ВітальТарас, ”Наша нiва”
У якой краіне мы жывём?

Сьмешна патрабаваць ад журналістаў расейскіх СМІ, каб яны пісалі “Беларусь”. Але непаважна пісаць “Белоруссия” на сайце, прызначаным для беларускай аўдыторыі.

Вядомы журналіст Павал Шарамет апублікаваў на сайце “Белорусский партизан” артыкул “Белоруссия — Беларусь. Адна краіна — дзьве назвы” Аўтар усумніўся ў тым, ці варта ўжываць у расейскім друку назву “Беларусь” замест агульнапрынятага “Белоруссия”.

Трэба зазначыць, што Павал Шарамет заваяваў павагу да сябе ня толькі як папулярны журналіст высокай клясы, але і як мужны чалавек. Гэтую сваю якасьць ён ізноў засьведчыў сёлета падчас вядомых вясновых падзеяў, калі прыехаў у Менск, нягледзячы на хваробу і ведаючы, што яго тут чакае затрыманьне і зьбіцьцё. Прычым да Шарамета не пасуе і ніколі не пасавала слова “ахвяра”. Ён не ахвяра, але актор на палітычнай і мэдыйных сцэнах, зь якім мусіць лічыцца ўлада. Ён піша ня столькі сам, колькі пішуць пра яго. Для Шарамета выдатна падыходзіць слова “ньюзмэйкер”.

Акрамя таго, трэба прызнаць, што “Беларускі партызан” — адзін з найбольш папулярных сайтаў. Ён вылучаецца ня толькі дызайнам, інфармацыйнай насычанасьцю ды апэратыўнасьцю. Аўтары сайту, Калінкіна, Шарамет ды іншыя, без сумневу, прэтэндуюць на тое, каб быць (калі карыстацца старой лексыкай) уладарамі думаў, уплываць на настроі ды меркаваньні дэмакратычна настроенай часткі грамадзтва, а яшчэ больш — істэблішмэнту.

І менавіта гэта факт вымушае рэагаваць на згаданы артыкул як на свайго роду сымптаматычны, у якім знайшла адлюстраваньне адна старая, але дагэтуль не бяскрыўдная тэндэнцыя.

“Бялорусь жэкома” і Балтакрывія

Самі развагі пра Беларусь і Белоруссию са спасылкай на рознага роду аўтарытэтаў нагадваюць клясычную сцэну зь несьмяротных “Тутэйшых”. Больш за 80 гадоў таму Купала вывеў на сцэну сатырычных пэрсанажаў — Усходняга і Заходняга вучоных. Першы гаворыць пра “ісціно-русскій ціп Северо-Западной області”, другі ўжывае тэрміны “Крэсы Ўсходне” і “…Бялорусь жэкома”.

Гадоў пятнаццаць таму было модна дыскутаваць наконт назвы Беларусь, але зусім зь іншага гледзішча. Некаторым неафітам, якіх зьявілася тады шмат на хвалі незалежнасьці, гэтая назва падавалася…недастаткова беларускай, нават штучнай. Прапаноўваліся самыя экзатычныя варыянты.

Напрыклад, адзін мой знаёмы настойваў на тым, што Беларусь трэба называць Балтакрывіяй, а ўсіх, хто з гэтым не пагаджаўся, падазраваў у “маскальскіх” настроях. Цяпер гэты чалавек займае значную пасаду ў адной зь дзяржаўна-камэрцыйных структураў і з сваімі кліентамі размаўляе выключна па-расейску. Наконт назвы дзяржавы ён, зразумела, ні з кім даўно не спрачаецца.

Насамрэч, аффтар (калі карыстацца так званай “падонкаўскай” мовай, пашыранай у ЖЖ) прыпазьніўся з сваімі пошукамі сапраўднай назвы нават не на пятнаццаць, але гадоў на сто дваццаць. Бо слова Беларусь увайшло ў жыцьцё дзякуючы Францішку Багушэвічу. Да яго беларускія землі называлі Літвой, “Русьсю”, Рутэніяй, Северо-Западным краем, як заўгодна. Пасьля Багушэвіча Беларусь стала фактам.

