі.

Як паведамляе «Радыё Свабода», ператрус праходзіць таксама на кватэры Аляксандра Арастовіча, даверанай асобы Міколы Статкевіча. Сам Арастовіч знаходзіцца ў следчым ізалятары КДБ.

Зачысткі адбываюцца і ў рэгіянальных актывістаў. У Салігорску прайшоў ператрус на кватэры сябра Партыі БНФ Паўла Батуева. Як паведамляе «Наша Нiва» праваахоўнікі канфіскавалі кампутар і некалькі нажоў.

Яшчэ адзін сябра БНФ, а таксама сябра штаба Рыгора Кастусёва быў затрыманы ўчора, 24 снежня, на сваёй кватэры ў Смаргоні. Як расказала «Салідарнасці» маці актывіста, да іх прыйшлі двое ў цывільным і прапанавалі яе сыну прайсці з імі.

— Ён адмовіўся і сказаў, што без афіцыйнай павесткі нікуды не пойдзе. Праз некалькі гадзін гэтую павестку падвезлі.

Праз некалькі гадзін Шульжыцкага адпусцілі, уручыўшы павестку з патрабаваннем з’явіцца 27 снежня ў Маскоўскі РАУС г. Мінска.

Як стала вядома «Нашай Ніве», 25 снежня таксама адбыліся ператрусы на кватэрах у кандыдата ў прэзідэнты Алеся Міхалевіча, які цяпер у СІЗА, Аляксандра Атрошчанкава, прэс-сакратара Саннікава, актывісткі «Маладога Фронту» Насты Палажанкі і незалежнага назіральніка Алеся Капуцкага з Маладзечна.

Як паведамляе Радыё Свабода, у 14:15 закончыўся ператрус у кватэры Наталлі Радзінай. Па словах маці журналісткі, супрацоўнікі КБД забралі кампутар.

А 15-й гадзіне прэс-сакратар АГП Аксана Крышчановіч паведаміла, што зараз пачнецца ператрус у офісе партыі. Яе каля офісу чакаюць тры чалавекі з КДБ, якія паведамілі, што маюць ордэр на ператрус, і патрабуюць ад яе, каб яна дала ключы ад дзвярэй офіса. Аксана паведаміла, што едзе да офісу ў суправаджэньні праваабаронцаў.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)