Скандалы
Алесь Пілецкі, «Наша Ніва»

У Ваўкавыску міліцыя канфіскавала шыльду ў памяць Ларысы Геніюш

У Ваўкавыску, 27 ліпеня, а 14-й пачалося святочнае мерапрыемства ў гонар 100-годдзя з дня нараджэння Ларысы Геніюш. На доме на вуліцы Перамогі, у якім яна нарадзілася, грамадскія актывісты збіраліся адкрыць мемарыяльную шыльду.

Але за некалькі хвілін да пачатку акцыі грамадскі актывіст, прадпрымальнік і краязнавец Мікалай Кавальчук быў затрыманы міліцыяй і адвезены ў пастарунак.

Сп. Кавальчук, у прыватнасці, адшукаў дом, дзе нарадзілася Ларыса Геніюш, і выявіў, што ён некалькі гадоў таму быў перанесены са Жлобаўцаў менавіта на гэту вуліцу.

Шыльда сарвана з будынка і таксама сканфіскавана. Міліцыя патлумачыла гэта тым, што Кавальчук незаконна ўсталяваў шыльду, але будынак той прыватны і з гаспадарамі было дасягнута дамоўленасць, дазволу ўладаў на тое не трэба.

Зараз вуліца Перамогі перакрыта супрацоўнікамі газавай службы, якія даводзяць, што «ёсць праблемы». Каля дома, дзе нарадзілася Ларыса Геніюш (Міклашэвіч) сабралася 30 чалавек, у тым ліку актывісты грамадскай кампаніі «Гавары праўду», якія актыўна падтрымліваюць мерапрыемствы ў гонар паэткі.

14:06: На ганку дома выступілі пісьменнікі Міхась Скобла, грамадскі дзеяч Анатоль Белы, лідэр кампаніі «Гавары праўду» Уладзімір Някляеў. Потым усе скіравалася да пастарунка міліцыі дабівацца вызвалення сп-ра Кавальчука.

14:46: У пастарунак пусцілі аднаго Уладзіміра Някляева, які праз пяць хвілін выйшаў адтуль з Мікалаем Кавальчуком. Апошні заначыў, што напісаў заяву ў міліцыю з нагоды канфіскацыі шыльды. Міліцыя, у сваю чаргу, заявіла, што шыльда будзе затрымана да суда, які высветліць, хто і з якой мэтай усталёўваў мемарыяльную дошку.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)