Политика
Аліна Машкова

У спісах не пазначаныя

Каля 200 чалавек — родных, сяброў і тых, хто проста спачувае затрыманым удзельнікам акцыі на Кастрычніцкай плошчы, знаходзяцца зараз каля спецпрымальніка-размеркавальніка на Акрэсціна. Толькі што супрацоўнікі ўстановы паведамілі ім, што «сёння дакладна не будуць прымаць ніякіх перадач». У суботу і нядзелю таксама. Затрыманым давядзецца правесці гэтыя дні, як і чатыры папярэднія на плошчы, у жудасным холадзе без цёплых рэчаў і нармальнага харчавання.

Як паведаміла «Салідарнасці» Алена Лукашэвіч, у якой у спецпрымальніку знаходзіцца сын Антон Тарас, пакараны ўчора за «дробнае хуліганства», у спісах установы не пазначаныя прозвішчы не толькі тых, хто трапіў сюды ноччу, але і галоўнага рэдактара газеты «Наша ніва» Андрэя Дынько, якога пакаралі на 10 сутак адміністрацыйнага арышту яшчэ 22 сакавіка. Нягледзячы на тое, што па афіцыйным раскладзе ў спецпрымальніку сёння з 9.30 «прыёмны дзень», яго кіраўніцтва адмаўляецца сустракацца з тымі, хто вось ужо некалькі гадзін стаіць каля агароджы з надзеяй даведацца пра лёс блізкіх.

— Кожную ноч Антон стаяў ля намётаў на плошчы. Кожную раніцу я прыносіла яму ежу і гарачыя напоі і выводзіла з ачаплення па некалькі хлопцаў, каб яны маглі памыцца, пад'есці і зноў вярнуцца да ўдзельнікаў акцыі. Пэўна, намыліла вочы спецназаўцам, — распавядае Алена Лукашэвіч.

Учора раніцай супрацоўнікі праваахоўных органаў затрымалі журналістку і яе сына на вуліцы Інтэрнацыянальная. Дзве гадзіны яны правялі ў аўтобусе, пакуль за межамі плошчы не назбіралася 12 «парушальнікаў». Сярод іх была, да прыкладу, і студэнтка, якая проста прынесла сябрам гарбату. Ім загадалі адключыць мабільнікі, паклаўшы батарэю ў адну кішэню, а апарат у другую. Толькі пасля 14.00 стала вядома, што Алена Лукашэвіч і Антон Тарас знаходяцца ў спецпрымальніку-размеркавальніку на Акрэсціна. Справу Антона разгледзеў суд Ленінскага раёна, Алены — Кастрычніцкага. Сына пакаралі на 11 сутак адміністрацыйнага арышту, маці — штрафам памерам у дзве базавыя велічыні.

За апошнія 10 дзён, як паведамляе прэс-служба Беларускай асацыяцыі журналістаў, у Беларусі затрыманыя і прыцягнутыя да адміністратыўнай адказнасці 27 журналістаў. Сёння ўначы — Таццяна Снітко, Вадзім Казначэеў, Таццяна Ваніна і Арцём Лява. Не адказвае таксама мабільны тэлефон члена БАЖ, журналісткі Алены Андрэевай. Па інфармацыі БАЖ, сярод затрыманых мог апынуцца і канадскі журналіст Фрэдэрык Левуа, які па папярэдніх звестках, збіраўся дзяжурыць ноччу на плошчы.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)