Зразумела, усё залежыць ад пункту гледжаньня. З пункту гледжаньня законапаслухмянага расейскага грамадзяніна трэба пісаць і гаварыць паводле нормаў, афіцыйна прынятых у Расіі. Сьмешна патрабаваць ад журналістаў расейскіх СМІ, каб яны замест “Белоруссия” пачалі пісаць і гаварыць “Беларусь”. Але ў тым і рэч, што публікацыі “Белпартызана” прызначаныя ня столькі для расейскіх грамадзянаў, колькі для беларускіх. Іх аўтары спадзяюцца на разуменьне й падтрымку сваёй пазыцыі менавіта ў Беларусі.

Паміж двума крэсламі

І ў гэтым сэнсе аўтару артыкулу можна паспачуваць, паколькі ён апынуўся ў пазыцыі чалавека, які жадае сядзець на двух крэслах. Яму хочацца, каб яго лічылі беларускім патрыётам, але пры гэтым не забываліся, што ён — грамадзянін Расейскай Фэдэрацыі. Дакладней, ён сам не дае сабе аб гэтым забыць, ня можа, так бы мовіць, расслабіцца, паколькі займае пасаду на Першым расейскім канале — канале, які ў спачуваньні беларускім патрыётам (такім, як Дашкевіч, напрыклад) западозрыць цяжка.

Хай бы жаданьне сядзець на двух крэслах заставалася асабістай праблемай аўтара. Але на вялікі жаль, падобная, кажучы па-расейску, “межеумочная” пазыцыя характэрная для многіх прыхільнікаў дэмакратыі ў самой Беларусі.

Усіх, хто выступае ня проста з дэмакратычных, але з нацыянальна-дэмакратычных пазыцыяў — інакш кажучы, лічыць прыярытэтамі захаваньне беларускай мовы і культуры, нацыянальнай саматоеснасьці — адразу запісваюць у маргіналы, у “пазьнякоўцы”. Што робіць, дарэчы, і аўтар артыкулу.

Такая пазыцыя, між іншым, мала чым розьніцца ад пазыцыі ўлады. Пакуль яна, ўлада, выступала (прынамсі, на словах) за шчыльны саюз з Масквой, аб’яднаная апазыцыя магла крытыкаваць гэтую уладу, пазыцыянуючы сябе ў якасьці пасьлядоўнай прыхільніцы дзяржаўнае самастойнасьці і нацыянальнае незалежнасьці. Пры гэтым лідэры апазыцыі адкідалі, ці ў лепшым выпадку адсоўвалі на другі-трэці плян культурніцкі, моўны мэсыдж у сваім звароце да народу. А калі ўлада ў асобе кіраўніка дзяржавы пачала ў сілу аб’ектыўных прычынаў выступаць супраць імпэрскай палітыкі Масквы як, нібыта, адзіны гарант сувэрэнітэту Беларусі, апазыцыя апынулася ў страшэнна няёмкім становішчы.

Яна выказвае гатовасьць падтрымаць уладу ў барацьбе за дзяржаўную незалежнасьць. Але як апазыцыі захаваць твар у новых умовах, калі да гэтага яна ўвесь час зьвярталася да народу на “обшчапанятнам языке”, як да канглямэрату грамадзянаў РБ, а не беларускіх грамадзянаў? На гэтай мове ўвесь час зьвярталася да электарату ўлада. І апазыцыя вырашыла ўладзе ў гэтым не саступаць. Але што новага магла яна сказаць на тае самае мове, якой карыстаецца ўзурпатар? І аб якой абароне сувэрэнітэту можна гаварыць, калі Беларусь па-ранейшаму пазбаўленая аднаго з галоўных атрыбутаў дзяржаўнасьці — афіцыйнага статусу мовы тытульнае нацыі? Каб нешта здаць, трэба гэта спачатку набыць.

