Лучшее из архива
Iгар Капiтанчык

У Януковічаў няма тэлефона

Ніхто не звяртаў увагі на вёску Янукі — некалькі двароў у Докшыцкім раёне, — пакуль летась прэм’ер Януковiч не наважыўся наведаць Беларусь з афіцыйным візітам і не абмовіўся, што паходзіць аднекуль з гэтых мясцін. Што тут пачалося!

З райцэнтра тэлефанавалі ў Ваўкалацкі сельсавет, цiкавiлiся: “Януковiч... Цi не наш? Ці не засталося сваякоў?” А калі адна мясцовая бабулька ўзгадала: было такое, ад’язджалі з Янукоў у Данбас — цэлая брыгада адказных асоб занялася пошукамі месца, дзе раней стаяла хата дзеда Януковіча. Людзi не памяталі. Але прэм’ер усё адно прыехаў.

Праз год я кіруюся па няроўным дзіравым асфальце па яго слядах. Вось і ўказальнік: “Янукі — 2 км”. Тут цывілізацыя заканчваецца. Зварочваю. Далей — гравійка. Праезная частка — суцэльны пясок. Год таму ім засыпалі каляюгі, каб картэж Януковіча — не дай Бог! — не забуксаваў.

Тады ўсё абышлося. А мне не пашанцавала. Пасля дажджу насып раскіс. З-за гэтага машына далей не пайшла. Апошні кіламетр да Янукоў давялося дабірацца пешшу.

— Дарога ўвогуле была ніякай. Колькі мы пра гэта пісалі, але ніхто не рамантаваў, — распавядае мясцовая жыхарка Аквеліна Януковіч. — А перад ягоным (украінскага прэм’ера) прыездам тут лёталі тры дні. Пясок вазілі, засыпалі ўсё і раўнялі. А чаму далей не зрабілі, гэта вы ў начальства запытайцеся…

Баба Аквеліна праводзіць для мяне невялічкую экскурсію па Януках. Спачатку — могілкі. Тут пахаваныя продкі Віктара Януковіча. Дзе дакладна, ніхто не ведае. Такое прозвішча сустракаецца на кожным другім помніку. Агароджы няма. Сам некропаль парос пустазеллем. Адно што выправілі да візіту высокага госця — збілі кладку праз канаву, што размяжоўвае могілкі і вёску.

— Калі Януковіч быў тут, зрабілі рэстаран якраз каля маёй хаты. Там яго добра сустрэла ўсё начальства. І мы радыя былі, што адшукаўся наш чалавек. Нашых людзей поўна па ўсім свеце: і ў Амерыцы, і ў Англіі, і чорт ведае дзе яшчэ. І ніхто не адгукаецца. А гэты, з Украіны, адгукнуўся! Вось стане прэзідэнтам, можа, яшчэ прыедзе.

Мы з бабуляй крочым па адзінай вуліцы паселішча. Назваць Янукі вёскай можна толькі з вялікай нацяжкай. Некалькі ацалелых хат, аддаленых адна ад другой, стаяць на пагорках.

Паабапал дарогі растуць старыя вербы. Прайсці пад імі — яшчэ той атракцыён! Надламаныя галіны гойдаюцца ў паветры. Крыху мацнейшы парыў ветру — і атрымаеш па галаве. З гэтай прычыны турбуюся толькі я. Для бабы Аквеліны хадзіць пад небяспекай — звыклая справа. Працягваем размову пра Віктара Януковіча.

— Чалавек можа прыехаць і проста так. Навошта яму для гэтага станавіцца прэзідэнтам? — запытваюся я.

— Можна і так, але ён з усімі намі добра абышоўся.

— Ён нават лепшы за Лукашэнку? — іду я на наўмысную правакацыю.

— Натуральна што так. Тут жа яго карані!

— Ага! Я ўсё зразумеў: як стаў Лукашэнка кіраўніком дзяржавы, прывялі ў парадак увесь Шклоў, — калі правакаваць, дык напоўніцу, вырашаю я. — Вы спадзеяцеся, што, калі выберуць Януковіча, звернуць увагу і на вашыя Янукі?

— Так. Ён нават прасіў і прапаноўваў нашаму начальству, каб нешта тут пабудавалі, каб не прапала вёска. Яны сказалі: “Добра! Будзем старацца!” Але ж дэкларавалі толькі, і ўсё накрылася. Можа, стане прэзідэнтам — пракантралюе.

Некалі Янукі былі ладнай вёскай на сотню двароў, а сёння жыццё тут захавалася ў сімвалічнай арыфметычнай прапорцыі. Усяго па пары: дзве пенсіянеркі, двое працаздольных, двое школьнікаў, а яшчэ два сабакі, двое коней і дзве кароўкі.

Сяброўка маёй праважатай — глухая пенсіянерка Алена Януковіч. Ні пра выбары ва Украіне, ні пра леташні візіт Віктара Януковіча нічога не ведае. У час памянёных падзей яна лячылася ў шпіталі.

