Главное
Анастасія Зелянкова

“Улады пакінулі Быкава нам”

Некалькі дзесяткаў чалавек сабраліся сёння на Маскоўскіх могілках, каб адзначыць 82-я ўгодкі з дня нараджэння Васіля Быкава. Сяроды прысутных былі сябры і блізкія пісьменніка, вядомыя дзеячы Беларусі, а таксама тыя, хто цэніць і паважае творчасць нашага слыннага земляка. Месца, дзе знайшоў свой апошні прытулак Васіль Уладзіміравіч, наведала карэспандэнт “Салідарнасці”.

Магіла Васіля Быкава цалкам усыпаная кветкамі. У пераважнай большасці — бела-чырвонага колеру. Дарэчы, не так даўно тут, на магіле, з’явіўся значок “За свабоду” — своеасаблівы сімвал непераможанага духу пісьменніка.

— Дзякуй Богу, што нам пакінулі Быкава, што ўлады не забралі яго сабе, — адзначыў пісьменнік Валянцін Тарас. — Мы выдатна памятаем дзень смерці Быкава, калі нас літаральна адцягвалі ад ягонай труны, не давалі разгарнуць родны Васілю бел-чырвона-белы сцяг. Але ж сёння Быкаў з намі і з Беларуссю.

— Васіль будзе жыць да той пары, пакуль будзе жыць беларуская мова, пакуль будзе жывы апошні беларус, — канстатаваў народны паэт і сябра пісьменніка Рыгор Барадулін.

Сярод тых, хто сабраўся сёння ля помніка Быкава, былі таксама Генадзь Бураўкін, Анатоль Вярцінскі, Сяргей Законнікаў, Анатоль Кудравец і іншыя літаратары і грамадскія дзеячы. Удава Васіля Быкава Ірына Міхайлаўна прывезла на магілу мужа кветкі, якія ёй перадалі ўчора падчас урачыстасцяў жыхары Віцебска. Там, на радзіме пісьменніка, 18 чэрвеня адбылася асноўная імпрэза, прысвечаная дню нараджэння Васіля Быкава. Ірыны Міхайлаўна нагадала, што праз некалькі дзён блізіцца сумная дата — тры гады са дня смерці Васіля Уладзіміравіча. 22 чэрвеня усе ягоныя сябры і тыя, хто пажадае аддаць даніну памяці гэтаму самахвярнаму і таленавітаму чалавеку, а 16-й гадзіне зноў збяруцца каля ягонага помніка на Усходніх могілках.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)