Общество
Зміцер Панкавец, «Наша Ніва»

«Уціхамірнік Мінска» Яўсееў стаў генерал-маёрам міліцыі

Сёння Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ аб наданні палкоўніку міліцыі Ігару Яўсееву чарговага звання — генерал-маёра. «Наша Ніва» прапануе ўзгадаць некаторыя моманты з біяграфіі 45-гадовага генерала.

"Маўклівая акцыя" 20 ліпеня. Яўсееў у цэнтры. Фота Сяргея Гудзіліна.

Не першы генерал з Росі

Нарадзіўся ў мястэчку Рось Ваўкавыскага раёна. Гэта не першы генерал з гэтых мясцін. У Росі таксама нарадзіўся брыгадны генерал Войска Польскага Рамуальд Валынцэвіч. У мястэчку ёсць вытворчасць будаўнічых матэрыялаў. Бацька Яўсеева, дарэчы, і быў будаўніком, а маці — настаўніцай. Хаця сам міліцыянт прызнаваўся, што гадавалі яго бабуля з дзядулем. «Быў распешчаным і слабападрыхтаваным да жыцця», — так ацэньваў Яўсееў перыяда дзяцінства.

Пасля васьмі класаў пайшоў вучыцца ў Пружанскі сельгастэхнікум. Казаў, што ў той час быў вельмі грамадска актыўным. У прыватнасці, займаўся музеям вялікай айчыннай вайны. Пісаў лісты і асабіста сустракаўся з многімі ўдзельнікамі той вайны.

Спецназ ГРУ і ахова Лукашэнкі

У войска Яўсееў трапіў у трэцюю брыгаду спецназа ГРУ ВПС (Галоўнага разведвальнага ўпраўлення Вайскова-паветраных сілаў), якая дыслакавалася ў той час у ГДР. Элітныя войскі. Развал СССР сустрэў участковым у Пружанскім РУУСе. Працаваў у ахове Лукашэнкі яшчэ ў першыя гады прэзідэнцтва. Займаў пасаду намесніка начальніка УУС Мінскага райвыканкама. Пасля стаў начальнікам Упраўлення аховы правапарадку і прафілактыкі УУС на транспарце.

Уціхамірнік Плошчы

Але Яўсеева на слыху стала чуваць як ён заняў пасаду начальніка міліцыі грамадскай бяспекі Мінгарвыканкама. У прамыя абавязкі Яўсеева ўваходзіла сачэнне за масавымі акцыямі і іх уціхаміраванне (найчасцей шляхам разгону). Не цураўся і сам прымаць удзел у збіцці. Напрыклад, усім добра памятаецца, як ад Яўсеева у першыя дні пасля Плошчы пацярпеў фатограф Уладзь Грыдзін. Яўсееў быў адным з галоўных дзеючых персанажаў падчас самой Плошчы. Ён хадзіў на перамовы з кандыдатамі ў прэзідэнты. Чым скончылася Плошча няма нагода лішні раз нагадваць. Пасля яе Яўсееў трапіў у спісы неўзных на тэрыторыю Еўрасаюза пад нумарам 84. А вось Лукашэнка за Плошчу даслаў Яўсееву падзячны ліст.

Збіццё Яўсеевым фотажурналіста Уладзя Грыдзіна

«Хлопаць можна толькі ветэранам»

Пасля Яўсееў быў відным дзеячам падчас «Стоп — бензіна» і маўклівых акцый пратэсту. Каардынаваў і камандваў разгонамі менавіта ён. Выкарыстоўваючы і нецэнзурную лексіку (глядзіце відэа). Перад маўклівай акцыяй на дзень рэспублікі Яўсееў адзначыў, што апладзіраваць можна толькі ветэранам. Разгон каля чыгуначнага вакзала на 3 ліпеня быў адным з найбольш брутальных пасля Плошчы.

3 ліпеня, прывакзальная плошча, разгон "Маўклівых пратэстаў". Фота Сяргея Гудзіліна

«Міліцыянер — гэта лад жыцця»

Апошні Яўсееў не турбуе жыхароў сталіцы. Яго прызначылі кіраўніком Віцебскай абласной міліцыі. Яшчэ яго выбралі старшынёй Віцебскай абласной федэрацыі хакея. Дарэчы, замяніў таксама міліцыянта — Найдзенку. На людзях Яўсееў з’яўляўся ў форме поўнай медалёў. Кажа, што вельмі падабаюцца віцебскія вуліцы, бо на іх няма мітусні.

Яўсееў і голуб. Фота Сяргея Гудзіліна.

У прыватным жыцці Яўсееў жанаты, мае траіх дзяцей. Кажуць, што фотаздымак сям'і стаіць у яго на працоўным месцы. Лічыць, што «міліцыянер — гэта лад жыцця».

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)