Филин

Сяргей Васілеўскі

Гісторык – пра атаку на музей Анатоля Белага: «Гэта проста спроба захоўваць дынаміку змагання з іншадумствам»

Чым Ларыса Геніюш і Кастусь Каліноўскі не дагадзілі праўладным актывістам.

Праўладная актывістка з Гродна Вольга Бондарава дабралася да Старых Дарог. Як паведамляе Радыё Св*бода, пры падтрымцы прарасійскіх чыноўнікаў і былых ды дзейных спецслужбоўцаў ёй удалося дабіцца знішчэння часткі экспанатаў прыватнага музея Анатоля Белага.

Музей Анатоля Белага ў Старых Дарогах, архіўнае фота Сяргея Балая

Гаворка ідзе выявы паэткі Наталлі Арсенневай, братоў Луцкевічаў, Кастуся Каліноўскага, дзеячаў БНР і БЦР, а таксама бюст паэткі Ларысы Геніюш — іх прыбралі з мемарыяльнай зоны перад будынкам музея.

Вольга Бондарава вядомая сваімі нападкамі на апазіцыйных актывістаў, выступленнямі супраць беларускай мовы і актыўным удзелам у праўладных акцыях. Паводле яе заяў многія беларусы прайшлі праз крымінальны пераслед. Сярод іх — мастак Алесь Пушкін.

Сітуацыю ў Старых Дарогах Филин абмеркаваў з гісторыкам Цімохам Акудовічам.

Цімох Акудовіч, фота: асабісты архіў

— На вашу думку, што стаіць за гэтай атакай? Прыйшла чарга прыватных музеяў?

— Мне падаецца, гэта проста спроба захоўваць дынаміку змагання з іншадумствам, не памяншаць яе. Падаецца, што мэты тут і няма на самай справе, ёсць працэс. Трэба ўвесь час знаходзіць новых ворагаў. Іх будуць шукаць, дзе толькі можна. А дзе будзе не можна, іх будуць выдумляць.

Тут у прынцыпе няма ніякіх межаў, няма розніцы дзяржаўны гэта музей, ці прыватны. Я ўпэўнены, што тая ж Бондарава вельмі лёгка можа прыйсці ў дзяржаўны музей, учыніць там скандал з нагоды чагосьці «няправільнага».

А ў нас у большасці музеяў можна знайсці нешта «няправільнае». І тут простая логіка — шукаюць найбольш відавочныя рэчы. Найперш тэмы, звязаныя з Другой сусветнай вайной. Пакуль гэта працуе, бо заўсёды можна знайсці помнік Арсенневай ці Геніюш. А калі скончыцца гэта, то пачнуць капаць глыбей. Напрыклад, штосьці звязанае з ВКЛ.

— Каліноўскі ў гэтым дадзеным выпадку мог проста трапіць за кампанію?

— Каліноўскі, канечне, балючая тэма. Але так, думаю, тут ён выпадкова трапіў пад раздачу.

— Даводзілася чуць, што ад актыўнасці Бондаравай не ў захапленні нават некаторыя чыноўнікі. Наколькі арганічным вам падаецца такі сімбіёз уладаў і асобных актывістаў?

— Думаю, што як і ў любой справе, такі актывізм людзей зверху з аднаго боку павінен задавальняць. Бо ў іх з’яўляецца хоць нейкая надзея, што знізу нехта цікавіцца ўсім тым, што яны зверху прыдумляюць.

Бо апроч Бондаравай дзе яшчэ ёсць водгук у народзе на ўсе гэтыя змаганні з «нацыяналізмам»? Народ маўчыць, ніхто нічога не робіць, усе спрабуюць падалей трымацца ад гэтых справаў. І гэтыя рэдкія актывісты даюць мінімальную надзею на тое, што хоць нехта знізу ёсць зацікаўлены.

З іншага боку, актывізм на тое і актывізм, ён не мае межаў. І заўсёды б’е не толькі па нейкіх відавочных тэмах, але і пачынае змагацца з тым, з чым улада, магчыма, і не хацела змагацца. Таму я думаю, што тут ёсць пэўнае падвойнае пачуццё — і задавальнення, і небяспекі.

— Якім можа быць лёс такіх людзей у будучыні? З савецкай гісторыі мы памятаем, што ўлада часта нішчыла ўласных дабраахвотных памочнікаў.

— Мы зараз уваходзім у такую зону турбулентнасці, што можна прыводзіць прыклады з любых эпох. Можна з брэжнеўскай, а можна і з часоў французскай рэвалюцыі, калі на другім годзе пачалі адзін аднаму галовы секчы.

Я не гатовы рабіць нейкія прагнозы. Але мне падаецца, што тут развілка шырокая. Зараз у Беларусі ёсць ніша для новых людзей. І гэтыя новыя людзі прыходзяць з «русского мира». Яны адчулі, што цяпер іх час, яны набіраюць палітычную вагу ў краіне любымі спосабамі, якія толькі могуць знайсці.

А чым гэта завершыцца? Цяжка сказаць, тут вельмі вялікая развілка магчымасцяў. Ад таго, што проста застануцца актывістамі, да таго, што зробяць  палітычныя кар’еры, пойдуць у парламент. І другая скрайнасць — апынуцца вінаватымі ў чымсьці, нават перад дзейснай уладай.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.6(17)