Общество
Кацярына Ярмалаева, Еўрарадыё

У школе апячаталі разеткі, каб ніхто не змог зарадзіць свой мабільнік

Менавіта так дырэктар магілёўскай дзіцячай школы мастацтваў №1 Ніна Саленкіна вырашыла эканоміць электраэнэргію і тым самым прытрымлівацца энергазберагальнай Дырэктывы №3. Цяпер ужо нельга карыстацца электрычнымі чайнікамі і зараджаць мабільныя тэлефоны.

Ніна Саленкіна: У нас апячатаныя не ўсе разеткі, а толькі тыя, якія не задзейнічаны. Усе разеткі, патрэбныя для вучэбнага працэсу, працуюць. Чайнік на самай справе закіпяціць нельга: у нас ёсць сталоўка на першым паверсе. Справа ў тым, што мы хочам прааналізаваць сітуацыю: дасць нам гэта нешта ці не? Пасля ўжо будзем думаць, як нам далей працаваць па энергазберажэнні.

Ніна Саленкіна паабяцала Еўрарадыё расказаць праз тыдзень, колькі такім чынам змагла зэканоміць школа. Ніякіх перагібаў з энергазберажэннем яна не бачыць.

Ніна Саленкіна: Мы вырашылі стварыць такую меру, мабыць, нават у мэтах бяспекі. Каб дзеці пальчыкамі ці яшчэ якімі-небудзь прыладамі не змаглі зайсці ў сетку.

Намеснік начальніка аддзела адукацыі магілёўскага гарвыканкама адмовілася каментаваць гэту сітуацыю. На пытанні Еўрарадыё, ці можа яна дазволіць сабе на працоўным месцы карыстацца электрачайнікам альбо зарадзіць мабільны тэлефон, жанчына адказала своеасабліва.

Намеснік начальніка аддзела адукацыі: Я не магу сабе гэтага дазволіць, бо ў мяне няма вольнага часу.Мой працоўны дзень вельмі насычаны. Што датычыцца мабільнага тэлефона, я яго зараджаю дома і сачу за гэтым, бо не магу застацца без сувязі.

А вось у ідэалагічным аддзеле магілёўскага гарвыканкама без усялякіх перашкод можна карыстацца разеткай.

Ідэалагічны аддзел: А чаму не? Канешне, магу.

У начальніка прэс-цэнтра Камітэта энергазберажэння Жаны Зянькевіч мы спыталі, ці ведае яна пра такія выпадкі, калі б электраэнергію эканомілі так незвычайна, як у магілёўскай школе.

Жана Зянькевіч: Наадварот мы ўсім распавядаем і тлумачым, што энергазберажэнне — гэта не на шкоду сабе, адмаўленне ад нейкай камфортнасці, а гэта паляпшэнне дабрабыту народа і паляпшэнне ўласнай камфортнасці. Пра такія перагібы чую толькі ад вас.

У прыёмнай Камітэта энергазберажэння Еўрарадыё расказалі, што зарадзіць мабільнік можна ў любы момант, а вось папіць гарбаты толькі ў абедзенны перапынак.

У Міністэрстве энергетыкі, па словах адказнага за сувязь з прэсай Андрэя Жукава, чайнікі не забараняюцца. І адсочваць падзарадку мабільнікаў ніхто не дадумаўся.

Андрэй Жукаў: “Нават не ведаю. Гэта такое пытанне, якое не пракантралюеш”.

“У залежнасці ад спецыфікі ваеннай часці дазваляецца карыстацца мабільным і можна падзарадзіць яго без праблем. А вось чайнік зусім не патрэбны. У войску трохразовае харчаванне, таму сэнсу няма грэць сабе ваду ”, — так сказаў начальнік прэс-службы Міністэрства абароны Вячаслаў Раменчык.

Чыноўнікі , якія распрацоўваюць Дырэктывы нават і не ведаюць, да якіх абсурдных выпадкаў прыводзяць эксперыменты па яго выканні.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)