Скандалы

Чым вядомая прыхільніца Лукашэнкі Бондарава, пасьля «даносаў» якой распачынаюць справы

Вольга Бондарава — бадай што самая вядомая прыхільніца Лукашэнкі ў Горадні. Там, дзе яна зьяўляецца, заводзяць крымінальныя справы, а людзей зьнявольваюць, піша Свабода.

Ольга Бондарева

38-гадовая Бондарава прадстаўляе праўладныя ініцыятывы «Инфоспецназ» і «Антивандал». Яе найчасьцей можна ўбачыць або з уключанай на смартфоне відэакамэрай, або ў ейных уласных відэароліках. Дык дзе «засьвяцілася» Вольга Бондарава?

Справа аб белай стужцы — 1,5 года калёніі

Фігурант справы — 39-гадовы гарадзенец Вадзім Плаўскі. Летась 30 кастрычніка ён забраў малую дачку з садка і гуляў зь ёй па мікрараёне. Яны ўбачылі, што нехта разьвесіў на парэнчах белыя стужкі. Адна стужка ўпала на зямлю. Дзяўчынка падышла і ўзяла стужку ў рукі.

Да іх падышла Бондарава, яна пачала здымаць тату зь дзіцем на камэру, перасьледаваць. Плаўскі ў адказ паваліў Бондараву на зямлю. Па ягоных словах, жанчына яго справакавала.

Паводле афіцыйнай вэрсіі, Плаўскі быў п’яны, а Бондарава атрымала пералом носа і страсеньне мозгу. Праўда, спачатку міліцыя заяўляла, што Бондарава ня мела сур’ёзных пашкоджаньняў. На Плаўскага завялі крымінальную справу за хуліганства.

Сёлета 2 красавіка суд прысудзіў Плаўскаму 1,5 года калёніі агульнага рэжыму.

Справа аб зафарбаваным БЧБ — 1 год «хатняй хіміі»

Канфлікт узьнік летась 14 сьнежня ў Горадні. Гарадзенец Васіль Пілец гуляў з сынам і сабакам па вуліцы. Убачыў, што Бондарава і ейны паплечнік Аляксандар Галахаў зафарбоўваюць на тратуары нацыянальныя сьцягі. Паводле афіцыйнай вэрсіі, Пілец штурхаў Бондараву, сарваў маску з паплечніка, перакуліў бляшанку з фарбай.

На Пільца завялі крымінальную справу за хуліганства (частка 1 артыкула 339 КК). Пад варту яго ўзялі з пацьверджаным каранавірусам і запаленьнем лёгкіх. Бондарава і Галахаў — прадстаўнікі незарэгістраванага праўладнага руху «Антивандал» — праходзілі ў справе як пацярпелыя. Цялеснымі пашкоджаньнямі палічылі «прычынены боль».

Сёлета 12 лютага Пільца асудзілі на 1,5 года «хатняй хіміі».

Справа аб гноме-пікетоўцы — нікога не пакаралі

Галоўным героем гэтай гісторыі стаў цацачны гном з маленькім бел-чырвона-белым папяровым сьцяжком у руцэ. Ён стаяў на падваконьні ў кватэры горадзенскай сям’і Яраш.

Той самы гном. Фота Hrodna.Life

12 студзеня Бондарава, якая была аднаклясьніцай гаспадыні кватэры Тацяны Яраш, сфатаграфавала гнома праз вакно. Увечары таго ж дня да сям’і прыйшла міліцыя «па ананімным званку». На гаспадара кватэры Юрыя Яраша склалі пратакол за несанкцыянаваны адзіночны пікет (частка 1 артыкула 23.34 КаАП). Бондарава праходзіла сьведкай па справе.

9 красавіка справу спынілі, бо выйшаў тэрмін даўнасьці.

