У Токіё беларускую мову вывучаюць 20 японцаў

Сіёры Кіясава прыехала з Токіё ў Мінск у мінулым годзе на стажыроўку ў БДУ. І за 11 месяцаў гэтак вывучыла беларускую мову, што свабодна гаворыць і нават чытае Барадуліна!

У Менску дзяўчына, апроч заняткаў у БДУ, наведвала бясплатныя гарадскія курсы беларускай мовы “Мова ці кава”. Што й натхніла Сіёры: па вяртанні ў Токіё яна супольна з беларускай Таццянай Цагельнік арганізавала нешта падобнае. Цяпер Сіёры зноўку ненадоўга прыехала ў Мінск і завітала на “Мову ці каву”.

Спачатку дзяўчаты думалі арганізаваць курсы для беларусаў, якія жывуць у Японіі. Паводле статыстыкі, у Японіі жыве каля 300 беларусаў. Першыя заняткі адбыліся 7 ліпеня. І на іх прыйшло шмат японцаў. Сярод іх як студэнты і магістранты, так і проста зацікаўленыя асобы. Ужо прайшло больш за 10 заняткаў.

Беларускую мову выкладае Таццяна, а Сіёры Кіясава дапамагае і займаецца арганізацыйнымі пытаннямі. У далейшым яна плануе сама выкладаць.

Пакуль дзяўчаты не звярталіся па падтрымку ў беларускае пасольства. Аднак Сіёры Кіясава сустракалася з аташэ пасольства Іллёй Пушкіным, яго такія курсы зацікавілі. Яна спадзяецца, што можна будзе зладзіць нейкае сумеснае мерапрыемства. Пры гэтым з прадстаўніком пасольства яна размаўляла на японскай мове. Беларускую… ён толькі вывучае.

Сіёры Кіясава таксама падзялілася, што ў Японіі ёсць даследчык беларускай літаратуры, які перакладаў вершы Рыгора Барадуліна, апавяданні Уладзіміра Караткевіча. Яшчэ адзін прафесар даследуе гісторыю Беларусі і таксама добра ведае беларускую мову.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)