Политика
Анастасія Зелянкова

У выпадку пройгрышу Віктар Івашкевіч і Аляксей Янукевіч сыдуць з кіраўніцтва БНФ

5 верасня адбудуцца выбары новага кіраўніка Партыі БНФ, на пасаду якога зараз прэтэндуюць намеснікі старшыні арганізацыі Віктар Івашкевіч і Аляксей Янукевіч. Між тым Віктар Івашкевіч заявіў «Салідарнасці», што згодны заняць месца старшыні толькі, калі партыя падтрымае Лявона Баршчэўскага як кандыдата на пост прэзідэнта. Са свайго боку, Аляксей Янукевіч лічыць такі падыход безадказным і несур’ёзным. У выпадку пройгрышу абодва прэтэндэнты на пасаду старшыні збіраюцца скласці свае паўнамоцтвы ў кіраўніцтве партыі.

На з’ездзе 5 верасня плануецца вырашыць два ключавых пытанні: выбар кіраўніцтва і ўдзел партыі ў наступных прэзідэнцкіх выбарах. Як аказалася, менавіта ад апошняга і залежыць, хто ўзначаліць партыю ў бліжэйшы час. Нагадаем, што сход актывістаў БНФ 20 чэрвеня вылучыў у якасці кандыдата цяперашняга старшыню Лявона Баршчэўскага. Аднак гэтае рашэнне павінна быць яшчэ зацверджана з’ездам. У выпадку, калі партыя не пагадзіцца з ранейшым рашэннем сходу, Віктар Івашкевіч пагражае зняць сваю кандыдатуру і выйсці з кіраўніцтва.

Віктар Івашкевіч

— Сёння ёсць розныя думкі наконт удзелу ў выбарах і канчатковае рашэнне будзе прынятае 5 верасня, — патлумачыў “Салідарнасці” Віктар Івашкевіч. — Я буду балатавацца на старшыню БНФ, толькі калі кандыдатам абяруць Лявона Баршчэўскага, бо лічу, што старшыня натуральна павінен падтрымліваць кандыдата ад партыі. Калі ж з’езд вырашыць, што не трэба зараз вылучаць кандыдата альбо будзе вылучаны не Баршчэўскі, тады я адмаўляюся ўдзельнічаць у партыйных выбарах. Я сваё старшынства разглядаю не самастойна, а як работу ў звязцы з Баршчэўскім. Будзе Баршчэўскі кандыдатам — я буду старшынёй. Таму кандыдат — гэта генеральнае пытанне з’езду.

Разам з тым Віктар Івашкевіч падкрэсліў, што ў выніку яго прыходу на пасаду старшыні зробіць усё магчымае, каб не дапусціць у кіраўніцтва партыі прыхільнікаў Руху “За свабоду”.

— Лічу, што ўсё кіраўніцтва, а менавіта старшыня і яго намеснікі, павінны быць падабраныя пад лідэра ідэі, якая кіруе. Калі перамагае падыход, што Баршчэўскі — кандыдат, а я старшыня, то праціўнікі гэтага не будуць маімі намеснікамі. Яны, магчыма, увойдуць у Сойм БНФ. Але ў кіраўніцтве будуць прыхільнікі адной пазіцыі. Калі ж перамагаюць іншыя, то я сам, нават калі мне прапануюць, не застануся намеснікам. Не павінна быць раздраю ў кіраўніцтве. Выйграла пазіцыя Баршчэўскага — фармуецца каманда Баршчэўскага, выйграла пазіцыя Янукевіча — фармуецца каманда Янукевіча.

З гэтай пазіцыяй цалкам не згодны ягоны апанент.

Аляксей Янукевіч

— Намеры правесці ў партыі нейкае ачышчэнне лічу тупіковым шляхам. Змагацца за чысціню сваіх шэрагаў можна калі ты маеш вялікую партыю ў краіне, дзе нармальна працуюць палітычныя механізмы, — адзначае Аляксей Янукевіч. — Сёння трэба ставіць не на партыйную чыстку, а на аб’яднанне партыі. На маю думку, кожны чалавек, які вызнае нашы ідэалы і не выракаецца таго, каб лічыць сябе сябрам партыі БНФ — гэта каштоўны чалавек і вельмі недарэчна будзе ставіць перад ім такія ўмовы: сядзі і ні з кім больш не супрацоўнічай.

Заявы наконт вызначэння старшыні ў звязку з кандыдатам у прэзідэнты Аляксей Янукевіч таксама лічыць безадказнымі.

— На мой погляд нельга ставіць старшыню закладнікам асобы партыйнага кандыдата. Такі падыход абсалютна несур’езны, паколькі гэтыя людзі самі адкрыта кажуць, што партыя будзе далей удзельнічаць у працэдуры выбару адзінага кандыдата ад АДС. І не факт, што ім стане Баршчэўскі. Я ўвогуле лічу, што ўдзел у выбары АДСнага кандыдата — гэта хібная лінія, бо тая працэдура, якая прапаноўваецца, вельмі няпэўная, і я сумняваюся, што ў гэтым выпадку наш кандыдат можа мець нейкія шанцы. Дастаткова безадказна ў чарговы раз цягнуць партыю у такую латарэю. Мне здаецца, што праект кандыдацтва спадара Лявона Баршчэўскага, да якога я, дарэчы, з павагай стаўлюся, можна аказацца звычайнай спробай захаваць кантроль над партыяй у руках старой каманды.

На думку Аляксей Янукевіча, перш чым вылучаць партыйнага кандыдата, неабходна спачатку паспрабаваць змяніць выбарчае заканадаўства.

— На сённяшні момант застаюцца пэўныя шанцы, хоць і невялікія, змяніць умовы правядзення выбараў. І мы павінны іх скарыстаць. Сёння нам трэба сканцэнтравацца на тым, каб сфармуляваць гэтыя патрабаванні, а прымаць рашэнне аб удзеле ці няўдзеле ў выбарах і вызначыць кандыдата дарэчным будзе на пачатку наступнага года, калі нам ужо будуць вядомыя правілы гульні. Калі ж мы вылучаем кандыдата, гэта азначае, што мы ўжо уключаемся ў працэс і пазбаўляем сябе магчымасці ўплываць на ўмовы. Менш за ўсё мне б не хацелася, каб партыя ўдзельнічала ў якасці статыста ў чарговых выбарах без выбару і фактычна проста падмацавала легітымнасць цяперашніх уладаў сваім удзелам у іх сцэнарах.

У адрозненні ад апанента, Аляксей Янукевіч ў выпадку сваёй перамогі будзе прапаноўваць Віктару Івашкевічу пасаду намесніка.

— І я лічу, што для партыі будзе больш карысна, калі ён прыме гэтую прапанову. У выпадку, калі я не перамагу, я, зразумела, не збіраюся склікаць да расколу і не буду заклікаць людзей выходзіць з партыі. Але і на намесніка вылучацца не стану, паколькі мне не цікава займацца партыйнымі чысткамі і змаганнем за лідэрства ў апазіцыйнай рэзервацыі з камуністамі, сацыял-дэмакратамі ўсіх масцей і іншымі суб’ектамі вельмі рознай каштоўнаснай і геапалітычнай арыентацыі.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)