Справа аб карціне — узялі пад варту мастака Алеся Пушкіна

Чарговым аб’ектам цікавасьці Бондаравай стала карціна з партрэтам антысаветчыка Яўгена Жыхара. Выстава мастака Алеся Пушкіна адкрылася ў горадзенскім Цэнтры гарадзкога жыцьця 19 сакавіка. Там мелася быць і згаданая карціна.

Бондарава завітала на выставу 22 сакавіка і, як заўжды, здымала свой візыт на камэру. Партрэта Жыхара ў экспазыцыі не было.

26 сакавіка стала вядома, што Генэральная пракуратура завяла крымінальную справу аб «апраўданьні і рэабілітацыі нацызму» (частка 3 артыкула 130 КК) на гаспадара культурнай пляцоўкі «Цэнтар гарадзкога жыцьця» Паўла Мажэйку і мастака Алеся Пушкіна. Мажэйку выпусьцілі з-пад варты праз 72 гадзіны. Пушкін застаецца ў СІЗА да суду.

Кантрабанда цыгарэт

На судзе над Пільцом Бондарава на пытаньне пракурора адказала, што яе прыцягвалі як да адміністрацыйнай адказнасьці, так і да крымінальнай — у апошнім выпадку за кантрабанду цыгарэт.

Абурэньне праваслаўнымі абразамі

Адзін з апошніх візытаў Бондарава зрабіла ў галоўны праваслаўны храм Горадні — Сьвята-Пакроўскі сабор. У сабор хадзіла і паплечніца Бондаравай Алена Стэфановіч. Іхнюю ўвагу прыцягнулі каля дзясятка абразоў, якія вісяць там з 2007 году.

На абразах — выявы мучанікаў, якія загінулі ад перасьледу савецкай улады, а таксама выявы салдат Чырвонай арміі. Іх намалявалі з ініцыятывы архіяпіскапа Арцемія, з захаваньнем канонаў праваслаўнага іканапісу.

Бондарава ў сваім відэа зьвярнулася да кіраўніцтва праваслаўнай царквы з просьбай патлумачыць наяўнасьць гэтых абразоў у саборы.

«Мы ня можам адмовіцца ад гісторыі тых мучанікаў, на крыві якіх стаіць царква. А калі нас будуць прымушаць адмовіцца, мы таксама гатовыя праліць сваю кроў», —пракамэнтаваў гэта «Нашай Ніве» настаяцель царквы айцец Георгі Рой.

Прысутнічала на мітынгу НОД, зьдзекліва называла нацыянальны сьцяг

Вольга Бондарава вядомая сваімі прарасейскімі поглядамі. Яна зьяўляецца ў відэа блогера Дзьмітрыя Белякова, які быў ініцыятарам стварэньня прарасейскай партыі «Единое отечество».

На выходных пасьля Дня Волі Бондарава пайшла на мітынг у цэнтры гораду са сьцягамі расейскага руху НОД (Национально-освободительное движение) і георгіеўскімі стужкамі. Яна назойліва здымала мінакоў на камэру, прыставала да іх з пытаньнямі. На пытаньне адной з гарадзенак, ці ўзгоднены мітынг, Бондарава адказала, што кожны можа ўзгадніць мітынг. Дзе знаходзіцца міліцыя і мэдыкі, якія мусяць прысутнічаць на кожным масавым мерапрыемстве, яна не змагла адказаць.

Нацыянальны сьцяг Беларусі Бондарава назвала «бчб-анучай», прыхільнікаў пераменаў — «бчбесамі».

Абразы ў бок беларускай мовы

У адным з апошніх сваіх відэаролікаў Бондарава абураецца тым, што дзяцей у дзіцячым садку вучаць казаць па-беларуску «дзякуй», «добры дзень», «дабранач», а таксама — тым, што ў школе прадмет «Мая Радзіма Беларусь» вывучаюць толькі на беларускай мове.

«Гэта ўсё гвалтоўна навязваецца... „Дзякуй“ — гэта што? Гэта пераробка „dziękuję“ з польскай мовы...» — разважае Бондарава.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 1.1(68)