У Зэльве могуць знесці помнік Ларысе Геніюш

На запыт праўладнай актывісткі адгукнуліся мясцовыя чыноўнікі.

Помнік паэтцы Ларысе Геніюш, які быў усталяваны 20 год таму на тэрыторыі царквы Святой Жываначальнай Тройцы, можа быць знесены. З такім заклікам звярнулася да адміністрацыі раённага і абласнога цэнтру праўладная актывістка Вольга Бондарава — і ўжо атрымала згоду ад чыноўнікаў у Зэльве і Гродне.

Са зносам помніка пагадзіліся кіраўнік упраўлення па ідэалагічнай рабоце і справах моладзі Гродзенскага аблвыканкама Ігар Булаўка і намеснік старшыні Зэльвенскага райвыканкама па ідэалагічнай рабоце Галіна Раманчук.

Аднак, як зазначае Hr*dna.life, паколькі помнік быў пастаўлены пры бласлаўленні царквы, патрэбна атрымаць дазвол яшчэ і ад БПЦ. Увосень мінулага года Бондарава накіравала зварот на імя Мітрапаліта Мінскага і Заслаўскага Веніяміна з просьбай даць згоду на ліквідацыю помніка. Таксама яна звярнулася ў адміністрацыю Лукашэнкі, каб там пасадзейнічалі ў зносе «без прыцягнення непатрэбнай увагі грамадскасці», і да генпракурора — каб той пакараў адказных за ўсталяванне помніка.

Паводле праўладнай актывісткі, сама наяўнасць помніка парушае закон «Аб недапушчэнні рэабілітацыі нацызму», а скульптурная кампазіцыя нясе «невымоўныя пакуты ўсё яшчэ жывым ветэранам Вялікай Айчыннай вайны і вязням германскіх канцлагераў».

Нагадаем, паэтку і генеральную сакратарку Ураду БНР у эміграцыі Ларысу Геніюш пасля Другой сусветнай вайны арыштавалі і асудзілі на 25 гадоў лагераў, адседзела 8 год. Беларусы тройчы звярталіся ў пракуратуру з просьбай рэабілітаваць паэтку, але ўсе тры разы (у 1956, 1999 і 2017-м) атрымлівалі адмову.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 1.3(18)