Апазыцыя ўсьлед за ўладай звыкла адводзіць народу ролю пасіўнага суб’екта, які трэба адпаведным чынам апрацоўваць з дапамогай піяр-акцыяў і выбарчых кампаніяў…А калі сам народ, дакладней, ягоная актыўная частка, якая заўсёды складае меншасьць, выходзіць на плошчу, лідэры дэмакратаў упадаюць у прастрацыю. А ўлада кідае супраць купкі людзей спэцназ. Бо і для тых і для другіх маральны і нацыянальна-патрыятычны фактар становяцца поўнае неспадзянкай.

Василий Быкаў і іншыя

Ясна, якая роля адводзіцца беларускай мове ў лёгіцы людзей, якія загадзя пагадзіліся лічыць сябе расейскай правінцыяй. Гэта ж мова маргіналаў, зь якімі няма сэнсу лічыцца. Хіба можна на ёй разьлічваць на шырокую аўдыторыю? Адсюль і нязбыўная правінцыйнасць палітыкі, а таксама й журналістыкі. Заўсёднае азіраньне цераз плячо на Крэмль і расейскіх палітолягаў, ці, наадварот, на Вашынгтон і Брусэль.

Журналісту Шарамету здаецца, што спрэчка пра напісаньне назвы краіны мае чыста філялягічны, культурніцкі характар. Але ён забываецца, што ў нацыятварэньні, беларускім і любым іншым, філялёгія ёсьць фактарам маралі ды палітыкі. Калі заходзіць гаворка пра “ўпарадкаваньне” беларускай артаграфіі чыноўнікамі Мінадукацыі, у асяродку нацыянальнай інтэлігэнцыі няма сумневаў, каму і дзеля чаго патрэбнае гэтае ўпарадкаваньне.

Калі Васіля Быкава ў расейскамоўнай беларускай газэце сьледам за кіраўніком дзяржавы ўпарта называюць Василием Быкавым, гэта сьведчыць аб зьняважлівым стаўленьні да пісьменьніка і да беларускага нацыянальнага як такога.

Гэта звычайнае супадзеньне, але падаецца сымбалічным той факт, што галоўная рэдактарка “КП в Беларуси» Ірына Слуцкая “звольнілася” неўзабаве пасьля публікацыі ў газэце інтэрвію наконт публікацыі ў часопісе “Дзеяслоў” невядомай аповесьці Быкава.

Уласна кажучы, у вачох улады ўсе беларускія пісьменьнікі і філёлягі ёсьць ворагамі. Бо менавіта тут, у сфэры беларускае мовы ўлада дзяржавы сканчваецца і пачынаецца ўлада слова. Прызначыць чыноўнікаў пісьменьнікамі, канечне, можна, але прымусіць чытаць іх кнігі — ніколі.

Канфлікт паміж уладай і Саюзам беларускіх пісьменьнікаў, спроба гвалтоўна замяніць яго саюзам пісьменьнікаў начале з Чаргінцом, застаўся недаацэненым журналістамі ў Беларусі. Яны ўбачылі ў гэтым усяго толькі звычайнае памкненьне кіраўніцтва справаў прэзідэнта накласьці руку на маёмасьць — у дадзеным выпадку, Дом літаратара, каб паказаць, хто ў хаце гаспадар.

Справа ня толькі ў гэтым. Куды больш важным для ўлады было прыбраць слова Беларусь (назву дзяржавы!) з назвы найстарэйшага творчага саюзу ды аддаць яе іншаму, ляяльнаму рэжыму хаўрусу, дзе за недахопам вядомых імёнаў у пісьменьнікі запісаныя касманаўты Клімук і Кавалёнак, былы трэнэр па гімнастыцы Рэнальд Кныш, а таксама аўтары кнігі “Гісторыя КПЗБ”.

Няведаньне не вызваляе ад адказнасьці

Можна кпіць, як гэта робяць некаторыя журналісты, зь сябраў СБП празь іхную нерашучасьць, няўменьне адстаяць свае правы (а гэта ж ад таго, што сярод іх пераважаюць старыя, часам нямоглыя людзі). Можна ўвогуле называць Саюз пісьменьнікаў рэліктам савецкай эпохі. (Да чаго ў свой час далучыўся і аўтар гэтых радкоў.) Можна не любіць асобных беларускіх літаратараў ці не прызнаваць за творчасьцю некаторых зь іх высокіх мастацкіх вартасьцяў.

