«У вас пачуццё, што за табой увесь час прыглядаюць»

Пасля прэс-тура журналістка тэлеканала СТБ распавяла нам, як іх пасялілі ў нумары за 180 даляраў і чым яе насмяшылі беларускія трактары

Дзясятак украінскіх журналістаў з Кіева тры дні знаходзіліся з прэс-турам у Беларусі. Па якім прынцыпе адбіралі СМІ – незразумела, гэта быў выбар Амбасады Беларусі ў Украіне. Патрапілі і недзяржаўныя, і дзяржаўныя СМІ.

Журналісты ні за што не плацілі. Жылі ў гатэлі “Вікторыя”, у аднамесных нумарах коштам 180 даляраў за суткі, харчаваліся ў рэстаранах, 140 даляраў за квіткі туды сюды аплацілі.

Пасля прэс-тура журналістка незалежнага тэлеканала СТБ Яўгенія Мотрыч распавяла «Еўрарадыё» свае ўражанні. У Беларусі яна пабачыла завод МАЗ, Нясвіжскі замак, агракамбінат “Сноў”, цэнтр трансплантацыі органаў, Мінск-арэну, Нацыянальную бібліятэку.

У падобным нумары гатэля "Вікторыя" жыла Яўгенія і астатнія госці з Украіны

Мэту прэс-тура Яўгеніі не тлумачылі, але яна фармулюе яе сама.

Яўгенія Мотрыч: “Мэта, як я зразумела, была – паказаць, якая ёсць насамрэч Беларусь. Але як на мяне, усё было вельмі “паказушна”. Не тое, каб зусім ужо “пацёмкінская вёска”... Што мне паказваюць – я гэта бачу. Але маю сваю думку”.

– Ці быў нейкі інструктаж для журналістаў?

– Не было і не магло быць, напэўна. Яны разумелі, што мы – не мясцовыя СМІ. А калі б і быў які інструктаж – і што мне з гэтага?..

Тым не менш, кажа Яўгенія, праграма была вельмі шчыльная і прадуманая – у тым плане, што цяжка было знайсці час, каб пабачыць ці зняць нешта “незапланаванае”:

– Мы намагаліся, апроч таго, што нам паказвалі, здымаць і нешта сваё. Не ўсё нам удавалася, але намагаліся… Я думаю, што прынамсі мае сюжэты будуць аб’ектыўныя… Пагаварылі з украінскімі хакеістамі, якія прыехалі сюды працаваць. Пагаварылі з некаторымі эканамічнымі экспертамі, здымалі людзей на вуліцы, пабачылі кошты…

Пра эканамічную сітуацыю ў Беларусі ўкраінцы начутыя:

– Я так зразумела, што тое, што паказваюць па вашаму беларускаму тэлебачанню – гэта троху прыкрашана….

У Нясвіжскім замку журналістка, апроч прагляду асноўнай экскурсіі, паспела пагутарыць і з новым дырэктарам замка. Яна задавала яму пытанні наконт аднаўлення замка – чаму быў разбураны цэлы корпус, чаму зруйнавалі стары мост, знішчылі старую ляпніну – пра гэта Яўгенія знайшла дастаткова ў інтэрнэце, рыхтуючыся да паездкі.

– Пагутарылі з дырэктарам Нясвіжскага замка. І ўсяму дрэннаму – руйнаванню будынка, руйнаванню маста – ён знайшоў тлумачэнне. Мусіць пажарная машына праехаць па мосце ў замак – па пажарнай бяспецы. Па старому не можа праехаць – значыцца, трэба новы збудаваць, – паведаміла Яўгенія Мотрыч.

Такім пабачылі Нясвіжскі замак украінскія журналісты

У клініцы, дзе трансплантуюць органы, украінскую журналістку зацікавіла незвычайная для іх асаблівасць – трансплантацыя органаў ад памерлых людзей:

– У гэтай клініцы нам паказалі цікавую рэч: у іх трансплантуюць органы ад мёртвых людзей. У нас гэта забаронена заканадаўствам – у вас дазволена. Таму ўкраінцы едуць да вас. Гэта цікава з выгляду нашай сітуацыі, бо ў нас быў скандал з “чорнай трансплантацыяй”.

Пра трактары “Беларусь” Яўгенія Мотрыч чула і дагэтуль, іх хапае ва Украіне. Але пабачанае ў Мінску журналістку ўразіла і насмяшыла:

– Дужа смяялася, калі пабачыла, што ў вас ёсць трактары на вуліцах, якія з міргалкамі – і якія займаюцца эвакуацыяй аўтамабіляў! Такое ўражанне, што накляпалі столькі трактароў, што ўжо выкарыстоўваюць іх і не па прызначэнню.

Якое агульнае ўражанне засталося ў незалежнай украінскай журналісткі ад афіцыйнага трохдзённага прэс-тура ў Беларусь?

– Напраўду, такое адчуванне, што за табою ўвесь час… Гэта маё суб’ектыўнае пачуццё – што за табою пастаянна наглядаюць, – паведаміла яна. – Магчыма, гэта мае стэрэатыпы – што я ведаю пра Беларусь, пра колькасць спецслужбаў…

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)