Выборы-2020

«Улады дзейнічалi нахабна, брутальна». Губарэвіч зняўся з прэзыдэнцкіх выбараў

Старшыня руху «За свабоду» заявіў пра выхад з прэзыдэнцкай выбарчай кампаніі. У сваёй заяве ён адзначыў, што ў цяперашняй выбарчай кампаніі «не засталося і рэшткаў законнасці».

– Са старту прэзідэнцкай выбарчай кампаніі-2020 улады пачалі дзейнічаць нахабна, па-хамску, брутальна, – пiша Юры Губарэвіч. – Рэпрэсіі нарасталі з кожным тыднем. Не засталося і рэшткаў законнасці. Асабіста мяне 19 чэрвеня асудзілі да арышту на 15 сутак за ўдзел у легальным пікеце па зборы подпісаў.

На фоне рэкорднага зніжэння рэйтынгу, не маючы што прапанаваць беларусам для абнаўлення сацыяльнага кантракту, Лукашэнка намагаецца ўтрымаць уладу праз выкарыстанне сілавых структур. Свае дзеянні ён спрабуе прыкрываць словамі пра абарону незалежнасці Беларусі. Хаця вядома, хто за чвэрць стагоддзя кіравання нашай краінай стварыў перадумовы для такой пагрозы.

Беларусам трэба дамагацца спынення рэпрэсій і вызвалення ўдзельнікаў і актывістаў прэзідэнцкай выбарчай кампаніі. У тым ліку кіраўніка ініцыятыўнай групы па вылучэнні кандыдата ў прэзідэнты Святланы Ціханоўскай Сяргея Ціханоўскага і прэтэндэнта на прэзідэнцкую пасаду Віктара Бабарыкі, супраць якіх распачатыя крымінальныя справы.

Цяпер палiтэк плянуе засяродзіцца на арганізацыі актыўнага масавага назірання: «Толькі актыўнае і масаве назіраньне дазволіць нам паўплываць на членаў выбарчых камісіяў, нагадаць ім пра крымінальную адказнасьць за фальсыфікацыі і неабходнасць дзеянняў у межах закона.

Дзейны кіраўнік прайграе. І гэты электаральны расклад застаецца толькі аформіць юрыдычна. Нам усім разам!»

Раней сёння зняў сваю кандыдатуру «на карысць Беларусі» музыкант Аляксандр Таболіч.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(40)