Далей ад дыпламатычнага скандалу раённыя ўлады тады часова выправадзілі з вёскі і яе сына — вясковага п’яніцу Івана. Не заспеў яго ў Януках і я. За некалькі дзён да таго Іван пайшоў у суседнюю вёску па заробак, які нарэшце выплацілі. Пакуль не вярнуўся.

Мы крочым да паштаркі Марыі Януковіч. Ад іншых хат яе жыллё адрозніваецца толькі сваім вонкавым выглядам. Дом лічы што новы. Ды і гаспадарка як мае быць: у полі карова, у хлеве свінчо, куры недзе квохчуць.

Спадарыня Марыя ад візіту ўкраінскага цёзкі па прозвішчы выйграла больш за астатніх. Ужо год па Докшыцкім раёне ходзяць зайздросныя пагалоскі: нібыта ўкраінскі прэм’ер падарыў кожнаму жыхару роднай вёскі па сотне амерыканскіх долараў.

— Ці праўда гэта? — наўпрост запытваюся ў Марыі.

Цётка ківае галавою:

— Ну, праўда.

Сям’я — яна ды двое дзяцей-школьнікаў — цэлых тры сотні “зялёных” атрымала. У дадатак сын з дачкою адпачывалі ў “Артэку”. А пад мінулы Новы год супрацоўнікі ўкраінскай амбасады прывезлі пакункі. Маўляў, ад Віктара Януковіча дзецям падарункі. Марыя аддзячыла самагонам, папрасіла дыпламатаў перадаць бутэльку ўкраінскаму прэм’еру. Ці пакаштаваў адрасат напою, невядома.

Кабеціна адно толькі шкадуе, што цяперашні кандыдат у прэзідэнты Украіны прыехаў улетку, а не зімою. Тады б, кажа яна, у акрузе пачысцілі ўсе дарогі.

— Гэта ж вам не ў горадзе! Тут снегу бывае па вушы, — скардзіцца паштарка. — Пачысцяць толькі цэнтральную дарогу, а суседнія вёскі…

Вяскоўцы Марыю паважаюць. Маўляў, газеты чытае — пераважна “Советскую Белоруссию” і «раёнку». Пасля такога лікбезу яна ў стане дыскутаваць на любыя тэмы.

— Мы за Януковіча. За свайго!

— Чакайце! — дзіўлюся я. — Які ж ваш, калі ён данецкі?

— Не, наш! Ягонае прозвішча таксама Януковіч. Можа, мы яшчэ і сваякі якія, — тут кабеціна хітра падміргвае вокам.

— А вы наогул чыталі ягоную праграму?— ніяк не магу супакоіцца я. — А можа, ён там такое страхоцце абяцае, што і галасаваць за яго не варта?

— Пра гэта я нічога не ведаю. Пра тое, што там адбываецца, мы даведваемся з тэлевізара. Можа, што не дачулі…

— А што пра Юшчанку чулі?

— Юшчанка — гэта амерыканскі прэзідэнт. Хай ён едзе ў Амерыку. І там у яго не будзе ніякіх праблем, — сказала як адрэзала Марыя. На гэтым дыскусія наіўнага журналіста і кампетэнтнай паштаркі скончылася.

Я развітаўся з жыхарамі Янукоў. Выцягнуў з лужыны машыну і скіраваўся ў Ваўкалацкі сельсавет, якому падпарадкоўваецца вёска.

Размаўляць пры ўключаным дыктафоне старшыня не наважыўся, даверыў такую адказную справу сакратарцы Антаніне Бабарыцы. А сам сеў побач, каб фільтраваць выказванні падначаленай. Я толькі ўзгадаў Віктара Януковіча… тут усё і пачалося!

— Я на свае вочы бачыла Віктара Януковіча, — даверліва паведаміла Антаніна. — Ад гэтага чалавека вее дабрынёй.

— Вы ж не сустракаліся са спадаром Юшчанкам. Можа, ён яшчэ і не такі добры, — вяртаю яе на зямлю я.

Антаніна Бабарыка ўжо набрала ў лёгкія паветра, каб выпаліць чарговы аргумент, як пачуўся голас старшыні сельсавету:

— Не адказвай нічога! Гэта палітычнае пытанне!

Атмасфера сапсавалася. Наша далейшае кантактаванне нагадвала дуэль на словах. Я даказваў, што без дарог, транспарта і з аўталаўкай, якая прыязджае толькі два разы на тыдзень, жыцця ў Януках няма. Яна — што ўсё па правілах.

На фінале я запытаўся: “Чаго ж тады не хапае землякам Януковіча?” Як высветлілася, тэлефоннай сувязі. Тэлефонаў у Януках ніколі не было. Але наконт гэтага скаргаў з гістарычнай радзімы кандыдата ў прэзідэнты Украіны ў Ваўкалацкі сельсавет не паступала — звыкліся янукоўцы з тым, што ад усяго свету адарваныя.

І Віктар Януковіч падчас візіту гэткай дробязі не заўважыў. Цяпер, у самы адказны момант, не дачакацца яму маральнай падтрымкі ад землякоў.

Артыкул надрукаваны ў штотыднёвику «Салiдарнасць» ад 19.11.2004

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)