З самога па сабе факту прыналежнасьці да пісьменьніцкага цэху, зразумела, не вынікае, што ўсе сябры СБП маюць высокія прафэсійныя ці маральныя якасьці. Але чамусьці падаецца, што ў тых, хто застаўся верным старому саюзу, гэтых якасьцяў засталося болей, чым у тых, хто пабег у новую арганізацыю за зарплатай і магчымасьцю друкавацца. Пераважна па-расейску.

Але пакуль застаецца хоць адзін чалавек, які піша творы па-беларуску, жыве беларуская літаратура, жыве мова. Як паказаў апошні з’езд СБП, такіх людзей не адзінкі — іх некалькі соцень. Зразумела, далёка ня ўсе зь іх пішуць выдатныя раманы, апавяданьні альбо вершы. Але важна тое, што гэтыя людзі не збаяліся адкрыта назваць сябе беларускімі пісьменьнікамі, не зважаючы на фактычную пагрозу забароны на прафесію. Іх кнігі не друкуюць у дзяржаўных выдавецтвах, ім забаронена сустракацца з чытачамі, і гэты факт адкрыта прызнаюць у Мінадукацыі і ў прэзыдэнцкай адміністрацыі. Іх звальняюць з працы, іхныя ймёны заносяць у “чорныя сьпісы” на радыё і тэлебачаньні, выкідаюць з хрэстаматыяў і падручнікаў па літаратуры. Ня трэба зьдзіўляцца, калі заўтра кнігі беларускіх пісьменьнікаў пачнуць канфіскоўваць у бібліятэках і распальваць зь іх вогнішчы.

Можна не сумнявацца, што 100-годзьдзе “Нашай Нівы” — дата, значэньне якой у гісторыі Беларусі немагчыма перабольшыць, ня будзе заўважанае высокім начальствам і дзяржаўнымі СМІ. І ня толькі таму, што газэта піша пра апазыцыю ці часам крытыкуе ўладу. Перш за ўсё, тыднёвік ненавідзяць за тое, што ён выходзіць па-беларуску, клясычным правапісам. І што ў яго ёсьць чытач!

Ненавідзяць, трэба прызнаць, ня толькі чыноўнікі-рэнэгаты, якія амаль спрэс выйшлі зь беларускай вёскі. Ня любіць яе і тая частка інтэлігенцыі, якая ўсё яшчэ не вызначылася, ў якой краіне яна жыве: у Беларусі ці ў “Белоруссии”.

Няведаньне мовы не вызваляе інтэлігентнага чалавека ад адказнасьці. Ушчымленьне правоў расейскамоўнага насельніцтва краінаў Балтыі не выклікае спачуваньня менавіта таму, што перад тым, як абараняць права сваіх дзяцей вучыцца па-руску, іх бацькі не знайшлі часу вывучыць літоўскую, латышскую, эстонскую. А значыць, усё яшчэ жывуць нібы на акупаванай тэрыторыі, у варожым асяродзьдзі.

У Беларусі, калі верыць перапісу, родную мову ведаюць амаль 80 адсоткаў.

Але “большасьць беларусаў гавораць на расейскай мове” — безапэляцыйна канстатуе Шарамет. І гэта азначае, што большасьць мае рацыю? Што ў гэтай большасьці ёсьць свабодны выбар?

І нарэшце, ці азначае гэта, што нехта мае права грэбліва ставіцца да беларускай мовы, беларускай гісторыі і тых, хто мае сьмеласьць гаварыць па-беларуску? Спытайся ў самога сябе, на якой мове гаворыць сёньня ўлада ў Беларусі, гавораць судзьдзі, пракуроры ды амонаўцы, на якой мове гаворыць БТ — і табе стане ясна, на чыім ты баку.

Оцени статью:
1
2
3
4
5
Средний балл - 0 (оценок:0)