Выборы-2020

Аляксандр Рыгоравіч Таболіч зняў сваю кандыдатуру «на карысць Беларусі»

Алесь Таболіч паведамiў, што яго каманда не змагла сабраць неабходных для рэгістрацыі кандыдатам 100 000 подпісаў.

– Я тапіў за Беларусь і далей буду гэта рабіць! Я прыцягваў увагу да нацыянальнай культуры, адраджэння і буду займацца гэтым і надалей, – пiша Таболіч, якi таксама Аляксандр Рыгоравіч. – На жаль не ўсе кандыдаты ў прэзідэнты мелі выразную пазіцыю па пытаннях незалежнасці, суверэнітэту і нацыянальнай ідэі. Спрабуючы спадабацца з усіх бакоў, многія забываюць, што Беларусь – гэта не фірма, а яе незалежнасць і суверэнітэт не могуць быць прадметам гандлю і ставіцца пад пагрозу.

Не абапіраючыся на шматвяковую гісторыю, на нацыянальны падмурак – нельга пабудаваць будучыню. Гісторыя, нацыянальныя каштоўнасці і незалежнасць павінны аб’яднаць беларусаў. Але тое, з чым мы сутыкаемся апошнім часам, ні ў якім разе не аб'ядноўвае нас і не стварае годных ўмоў для жыцця і творчасці.

Ва ўмовах, калі праца выбарчых штабоў кандыдатаў рэзка абмежавана, распачатыя крымінальныя справы супраць Віктара Бабарыкі і Сяргея Ціханоўскага і больш за 40 іх паплечнікаў затрыманы, калі ўзбуджаны некалькі сотняў адміністрацыйных спраў за дазволеныя пікеты па зборы подпісаў за кандыдатаў і дзясяткі спраў супраць журналістаў, што асвятлялі гэтыя падзеі, немагчыма разлічваць на правядзенне роўных і справядлівых выбараў.

Таболiч заклікае ўсіх кандыдатаў сесці за стол перамоваў, «каб спакойна і мудра абмеркаваць праблемы, што наспелі ў грамадстве, і прыйсці да адэкватных рашэнняў на карысць Бацькаўшчыны і народу нашай краіны»:

– Выбары павінны быць без ціску, рэпрэсій, пераследу – з роўнымі ўмовамі для ўсіх кандыдатаў! Я здымаю сваю кандыдатуру з прадвыбарчай гонкі на карысць Беларусі і мажліва падтрымаю таго кандыдата, які будзе мець блізкую мне і маім паплечнікам пазіцыю па захаванні і абароне незалежнасці і Беларусі, па зберажэнні традыцый і нацыянальных каштоўнасцей.

Мы беларусы – мірныя і моцныя людзі. Толькі свабода ў сэрцы і думках дае нам шанец на дабрабыт! Жыве вольная, незалежная Беларусь! HEAVY METAL у кожну хату!

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.6(34)