У сецiве збiраюць подпiсы, каб зрабіць Дзяды непрацоўным днём

I даць людзям магчымасць ушанаваць продкаў.

«Дзяды – восеньскія дні памінання продкаў. У гэты час у большасці рэгіёнаў Беларусі людзі прыходзяць на могілкі, каб прыбраць іх і ўшанаваць памяць продкаў. Ад 1991 да 1996 года Дзяды былі непрацоўным днём. Гэта давала магчымасць грамадзянам Беларусі выканаць свой абавязак сумлення і памяці, ушанаваць продкаў, падбаць пра добраўпарадкаванне могілак, – паведамляецца ў  звароце. – У каталіцкай традыцыі 1 лістапада – Урачыстасць усіх святых, 2 лістапада – Дзень задушны, калі памінаюць усіх памерлых.

Штогод каталіцкія біскупы ў сваіх пасланнях нагадваюць вернікам (а такіх у Беларусі, па афіцыйных дадзеных, не менш за 1,4 мільёну, ці каля 15% насельніцтва, а ў Гродненскай вобласці – 60% насельніцтва) пра абавязак наведаць могілкі. Гэтую норму цяжка рэалізаваць у сучасных умовах адсутнасці непрацоўнага дню 1 ці 2 лістапада.

Праваслаўныя вернікі маюць свой дзень памяці продкаў – Радаўніцу, якая афіцыйна з’яўляецца выходным. Больш таго, кіраўніцтва дзяржавы для зручнасці грамадзян перад Радаўніцай пераносіць працоўныя дні, каб праваслаўным грамадзянам Беларусі было зручна выканаць свае абавязкі па прыборцы магілаў і ўшанаванню продкаў. Католікі, як і многія беларусы, што адзначаюць Дзяды 1 і 2 лістапада па старажытнай традыцыі, пазбаўлены такой магчымасці, што мае падставы гаварыць аб дыскрымінацыі дадзенай дэнамінацыі».

У мэтах дасягнення сацыяльнай справядлівасці ў грамадстве iнiцыятары звароту патрабуюць ад уладаў зрабіць 1 і 2 лістапада нерабочымі днямі ў Беларусі, пачынаючы з 2018 года. А таксама замацаваць гэта адпаведным нарматыўна-прававым актам.

Калектыўны зварот будзе накіраваны ў  Савет Міністраў i Адміністрацыю прэзідэнта.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)